Чаму ўлады Беларусі так і не стварылі карты беларуса і цяпер ваююць з картай паляка


Карта паляка – пасведчанне для замежнікаў польскага паходжання, што дае пэўныя прэферэнцыі пры паездках і пераездзе ў Польшчу. Грамадзяне Беларусі заўсёды былі лідарамі ў яе атрыманні. Але цяпер улады краіны фактычна абвясцілі вайну гэтаму дакументу. А яшчэ нядаўна самыя прапаноўвалі стварыць яго аналагі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Filip Blazejowski / Forum

Карта паляка дае асобам польскага паходжання шэраг прэферэнцыяў. Гэтак, яны атрымліваюць права на доўгатэрміновую нацыянальную візу, права працаваць і вучыцца ў Польшчы, атрымліваць бясплатную адукацыю, мець зніжкі на транспарт, музеі, пэўныя выплаты і іншыя правы неграмадзянскага характару. Паскараецца з яе дапамогай і працэс атрымання польскага грамадзянства.

Такія ініцыятывы ёсць і ў іншых суседніх краінах. Гэтак, у Літве ёсць праграма «Глабальная Літва», у Расеі – «Аб дзяржаўнай палітыцы Расейскай Федэрацыі ў адносінах суайчыннікаў за мяжой», а ва Украіне можна атрымаць статус замежнага ўкраінца. Але ў Беларусі нічога гэткага няма.

Тым не менш, да ідэі ўвядзення свайго варыянту карты паляка ўлады Беларусі звярталіся не раз. Гэтак, у 2018 годзе старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валерый Варанецкі прапанаваў увесці пасведчанне суайчынніка для выхадцаў з Беларусі, якія жывуць за мяжой, і іх нашчадкаў. Паводле яго, вялося не толькі пра дыяспару, але і пра тых, чые далёкія продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, хто мае беларускія карані. Дэпутаты прапаноўвалі надаць уладальніку пасведчання суайчынніка пэўныя прэферэнцыі, напрыклад, магчымасць заехаць у Беларусь без візы.

Праўда, Варанецкі раіў не параўноўваць пасведчанне суайчынніка з картай паляка ды іншымі такімі дакументамі:

«Ідэя закладзена іншая. Яна ў тым, каб умацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай». Дэпутат спадзяваўся, што «пазітыўныя пастановы наконт гэтага будуць прынятыя», але пра тэрміны сказаць не мог.

У сваю чаргу, прадстаўнікі дыяспары, хоць і віталі такі дакумент, але адзначалі: аднаго бязвізу недастаткова, «трэба нешта яшчэ. Можа, каб прасцей было прыехаць вучыцца ў Беларусь або працаваць…»

«Гэта не будзе, так бы мовіць, «шкурная» сувязь у выглядзе карты паляка – не падумайце, што нашчадкам нашых суайчыннікаў прапануюць ільготы ў працаўладкаванні, від на жыхарства, атрыманне адукацыі. У найлепшым выпадку – бясплатная віза. А рэшта, даруйце за грубы выраз, выключна духоўная сувязь», – іранізаваў тады на старонках «Белсату» паліткансультант Аляксандр Фядута, якога з 2021 года трымаюць у вязніцы.

Аднак нават у такім «духоўным» вымярэнні ідэя беларускага аналагу карты паляка не была зрэалізаваная. Тым не менш, улады працягвалі да яе звяртацца. Напрыклад, у верасні 2021 годзе дзяржаўная «Менская праўда» пісала, што карта беларуса – годны адказ карце паляка. На думку прапагандыстаў, яна была б «асабліва актуальная для беларусаў, якія жывуць у Беласточчыне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Filip Blazejowski / Forum

У жніўні 2022 года да гэтай ідэі звярнуўся нават сам Аляксандр Лукашэнка, які паабяцаў «усё рабіць, каб прыняць у нашую сям’ю беларускую самых прыстойных і добрых нашых суседзяў». Пасля чаго і ў МУС заявілі, што прапрацоўваюць магчымасць спрошчанага атрымання віду на жыхарства прадстаўнікамі краінаў Балтыі (Латвіі, Літвы, Эстоніі) і Польшчы з беларускімі каранямі. У прыватнасці, разглядалася магчымасць скараціць тэрміны ажыццяўлення гэтай адміністрацыйнай працэдуры да аднаго месяца.

