Беларускамоўныя школы зачыняюць, а ўлады кажуць, што ўсё «аптымістычна»


Толькі каля 10 % школьнікаў у Беларусі вучацца на беларускай мове, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1». Ён назваў сітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй «аптымістычнай», хаця ў гэтым няма нічога пазітыўнага, лічыць прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык. У вёсках беларускамоўныя школы зачыняюць, а ў вялікіх гарадах іх увогуле амаль не існуе. Як быць і што можна рабіць бацькам для вывучэння роднай мовы, распавяла «Белсату» Аліна Коўшык.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Са словаў міністра адукацыі Андрэя Іванца, 40 % школаў у Беларусі – беларускамоўныя. «Напэўна, нехта скажа, што вельмі вялікая лічба і нешта тут не так. Так, калі казаць аб колькасці дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40 % школаў, – гэта каля 10 %. Чаму? Таму што гэта пераважна вясковыя школы, у якіх традыцыйна праходзіць навучанне на беларускай мове», – сказаў Іванец.

Таксама ён адзначыў, што сёння прыкладна кожны пяты выпускнік школы пры здачы экзамену па дзяржаўнай мове выбірае беларускую.

Ці здавальняльныя гэтыя лічбы?

«Я не ведаю, як можна назваць аптымістычнымі паказнікі, якія застаюцца нязменнымі ўжо шмат гадоў. Гэта, у прынцыпе, сталая лічба, што 10 % беларускіх дзяцей быццам бы навучаюцца на беларускай мове», – кажа Аліна Коўшык.

Аднак калі прыгледзецца да гэтай лічбы, то гэта дзеці, якія навучаюцца ў маленькіх, найчасцей вясковых школах. Колькасць такіх школаў імкліва скарачаецца: толькі ў гэтым годзе былі зачыненыя 100 вясковых школаў, бо ў сельскай мясцовасці змяншаецца колькасць дзяцей.

Калі бацькі хочуць запісаць свае дзіцё ў беларускамоўны клас у вялікім горадзе – у Менску ці Горадні, – то гэта амаль немагчыма, кажа Коўшык. Бацькі нават часам баяцца запісваць дзяцей у беларускія класы, бо гэта можа выклікаць да іх хвалю цікавасці, якая можа прывесці да рэпрэсіяў.

«Давайце глядзець праўдзе ў вочы: у Беларусі дзеці не вучацца на беларускай мове. Гэты адсотак мізэрны, які не дае рэальнага навучання на мове, рэальных ведаў для дзяцей», – дадае прадстаўніца Пераходнага кабінету.

Тое, што дзеці здаюць беларускую мову на дзяржаўных экзаменах, Аліна Коўшык лічыць добрым паказнікам, які толькі пацвярджае, што родная мова заўсёды лягчэйшая да навучання, і гэта галоўная матывацыя дзяцей. «Я веру, што ў Новай Беларусі, калі мы правядзем рэформу адукацыі, родная мова сапраўды стане мовай навучання», – дадае яна.

Яшчэ адным значным паказнікам з’яўляецца тое, што цяпер у Беларусі немагчыма працягваць навучанне пасля сярэдняй школы па-беларуску. У нас няма ніводнага ўніверсітэту, у якім навучаюцца цалкам па-беларуску, калі не браць пад увагу беларускамоўныя спецыяльнасці, такія, як філалогія ці гісторыя.

Hавiны
Ці вучаць па-беларуску ў беларускамоўных школах?
2021.09.07 19:37

Як можна аднавіць навучанне па-беларуску?

Дзеля таго, каб матываваць бацькоў у навучанні іхных дзяцей па-беларуску, трэба ім распавесці, што беларуская мова будзе запатрабавана ў кар’еры іх дзяцей, лічыць Аліна Коўшык і дадае, што ў Пераходным кабінеце ўжо робяцца пэўныя крокі:

«Зараз мы рыхтуем канцэпцыю Беларускага навукова-даследчага ўніверсітэту, і мы перакананыя, што менавіта беларуская мова разам з ангельскай будзе адчыняць дзверы да кар’еры. Таму важным прынцыпам развіцця беларускамоўнай адукацыі будзе стварэнне яе поўнай сістэмы: ад дзіцячых садочкаў да ўніверсітэту і далей да абароны доктарскай дысертацыі. Гэтым мы зараз займаемся, рыхтуючы дарожныя мапы па змене беларускамоўнай адукацыі».

Пакуль жа трэба выхоўваць у сваіх дзяцей любоў і павагу да роднай мовы. Коўшык раіць хаця б гадзіну ў дзень размаўляць паміж сабой па-беларуску, калі складана перайсці цалкам, бо «сям’я – гэта самае бяспечнае асяроддзе дзеля гэтага». Можна чытаць беларускія кніжкі сваім дзецям і спяваць ім калыханкі на беларускай мове. Да таго ёсць дастаткова цікавых рэсурсаў, якімі дзеці могуць карыстацца, напрыклад, на YouTube.

Тое, што бацькі хочуць выхоўваць сваіх дзяцей па-беларуску, бачна і на прыкладзе беларусаў, якія з’ехалі.

«Гэта могуць быць невялічкія школы, мастацкія заняткі ці студыі, у якіх вядзецца навучанне на беларускай мове. Напрыклад, у пяці польскіх гарадах адчынілася сетка суботніх беларускіх школаў. У ёй можна навучацца онлайн, і туды ўжо запісаліся дзеці з 24 краінаў. Зараз робяцца спробы адчыніць падобныя школы ў Грузіі і Літве», – распавядае прадстаўніца Кабінету.

Нагадаем: у сярэдзіне 1990-х гадоў на хвалі нацыянальнага адраджэння колькасць устаноў адукацыі на беларускай мове складала палову, а перад развалам СССР – каля 22 %. Аднак пасля ў краіне пачалася русіфікацыя, і гэты адсотак рэзка ўпаў.

Гісторыі
Як жывуць беларускія школы за мяжою?
2022.06.08 16:05

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў