Сілавікі затрымалі трэнера футбольнага клуба «Дынама Менск U17» Артура Мустыгіна. З ім запісалі «пакаяннае» відэа і выклалі на блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале.
На відэа Артура Мустыгіна прымусілі казаць, што ён удзельнічаў у адным з мітынгаў 2020 года, выходзіў на праезную частку і адпраўляў інфармацыю ў чат-бот «дэструктыўнага канала». Таксама сілавікі паказалі фота футбольнага трэнера з акцыі пратэста.
Па якім артыкуле затрыманы трэнер і дзе ён зараз знаходзіцца – не паведамляецца, хоць у апісанні да відэа аўтары канала згадваюць грубае парушэнне грамадскага парадку – гэта артыкул 342 КК.
Артур Мустыгін – унук легендарнага форварда «Дынама Менск», трэнера Міхаіла Мустыгіна. У 2007 годзе Артур Мустыгін быў галоўным трэнерам каманды «Дынама Менск», паводле звестак на сайце футбольнага клуба.
Алена Рувіна belsat.eu