МЗС Расеі распавёў, ці будзе ў Беларусі размешчаная стратэгічная ядравая зброя


Афіцыйнаму прадстаўніку МЗС Расеі Марыі Захаравай падчас брыфінгу 5 красавіка журналістка задала пытанне, ці плануе РФ размясціць у Беларусі стратэгічную ядравую зброю, як пра тое казаў Лукашэнка падчас звароту 31 сакавіка.

Марыя Захарава.
Фота: Vladimir Gerdo/TASS

«Параметры развіцця беларуска-расейскага ўзаемадзеяння ў ваеннай ядравай сферы вось літаральна нядаўна вельмі падрабязна азначаныя прэзідэнтам Расеі. Таму да гэтай тэмы мне дадаць няма чаго», – адказала Захарава.

Прадстаўніца МЗС нагадала пра інтэрв’ю Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка, калі ён заявіў, што дамовіўся з Лукашэнкам размясціць на тэрыторыі менавіта тактычную ядравую зброю – пра стратэгічную гаворкі не было.

Адначасова Захарава зазначыла, што Беларусь і Расея будуюць у рамках Саюзнай дзяржавы адзіную абаронную прастору, і таму краіны «маюць права вырашаць любыя пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, якія ўзнікаюць у сувязі з абвастрэннем вонкавых пагрозаў» так, як гэта будзе найлепшым чынам адпавядаць інтарэсам абедзвюх краін.

«З лістапада 2021 года дзейнічае, як вы ведаеце, абноўленая ваенная дактрына нашага інтэграцыйнага аб’яднання з Менскам, у адпаведнасці з якой паступальна пашыраецца нашае ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Калі я кажу «нашае», вы разумееце, што гаворка ідзе пра нашае сумеснае. Магчымыя далейшыя крокі будзем строга сувымяраць з эвалюцыяй ваенна-стратэгічнай абстаноўкі», – сказала прадстаўніца МЗС.

Марыя Захарава запэўніла, што супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў ядравай галіне адпавядае патрабаванням міжнароднага права.

ВІДЭА
Ядравая зброя ў Беларусі пагоршыць сітуацыю Лукашэнкі. Інтэрв’ю з брытанскім палкоўнікам
2023.04.03 17:19

У пятніцу, 31 сакавіка, Лукашэнка падчас выступу з пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, заявіў, што ён аддаў загад аднавіць пускавыя пляцоўкі для мабільных комплексаў «Топаль-М», бо яны з Пуціным гатовыя вярнуць у Беларусь і стратэгічныя ядравыя сілы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў