У Варшаве зладзяць беларускую музычную прэмію ў эміграцыі: «Uwaga!»


Першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі «Uwaga!» правядуць 13 красавіка ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna». Распыталі суарганізатара, што будзе на прэміі і навошта яна беларусам.

Афіша музычнай прэміі «Uwaga!»
Афіша музычнай прэміі «Uwaga!».
Выява: Relivent.eu

Квіткі ўжо ў продажы, цана – ад 50 злотых, купіць можна тут. Пачатак імпрэзы – у 19:00, дзверы адчыняць а 18-й. Запланавалі вялікую музычную праграму і сюрпрызы. Спецыяльнымі гасцямі з акустычнымі праграмамі будуць Юрый Стыльскі (лідар гурта «Дай дарогу!»), Алесь Францішак-Мышкевіч (лідар «The Superbullz») і гурт «Atesta». На «afterparty» будзе Сяргей Пукст. Вядоўцы прэміі – прадзюсар Віталь Броўка і радыёвядоўца, суагранізатарка прэміі Марына Савіцкая.

Навошта наогул рабіць «эмігранцкую» музычную прэмію? Суарганізатар прэміі, былы дырэктар менскага паба «Графіці» Аляксей Ажогін адказвае: перадусім гэта ўвага (што адлюстравана ў назве) і павага да музыкаў, арганізатараў канцэртаў і дабрачынных імпрэзаў.

«Такога няма – вось мы і вырашылі зрабіць такую першую прэмію, каб адзначыць тое, што яны робяць, сказаць ім „дзякуй“ за гэта, – тлумачыць Ажогін. – Бо ў эміграцыі ўсё складана – самі ведаеце. Гэта каб падтрымаць музыкаў, але і гледачам, я думаю, будзе таксама цікава».

Пакуль гэта прэмія для беларускай сцэны ў Польшчы і Варшаве ў прыватнасці. Прэмія, кажа Ажогін, яшчэ маленькая, яе робяць два чалавекі без інвестараў і на голым энтузіязме. Але ў наступным годзе, спадзяецца ён, пашырыцца і каманда, і склад удзельнікаў, бо беларускія музыкі-эмігранты цяпер жывуць не толькі ў Польшчы і не толькі ў Еўропе.

Пераможцаў будзе вызначаць вялікае журы з музыкамі, музычнымі журналістамі і арганізатарамі імпрэзаў, таксама будзе народнае галасаванне. Імёны чальцоў журы пакуль не раскрываюць, бо тыя яшчэ галасуюць – арганізатары не хочуць, каб на іхны выбар маглі паўплываць. Але да ўручэння прэміі Ажогін абяцае ўсіх рассакрэціць.

Намінацыяў запланавалі аж 11, пакуль раскрылі дзве: «Адкрыццё або вяртанне года» і «Дабрачыннасць года». Намінантаў прапанавалі самі арганізатары – Ажогін і Савіцкая. Але журы зможа прапанаваць і свайго намінанта. Крытэры – каб чалавек быў у эміграцыі, не мог з’ехаць дадому і зрабіў нешта цікавае ў 2023 годзе.

На афішы сярод гасцей адны рокеры, хіба на «afterparty» заяўлены Пукст, які грае ва ўласным жанры. Ці не будзе і прэмія абмежаваная рокам? Суарганізатар запэўнівае: будуць розныя жанры, і поп-выканаўцы таксама. Ажогін прызнае, што рок – ягоная «прафесійная дэфармацыя», бо займаўся пераважна арганізацыяй рок-канцэртаў. Але сярод намінантаў пакуль не было хіба дыджэяў, і гэта можа змяніцца, бо ад журы яшчэ не прыйшлі ўсе адказы наконт таго, на каго звярнуць увагу.

Інтэрв’ю
Сяргей Пукст – пра эміграцыю, запатрабаванасць, постсавецкасць і гідкае альтэр-эга. Вялікае інтэрв’ю
2024.03.07 09:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў