Каспараў: «Ад таго, куды пойдзе Расея, залежыць будучыня XXI стагоддзя»


2022 год напэўна самы насычаны мерапрыемствамі расейскай апазіцыі. Толькі ў Вільні прайшло чатыры форумы, пад Варшавай быў «З’езд народных дэпутатаў», а ў Берліне – кангрэс антываенных ініцыятываў. Хутчэй за ўсё, гэты спіс не поўны, напэўна, былі і менш прыкметныя сустрэчы праціўнікаў Уладзіміра Пуціна і вайны ва Украіне, якія жывуць за мяжой. Але якая ад іх карысць? Суарганізатар форуму свабоднай Расеі, шахматыст і палітык Гары Каспараў адсылае да Бібліі.

Гары Каспараў на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

– Што прынеслі 11 форумаў свабоднай Расеі, якія прайшлі з 2016 года?

– Трэба разумець, што магчымасці супрацьстаяння дыктатурам, якія склаліся ў нашых краінах, пастаянна звужаліся, таму невыпадкова Вільня цяпер стала сталіцай апазіцыі як з Расеі, так і з Беларусі. Мы з першага ж кворуму ў сакавіку 2016 года паставілі сціплую задачу – фармаванне пляцоўкі для абмеркавання праблем, якія ў Расеі выпадалі з грамадскага дыскурсу. Гэта сазлучаныя пасудзіны: чым менш свабоды ў Расеі, тым больш насычаныя дыскусіі тут.

Форум аказаўся паспяховай мадэллю, ён адлюстроўваў настроі людзей. Шмат рэчаў было сфармулявана. Цяпер на фоне разброду і хістання Вільня, бадай, адзіная пляцоўка, на якой можна абмеркаваць пытанні дэмакратычнага транзіту.

Калі верыць Пісанню, спачатку было Слова, і вельмі важна, каб працэс абмеркавання будучага і шляхоў яго дасягнення не спыняўся.

Новая фаза вайны ва Украіне, поўнамаштабнае ўварванне 24 лютага стварыла прынцыпова іншую сітуацыю як у Расеі, так і ў Беларусі – будучыня рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі наўпрост залежыць ад вынікаў вайны.

– Але як Форум свабоднай Расеі паўплывае на падзенне рэжымаў?

– На падзенне рэжымаў Форум паўплываць не можа, але рыхтуе людзей да таго, што гэты момант можа адбыцца. Мы даўно і доўга казалі аб неабходнасці санкцыяў. На жаль, шмат з таго, што гаварылася на форуме, магло не тое каб перадухіліць трагедыю, але змікшыраваць наступствы. Калі б заходнія краіны ўвялі пасля 2014 хоць чвэрць цяперашніх санкцый, я амаль не сумняваюся, што Пуцін наўрад ці б адважыўся на такое ўварванне. Мы аналізавалі, папярэджвалі, не нашая віна ў тым, што шмат са сказанага не матэрыялізавалася.

Тут сфармавалася ядро людзей, якія валодаюць пэўным палітычным капіталам у вачах заходніх краін. Упершыню на Захадзе з’явіўся сурʼёзны запыт на тое, што будзе потым. Крах пуцінскага рэжыму перастаў быць чымсьці тэарэтычным; ніхто не ведае, калі і як гэта здарыцца. Вайна і непазбежнае паражэнне Расеі ў гэтай вайне – гэта смяротны прысуд рэжымам як Пуціна, гэтак і Лукашэнкі. А што потым? Словы, сказаныя тут, я спадзяюся, дапамогуць пазбегнуць рэінкарнацыі гэтых дыктатарскіх рэжымаў у нашых краінах.

Рэпартаж
Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні
2022.12.04 21:18

– Кім вы сябе бачыце ў гэтай будучай постпуцінскай Расеі? Навальны бачыў сябе будучым прэзідэнтам, а кім будзеце вы?

– Мая роля – гэта дапамога маёй краіне вярнуцца ў сям’ю цывілізаваных нацый, высакамоўна кажучы. Якой будзе мая арганізацыйная роля ў гэтым працэсе, я не ведаю, але лічу яе неабходнай для Расеі, каб дапамагчы сфармавацца па-новаму. Я лічу, што будучыні ў імперскай Расеі няма – глабальная перабудова ўсёй краіны, прычым, хутчэй за ўсё, у больш вузкіх геаграфічных межах. Барацьба свабоды з тыраніяй на гэтым не сканчаюцца – ёсць Кітай і велізарная колькасць краін, якія ідуць па аўтарытарнай і таталітарнай мадэлях.

Ад таго, куды пойдзе Расея ў гэтым раскладзе, залежыць тое, што будзе ў XXI стагоддзі. Пазіцыянаванне Расеі на тым ці іншым баку – гэта вызначэнне вектара. Сёння пуцінская Расея на тым баку, і мы бачым тое, што адбываецца ў свеце. Украінская перамога, нават яе контуры, стварае новую сітуацыю ў Іране і нават Кітаі. Я бачу сваю ролю ў тым, каб дапамагчы Расеі інтэгравацца ў Еўропу, у еўраатлантычную супольнасць, стварыць новую геапалітычную сітуацыю, у якой справа свабоды і дэмакратыі здолее пераадолець супраціў аўтарытарных і таталітарных рэжымаў.

Удзельнікі Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

– Гэта значыць, не толькі будучая вольная Беларусь пойдзе ў ЕЗ і NATO, але і Расея таксама?

– Ясна, што Беларусь у NATO і Еўропе – пытанне часу, інтэграцыя амаль аўтаматычная ў выпадку падзення рэжыму Лукашэнкі і перамогі Украіны. Маштаб люстрацыяў трошкі іншы, Беларусь не мае крывавага рахунку, які цяпер вісіць на Расеі. І адна справа, калі межы NATO будуць на 200 км на ўсход, і іншая – 6000 км, гэта прынцыпова іншая гісторыя. Мы пакуль не разумеем, наколькі гэты працэс можа быць паскораны, таму я асцярожна кажу пра вектар руху. Нават вектар можа стварыць іншую сітуацыю ў Расеі.

– У вас на лацкане значок у выглядзе бела-сіне-белага сцяга. Вы будзеце яго прасоўваць у якасці будучага дзяржаўнага сцяга Расеі замест трыкалора?

– Пэўна. Безумоўна. Гэта спантанная ініцыятыва нашых актывістаў па ўсім свеце, у сакавіку яго паднялі ўсе. Ідэя зразумелая – зафарбаваць чырвоную паласу, на сцягу новай Расеі не павінна быць колеру крыві. Цікава, што гістарычна гэта колеры Наўгародскай рэспублікі, апошняй дэмакратычнай рэспублікі на тэрыторыі Расеі (на самай справе, гэта сцяг Вялікага Ноўгарада ў 1994-2007 гадах, а гісторыкі разыходзяцца ў ацэнках дэмакратычнасці Наўгародскай рэспублікі, да таго ж, былі ў Расеі дэмакратычныя перыяды 1917 года і 1990-х – рэд.). Натуральна, тое ж будзе з гімнам – ён савецкі, нават абмяркоўваць не трэба, і гербам – ён імперскі. Калі мы хочам адмовіцца ад імперыі, то мусім пачаць з яе сімвалаў.

– Адмовіцца ў тым ліку ад маўзалея Леніна?

– Гэта тое, чаго мы не зрабілі ў 1991 годзе. Маўзалей можа стаць музеем гісторыі сталінізму, камунізму. Без цела – людзей трэба хаваць. Маўзалей можна зрабіць сімвалам, каб не губляць сувязь з гісторыяй.

Таксама я заўсёды быў прыхільнікам таго, што Крэмль мусіць стаць музеем, не павінна там быць ніякіх урадаў. Сімвалы імперыі мусяць сыходзіць, бо яна жыве на іх, і калі вы хочаце пазбавіцца ад дыктатуры, трэба пазбавіцца ў тым ліку ад сімвалаў, якія ў свядомасці людзей звязаныя з гэтым перыядам.

Іван Аляксееў /ММ, belsat.eu

Стужка навінаў