У менскім аэрапорце зменяць сістэму агляду пасажыраў


Нацыянальны аэрапорт «Менск» мяняе сістэмы агляду пасажыраў праз праблемы ў іх абслугоўванні ў выніку дзеяння санкцыяў «недружалюбнай краіны». Новыя сістэмы для надгляду пасажыраў паступяць з Кітаю ўжо праз месяц. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў у інтэрвʼю «Беларусь 1».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года. 
Фота: ІА / Белсат

«Была канкрэтная праблема з абслугоўваннем багажу ў аэрапорце, бо там стаіць пакуль яшчэ абсталяванне з недружалюбнай краіны. Калі яно ломіцца, узнікаюць сур’ёзныя цяжкасці ў абслугоўванні пасажыраў у аэрапорце. Кітайскія партнёры імгненна зрэагавалі і будуць пастаўляць абсталяванне ўжо кітайскай вытворчасці», – заявіў Мікалай Снапкоў.

Беларусь і Кітай ужо заключылі дамову аб тэхнічна-эканамічнай дапамозе. КНР перадасць два комплексы абсталявання для агляду пасажыраў для Нацыянальнага аэрапорту «Менск».

Таксама Снапкоў дадаў, што абсталяванне з Кітаю паступіць праз месяц. «Гэта значыць, фактычна гэта экстранная такая дапамога», – удакладніў ён.

Папярэдні інспекцыйна-надглядны комплекс у Нацыянальным аэрапорце «Менск» быў усталяваны ў 2019 годзе перад ІІ Еўрапейскімі гульнямі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў