Горш толькі ў Кыргызстане. Беларусь перадапошняя ў ЕАЭС паводле ўзроўню заробкаў


Еўразійская эканамічная камісія прадставіла статыстыку сярэдніх заробкаў у сваіх краінах-чальцах у 2023 годзе. Беларусь знаходзіцца сярод аўтсайдараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сярод пяці краінаў ЕАЭС найбольш сярэдні заробак у студзені–чэрвені 2023 года быў у Расеі – 915 долараў. На другім месцы былі Казахстан (780 долараў) і Арменія (671 долараў). Беларусь з 633 доларамі была перадапошняй, абганяючы паводле гэтага паказніка толькі Кыргызстан, дзе ў сярэднім жыхары атрымлівалі 367 долараў.

Але той самы Кыргызстан абганяў Беларусь паводле такога паказніка як тэмпы росту сярэднямесячнага рэальнага заробку. Калі ў Кыргызстане гэты паказнік склаў 114,6 %, то ў Беларусі – толькі 107,4 %. Паводле тэмпаў росту сярэдняга рэальнага заробку нашая краіна саступіла таксама Арменіі (114,7 %), але абагнала Расею (106,8 %) і Казахстан (100,2 %).

Hавiны
Улады паабяцалі сярэдні заробак у 2 тысячы рублёў, шпаркі рост эканомікі і рэкордны дэфіцыт бюджэту
2023.08.29 14:36

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб падвышэнні пенсіяў у сярэднім на 5 %, а 18 жніўня ўрад пастанавіў павялічыць з 228 да 235 рублёў памер базавай стаўкі, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў.

Навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль у каментары «Белсату» адзначыў, што базавую стаўку звычайна павышаюць, калі інфляцыя сягае вышэй за 5 %. Пры гэтым статыстыка Белстату пра такі рост цэнаў не сведчыць.

«Ва ўмовах дырэктыўнага рэгулявання цэнаў на харчы, што фармуюць асноўную частку індэксу спажывецкіх цэнаў, урад Лукашэнкі выкарыстоўвае індэксацыю дзеля раздачы грошай насельніцтву і спробы чарговы раз прадаць стабільнасць ад Лукашэнкі. Перад гэтак званымі выбарамі ў гэтак званы парламент зноў пачуем пра «пяцьсот» у нейкай форме – усё тое, што ўжо неаднаразова праходзілі», – упэўнены эканаміст.

Ён сказаў, што для цяперашніх уладаў важна, каб прыбыткі раслі хутчэй за курс валютаў.

«Ім трэба, каб ва ўмовах дэдаларызацыі эканомікі Беларусі і ейнай юанізацыі намінальныя прыбыткі насельніцтва раслі хутчэй за курс замежных валютаў. Адсюль і індэксацыя, якая не пацвярджаецца ростам цэнаў паводле афіцыйнай статыстыкі», – растлумачыў эксперт.

Каментар
«Спроба прадаць стабільнасць». Эканаміст – пра павышэнне заробкаў бюджэтнікаў і пенсіяў
2023.08.31 14:09

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў