news
Гісторыі
Хто такая Нікі Гэйлі, якая кінула выклік Трампу?
Яна нарадзілася ў сям’і мігрантаў, але здолела ажыццявіць амерыканскую мару.
07.02.202410:07

Яна нарадзілася ў сям’і мігрантаў, але здолела ажыццявіць амерыканскую мару. І цяпер змагаецца за пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў – найуплывовейшай краіны ў свеце, застаючыся адзінай канкурэнткай Доналда Трампа на праймерыз Рэспубліканскай партыі. Ад суперніка яна адрозніваецца ў тым ліку поглядамі на замежную палітыку. Хто такая Нікі Гэйлі – у матэрыяле «Белсату».

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Нікі Гэйлі махае натоўпу падчас агітацыйнага мерапрыемства. Чарлстан, Паўднёвая Караліна, ЗША. 4 лютага 2024 года.
Фота: Sean Rayford / AP Photo / East News

Дачка эмігрантаў з Індыі

Нікі Гэйлі нарадзілася ў 1972 годзе ў штаце Паўднёвая Караліна як Німарата Нікі Рандгава. Ейныя бацькі пераехалі ў ЗША за восем гадоў да таго з Індыі, з памежнага з Пакістанам штату Пэнджаб, атрымаўшы прапанову навучання ва ўніверсітэце Брытанскай Калумбіі. У Злучаных Штатах бацька будучага палітыка затым працаваў прафесарам біялогіі, а маці адкрыла свае крамы вопраткі.

Бацькі Гэйлі вызнавалі сікхізм – адну з этнічных рэлігіяў Індыі, якая ўзнікла і найбольш распаўсюджаная ў Пэнджабе. Сама Нікі (з пэнджабскай – «маленькая») таксама належала да гэтай канфесіі, але ў дваццаць пяць гадоў, ужо па шлюбе з вайскоўцам Майклам Гэйлі, перайшла ў хрысціянства, у Метадысцкую царкву. У пары двое поўнагадовых дзяцей.

Першая шмат у чым

Пасля сканчэння ўніверсітэту, дзе яна навучалася бухгалтэрыі і фінансам, Гэйлі спачатку папрацавала ў сямейным бізнесе, а затым актыўна ўцягнулася ў грамадскую працу ў складзе Нацыянальнай асацыяцыі жанчын-бізнесовак.

У 2004 годзе яна выйграла свае першыя выбары, стаўшы дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў роднага штату. Яна была першай асобай індыйскага паходжання, што заняла афіцыйную пасаду ў Паўднёвай Караліне. Належачы да Рэспубліканскай партыі, яна разам з тым прызнавалася: на палітычную кар’еру яе натхніла прадстаўніца канкурэнтаў-дэмакратаў – Гілары Клінтан.

Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Нікі Гэйлі паціскае рукі прыхільнікам падчас агітацыйнай імпрэзы. Чарлстан, Паўднёвая Караліна, ЗША. 4 лютага 2024 года.
Фота: Sean Rayford / AP Photo / East News

У сваёй палітыцы Гэйлі выступала з кансерватыўных пазіцыяў. У якасці дэпутаткі яна актыўна змагалася супраць павышэння падаткаў у штаце, за што атрымала званні «героя» і «сябра» падаткаплатнікаў, а таксама выступала супраць абортаў і незаконнай эміграцыі.

Пасля двух дэпутацкіх тэрмінаў Гэйлі ў 2010 годзе выставіла кандыдатуру на губернатарскія выбары і выйграла іх, стаўшы за ўсю гісторыю трэцім нябелым губернатарам ва ўсіх паўднёвых штатах. У 2014 годзе яна была пераабраная на гэтую пасаду. А ў 2016-м часопіс «Time» уключыў яе ў спіс 100 найуплывовейшых асобаў у свеце.

Пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Доналда Трампа Гэйлі ў 2017-м датэрмінова сышла са сваёй пасады, каб стаць амбасадаркай ЗША ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гэтак яна зрабілася першай асобай індыйскага паходжання, якая заняла пасаду ў дзяржаўнай адміністрацыі ЗША.

«На працягу першага года ў адміністрацыі Гэйлі працавала фактычна ценявым дзяржсакратаром, валодаючы большым уплывам, чым чалавек, які займаў гэтую пасаду, Рэкс Тылерсан, і заваяваўшы давер прэзідэнта Трампа рашучай абаронай ягонай палітыкі ва ўстанове, напоўненай замежнымі чыноўнікамі, варожымі ягонаму светапогляду, нават калі яго часам раздражнялі ейныя амбіцыі», – пісала «The Washington Post» 9 кастрычніка 2018 года, калі стала вядома пра адстаўку Гэйлі.

На сваёй пасадзе яна запомнілася, сярод іншага, рэзкай крытыкай уладаў Расеі, Ірану, КНДР, Кітаю і падтрыманнем Ізраілю.

Былыя губернатары і чыноўнікі назіраюць за губернатаркай Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі, якая падпісвае законапраект у Дзяржаўным доме ў Калумбіі, Паўднёвая Караліна, ЗША.
Фота: John Bazemore / AP Photo / East News

Пасля сыходу з пасады Гэйлі паспела год папрацаваць у радзе дырэктараў «Boeing». Пры гэтым яна таксама заснавала групу «Стаім за Амерыку!», якая займалася прасоўваннем рэспубліканскіх ідэяў і кандыдатаў на выбарах.

Прэзідэнцкая гонка

Чуткі пра тое, што Гэйлі можа стаць кандыдаткай у віцэ-прэзідэнты ЗША, хадзілі яшчэ перад выбарамі 2012 і 2016 гадоў. Таксама меркавалася, што яна разглядала працу амбасадаркай у ААН як падрыхтоўку да сваёй прэзідэнцкай кампаніі. І вось, 14 лютага 2023 года 51-гадовая палітык абвясціла пра намер балатавацца ў прэзідэнты ЗША.

«Левыя сацыялісты хочуць скарыстацца магчымасцю, каб перапісаць нашую гісторыю. Кітай і Расея наступаюць. Яны думаюць, што нас можна запужаць і біць. Але яны павінны ведаць пра мяне, што я не саступаю хуліганам. І калі біць у адказ, то ім будзе больш балюча, калі ты на абцасах», – адзначыла сярод іншага Гэйлі ў сваім перадвыбарчым роліку.

Беларусь, Украіна, Расея, Ізраіль і Кітай

У адрозненне ад ізаляцыяніста Трампа, Гэйлі выступае за актыўную замежную палітыку. І крытыкуе за супрацьлеглае Трампа, у якога, паводле яе, узнікае «слабасць у каленях, калі гаворка ідзе пра Украіну». Яна абяцае падтрымліваць амерыканскую вайсковую дапамогу Украіне ў яе вайне супраць Расеі. Паводле Гэйлі, гэта жыццёва важна для самых Злучаных Штатаў, у тым ліку для перадухілення далейшых уварванняў Расеі ці Кітаю ў іншыя краіны, што можа справакаваць сусветную вайну.

«Расейска-ўкраінская вайна не з прычыны Украіны; вядзецца пра свабоду – і гэта вайна, якую мы павінны выйграць», – казала Гэйлі ў лютым 2023 года, падкрэсліваючы, што Украіне патрэбныя «не грошы, а зброя».

Гэйлі таксама заяўляла, што адміністрацыя Джо Байдэна «падбадзёрыла» Уладзіміра Пуціна ўварвацца ва Украіну, вывеўшы амерыканскія войскі з Афганістану. А «слабасць і некампетэнтнасць» прэзідэнта ЗША нібы сталі прычынай нападу на Ізраіль.

На думку палітыка, ЗША павінны падтрымліваць Ізраіль усім неабходным, каб «знішчыць «Хамас», а не аслабіць яго». Гэта, заявіла Гэйлі, «найлепшы спосаб выратаваць людзей у Газе».

Людзі фатаграфуюць кандыдатку ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі і былую амбасадарку ў ААН Нікі Гэйлі. Чарлстан, Паўднёвая Караліна, ЗША. 4 лютага 2024 года.
Фота: Allison Joyce / AFP / East News

Сярод варожых ЗША краінаў яна назвала таксама Беларусь, Пакістан, Кубу, Зімбабвэ і іншыя падобныя рэжымы, патрабуючы скараціць дапамогу, якую аказвае ім Вашынгтон.

«Амерыканскія падаткаплатнікі надалей даюць грошы камуністычнаму Кітаю на смешныя экалагічныя праграмы, нягледзячы на відавочную пагрозу, якую Кітай уяўляе для амерыканцаў. Мы даем грошы Беларусі, якая ёсць найбліжэйшым саюзнікам расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. Мы нават даем грошы камуністычнай Кубе – краіне, якую наш уласны ўрад прызнаў дзяржавай-спонсарам тэрарызму», – пісала яна ў «New York Post» год таму.

У прыватнасці, паводле Гэйлі, за 2022 год ЗША далі 32 мільёны долараў Беларусі – «галоўнаму чырлідару Расеі».

Але галоўнай пагрозай для ЗША, кажа яна, усё ж застаецца Кітай.

Гэйлі vs. Трамп: ад супрацы да канкурэнцыі

Пачынаючы сваю перадвыбарчую кампанію, Гэйлі не мела вялікага падтрымання ў выбарцаў-рэспубліканцаў, галасы якіх ёй трэба здабыць, каб стаць кандыдаткай у прэзідэнты. Але паступова яе падтрыманне расло, а 21 студзеня 2024 года, пасля сыходу астатніх канкурэнтаў, экс-губернатарка Паўднёвай Караліны засталася адзінай суперніцай Трампа на рэспубліканскіх праймерыз. Аднак перамога пакуль ад яе далёкая: яе гатовыя падтрымаць толькі каля 20 % рэспубліканцаў, а экс-прэзідэнта – каля 80 %. Аднак у Трампа ў багажы ёсць патэнцыйнае зняцце з прычыны крымінальнага пераследу паводле цэлага шэрагу справаў. І тады Гэйлі можа застацца адзіным кандыдатам ад рэспубліканцаў і скласці канкурэнцыю ўжо дзейнаму прэзідэнту Байдэну.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і амбасадар ЗША ў ААН Нікі Гэйлі сустрэліся ў Белым доме, каб абвесціць аб адстаўцы Нікі Гэйлі. 9 кастрычніка 2018 года. Вашынгтон, акруга Калумбія, ЗША.
Фота: Erin Scott / Polaris / East News

Раней выказваліся меркаванні, што сваім актыўным удзелам у праймерыз Гэйлі спрабуе замацаваць за сабой пасаду віцэ-прэзідэнта ў кампаніі Трампа. Аднак 19 студзеня 2024 года сама экс-губэрнатарка заявіла, што не разглядае варыянту «быць чыім-небудзь віцэ-прэзідэнтам». Дый і Трамп сказаў, што «верагодна… яе не выберуць віцэ-прэзідэнтам».

Агулам у палітыкаў складаныя стасункі. Гэйлі крытыкавала Трампа яшчэ падчас выбараў 2016 года, кажучы, што «гэта не той, каго мы хочам у якасці прэзідэнта» і падтрымліваючы іншых прэтэндэнтаў. Але ў выніку пагадзілася прагаласаваць за яго і нават пайшла працаваць у ягоную адміністрацыю. Пасля сыходу з пасады амбасадаркі яна працягвала падтрымліваць ягоную адміністрацыю, называла Трампа «сябрам» і не збіралася «прасіць прабачэння» за працу з ім. Не падтрымліваючы экс-прэзідэнта падчас штурму Белага дому, яна тым не менш раскрытыкавала спробу імпічменту яму за гэта.

У лютым 2021 года яна пісала ў «Wall Street Journal»:

«Большасць асноўных палітык спадара Трампа былі выбітнымі і зрабілі Амерыку мацнейшай, бяспечнейшай і квітнеючай. Шмат якія з ягоных дзеянняў пасля выбараў былі няправільныя».

Гэйлі казала, што не будзе сама ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, калі сваю кандыдатуру выставіць Трамп. І абяцала падтрымаць яго, калі экс-прэзідэнта зноў намінуе Рэспубліканская партыя, хоць і заяўляла, што людзі за яго не прагаласуюць. Ужо падчас выбарчай кампаніі Гэйлі адзначала, што была б «схільная» памілаваць Трампа, калі суд прызнае яго вінаватым.

Вынікі рэспубліканскіх праймерыз будуць агучаныя 15 ліпеня. А прэзідэнцкія выбары маюць адбыцца 5 лістапада.

Каментар
Украінскі палітолаг: У Крамлі ўпэўненыя, што перамога Трампа прывядзе да палярызацыі амерыканскага грамадства
2024.01.21 08:33

Макар Мыш belsat.eu