Гвалт разліты навокал. І пра гэта трэба казаць!

Лізу згвалтавалі і забілі ў цэнтры Варшавы. Гэта злачынства не мае ні нацыянальнага складніка, ні геаграфічнай прывязкі. Такое адбываецца рэгулярна ў розных частках свету – недзе часцей, недзе радзей, але рэйтынгі тут недарэчныя. Немагчыма параўнаць нядаўняе групавое згвалтаванне і забойства пары іспанскіх турыстаў на Шры-Ланцы і дзесяцігоддзі злоўжыванняў і гвалту вядомага галівудскага прадзюсара Гарвi Ўайнстэйна ў дачыненні залежных ад яго акторак (і не толькі). Немагчыма, няма такой лінейкі. Гвалт разліты навокал.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты з далонямі ў чырвонай фарбе мітынгуюць за ратыфікацыю канвенцыі Рады Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з гвалтам у дачыненні жанчын ля будынку офісу прэзідэнта на вуліцы Банкавай у Кіеве, Украіна.
Фота: Ukrinform / East News

Здзіўляе колькасць людзей, здольных да каментарыяў кшталту «сама вінаватая». Маўляў, не трэба было хадзіць уначы п’янай па Варшаве. Калі крыху паскрэбці гэтую логіку, пад ёй хаваецца наўпроставы дазвол на здзяйсненне злачынства. Адкуль гэта?

«Калі б’е, дык кахае» – ёсць такі выраз. Жах сітуацыі ў тым, што (на ўмовах ананімнасці) падтрымае гэты тэзіс зусім не маргінальная колькасць грамадзянаў. Мяркую, нават заўважна больш за палову мужчынскага насельніцтва.

І падтрыманне вайны супраць Украіны часткай расейцаў, і зусім дрымучыя заявы беларускіх афіцыйных асобаў пра тое, што «галоўнае прызначэнне жанчыны – мацярынства» – гэта ўсё пра тое ж. Пра няроўнасць, а значыць, пра прымус, пра дазволены гвалт. Ці можна сказаць, што грамадства (агулам, не толькі ў нашай частцы свету) хворае? Безумоўна. Але гэтай хваробе добры дзясятак тысяч гадоў.

Хрысціянскі запавет (са Старога Запавету), гучыць так: «Не пажадай дому бліжняга твайго; не пажадай жонкі бліжняга твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсякага быдла ягонага, нічога, што ў бліжняга твайго». Калі не заплюшчваць вачэй, не займацца гуманістычнымі інтэрпрэтацыямі, дык ў ёй проста напісана, што жонка – уласнасць мужа. Куды ж ад гэтага падзецца?

У Індыі дагэтуль (не ведаю, ці ва ўсіх рэгіёнах) існуе практыка, пры якой жанчына, якая наважылася на развод, павінна пакінуць дом мужа, пакінуць яму дзяцей, без права вярнуцца ў дом бацькоў. Менавіта таму разводаў там усяго 1 %.

Таму, грамадства хворае, і хворае яно вельмі і вельмі даўно. Добрая навіна, што цяпер пра гэта можна гаварыць. І можна, і трэба.

Абмеркаванне гэтае можа не падабацца. Але яно неабходнае, калі мы хочам пабачыць іншы, больш бяспечны свет. Лічбы, якія прапаноўвае нам беларускае МУС пра зусім невялікую колькасць злачынстваў на сексуальнай глебе (і ўсе раскрытыя), не павінны нікога супакойваць. Гэта хлусня.

Больш за палову жанчын жывуць з перажытым досведам гвалту. З гэтым немагчыма было пайсці ні ў міліцыю, ні да псіхолага. Яны жывуць і нясуць у сабе гэтую траўму праз усё жыццё: і таму, што «сама вінаватая», і бо «што скажуць людзі?».

Такімі мы былі. Пад «мы» я маю на ўвазе і сябе, не выключаю.

Таму трэба казаць, і казаць як мага гучней. Гэта толькі першы крок, але ён у слушным кірунку, да больш бяспечнага грамадства для ўсіх.

Калі я думаю пра Лізу, пра тое, што ёй давялося перажыць, накатвае цемра. Гэта адбылося ў цэнтры еўрапейскага гораду, у краіне, дзе існуе дастатковая колькасць праграмаў, што прасоўваюць здаровыя людскія вартасці. Пра іх гавораць у дзіцячых садках і школах, у прэсе і тэлебачанні. Аднак гэта адбылося.

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 12:41

Але ёсць у мяне і надзея. Усё ж свет робіцца лепшым. Апошнія спальванні вядзьмарак на плошчах гарадоў асвечанай Еўропы былі некалькі стагоддзяў таму. Тады на іх збіраліся паглядзець натоўпы людзей – як на футбольныя матчы сёння. Цяпер так не прынята, перажылі.

Мажліва, і гэтую эпоху гвалту таксама перажывем, перарасцем. Хацелася б крыху хутчэй.

Светлая памяць.

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў