Папа Рымскі Францішак прызнаў 4 верасня, што дрэнна сфармуляваў свае нядаўнія думкі пра Расею, якія ва Украіне расцанілі як пахвалу імперыялізму. Пра гэта ён заявіў журналістам на борце самалёта, вяртаючыся з візіту ў Манголію, перадае Reuters.
«Я не думаў пра імперыялізм, калі казаў гэта», – заявіў Францішак пра свае каментары адносна Расеі.
Паводле пантыфіка, кажучы пра вялікую Расею, ён «меў на ўвазе не столькі геаграфію, колькі культуру». Францішак прызнаўся, што Фёдар Дастаеўскі – адзін з ягоных улюбёных аўтараў. Але, дадаў ён, гэта быў не найлепшы спосаб выказацца.
«Гэта быў спантанны каментар, які прыйшоў мне на розум, бо я вывучаў яе [расейскую гісторыю] у школе», – тлумачыў ён, чаму згадаў Пятра І і Кацярыну ІІ.
На думку пантыфіка, расейскай культуры не трэба скасоўваць, хоць «у Расеі былі змрочныя палітычныя гады, але спадчына ёсць, яна даступная ўсім».
25 жніўня Папа Францішак падчас тэлемосту звярнуўся да расейскай каталіцкай моладзі, што сабралася ў адным з касцёлаў Санкт-Пецярбургу:
«Вы спадкаемцы вялікай Расеі – вялікай Расеі святых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі – вялікай, асвечанай, [краіны] вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны, вы спадчыннікі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым».
Аднак гэтыя заявы са станоўчаю згадкаю Расейскай імперыі ды яе кіраўнікоў, даволі спрэчных для жыхароў Усходняй Еўропы, выклікалі крытыку ў бок Папы.
«Вельмі сумна, што расейскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія ўласна і ёсць прычынаю хранічнай агрэсіўнасці Расеі, свядома ці неўсвядомлена, гучаць з вуснаў Папы Рымскага, місія якога, у нашым разуменні, складаецца менавіта ў тым, каб расплюшчыць вочы расейскай моладзі на дэструктыўны курс цяперашняга кіраўніцтва РФ», – падкрэсліў прэс-сакратар украінскага МЗС Алег Ніколенка.
Свае заявы зрабілі і лідары ўкраінскіх каталікоў.
Якуб Хруст belsat.eu