Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах у інтэрв’ю CNBC-TV18 заявіў, што беларускім і расейскім спартоўцам, якія не падтрымліваюць вайны, варта дазволіць удзел у Алімпійскіх гульнях. МАК дасюль не прыняў рашэння пра допуск беларусаў і расейцаў на Гульні 2024 года ў Парыжы.
Томас Бах заявіў, што рашэнне пра ўдзел у Алімпіядзе прадстаўнікоў Беларусі і Расеі наўрад ці прымуць «за найбліжэйшыя некалькі дзён». І ў любым выпадку яны будуць выступаць без «камандаў, гімнаў, кветак» ці якойсьці іншай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Але кіраўнік МАК выступіў за тое, каб дазволіць выступы ў якасці індывідуальных і нейтральных атлетаў тым, хто не падтрымлівае вайны і не звязаны з сілавымі ведамствамі ў Расеі ці Беларусі. Паводле Баха, такая сістэма ўжо склалася на міжнародных спаборніцтвах, і яна не парушае правоў чалавека, але карае ўлады:
«З аднаго боку, у нас расейскі ўрад, які хоча, каб мы ігнаравалі ўвесь свет. З другога – украінскі ўрад, які кажа, што трэба цалкам ізаляваць усіх з расейскім пашпартам, а гэта немагчыма з улікам нашых каштоўнасцяў. Гэта немагчыма з улікам правоў чалавека. Гэта немагчыма з улікам Алімпійскай хартыі. І таму мы прыйшлі да гэтай формулы: абараняць правы чалавека індывідуальных спартоўцаў, але караць расейскую дзяржаву, улады за парушэнне Алімпійскай хартыі».
Нягледзячы на тое, што МАК упарта намагаецца дапамагчы спартоўцам Расеі і Беларусі хутчэй вярнуцца на міжнародную арэну, у адказ, у прыватнасці ад расейскіх чыноўнікаў, атрымлівае толькі абразы.
Гэтак, намеснік старшыні ўраду Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Чарнышэнка агрэсіўна выказаўся адносна сітуацыі: «Заява кіраўніка МАК не стала для нас нечаканасцю. Ягоная структура з арганізацыі, што адстойвае інтарэсы спартоўцаў, пераўтварылася ў абʼяднанне, дзе квітнее герантакратыя і манаполія абраных нацыяў».
Якуб Хруст belsat.eu