«Гэта дасць магчымасць стварыць спрыяльнейшыя ўмовы для заезду, доўгатэрміновага побыту і інтэграцыі грамадзянаў гэтых краінаў», – казаў прадстаўнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Віталь Навумчык.

Але, ізноў жа, нічога з гэтага не было зроблена.

«Пагроза нацыянальнай бяспецы»

Замест гэтага ўлады сталі проста прымушаць грамадзянаў адмаўляцца ад карты паляка, пагражаючы рэпрэсіямі і звальненнямі. Было нават прынятае адпаведнае заканадаўства, каб беларусы самыя паведамлялі пра наяўнасць дакументу. А для тых, хто гэтага не зробіць, «цяпер прапрацоўваецца ўвядзенне пэўных захадаў».

Пацярпелі ад змагання з картай паляка і ўстановы, дзе вывучаюць польскую мову. Шмат з іх пасля міліцэйскіх рэйдаў былі зачыненыя.

Дайшло да таго, што кіраўнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун назваў карту паляка «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» і заявіў, што атрымоўваць яе – недапушчальна.

Пры гэтым беларусы – лідары ў атрыманні «карты паляка». За 2008–2021 гады грамадзянам нашай краіны выдалі 162 тысячы такіх дакументаў, або 46 % ад усіх. У 2022 годзе ўлады Польшчы чакалі, што толькі ў ваяводскія ўпраўленні будзе пададзена яшчэ каля 16 170 заяваў ад грамадзянаў Беларусі на атрыманне карты паляка. То бок сумарна паводле вынікаў 2023 года такі дакумент могуць мець каля 200 тысяч беларускіх грамадзянаў. І кожны такі выпадак улады краіны лічаць недапушчальным.

Няма пазітыву, а дыяспара варожая

У каментары «Белсату» рэдактар выдання «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка адзначыў, што стварэнне карты беларуса ці пасведчання замежніка прадугледжвае наяўнасць нейкіх пазітыўных стымулаў для прыцягнення замежнікаў. Але пасля 2020 года праектаў з пазітыўным зместам, скіраваных у будучыню, у лукашэнкаўскіх уладаў «у прынцыпе няма».

«З імі і да 2020 года было складана. А цяпер тым больш», – адзначыў аналітык.

Замест гэтага акцэнт робіцца на рэпрэсіі і стварэнне негатыўных стымулаў замест пазітыўных: «калі вы не будзеце рабіць таго, што мы хочам, мы вас пакараем». У гэты трэнд якраз укладаецца і змаганне з картай паляка, зазначае Мажэйка. Хоць, дадаў ён, улады Беларусі ніколі станоўча не ставіліся да яе і заяўлялі пра яе нібыта дыскрымінацыйны характар – «баяліся польскага ўплыву».

Каментар
Чаму ў Беларусі прызналі масавую эміграцыю – хвалююцца за дэмаграфію? Тлумачыць Карбалевіч
2024.01.19 19:28

Прычыны такога змагання аналітык бачыць у складанай дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі і ў масавай міграцыі з яе ў Польшчу людзей на падставе як палітычных, так і эканамічных чыннікаў.

«Праблема рэальна існуе. Іншая справа, што такія рэчы трэба вырашаць стварэннем нейкіх пазітыўных чыннікаў у сябе. Чагосьці такога, што будзе лепшым, чым у Польшчы. Каб беларусы хацелі быць у Беларусі», – сказаў Мажэйка.

Пры гэтым аналітык думае, што цяпер улады Беларусі не проста не ствараюць пазітыўных стымулаў, «а хочуць акурат адмежавацца ад беларускай дыяспары, бо добра пабачылі ў 2020 годзе, наколькі гэтая дыяспара зусім не пралукашэнкаўская, а наадварот».

У выніку прадстаўнікоў дыяспары пазбаўляюць выбарчых правоў, уводзяць абмежаванні з пашпартамі і даверанасцямі і гэтак далей.

«Беларусам за мяжой не тое што не выдаюць новых дакументаў накшталт карты беларуса, а наадварот, адмаўляюць ва ўсіх дакументах, уключна з беларускімі пашпартамі», – заявіў аналітык.

На ягоную думку, улады краіны наагул узялі курс на максімальнае аддзяленне ад дыяспары, «і ў такой сітуацыі было б дзіўна, калі б яны ўводзілі нейкі новы пазітыўны дакумент».

Агляд
Як рэжым спрабуе спаскудзіць жыццё беларусаў за мяжою. Што ўжо зроблена і што можа быць
2023.11.20 07:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў