Не, Польшча пакуль не аднаўляла выдачы турыстычных візаў беларусам. Вось што вядома


Выданне «Наша ніва» 4 верасня заявіла, што Польшча аднавіла прыём дакументаў на турыстычныя візы на падставе таго, што на сайце візавага цэнтру «VFS Global» з’явілася тэхнічная магчымасць запісацца на падачу дакументаў на такія візы. Але не падобна, каб Польшча аднаўляла выдаванне гэтых візаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Горадні. Афіцыйная Варшава падтрымлівае незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі.
Фота: Белсат

Абвестак пра аднаўленне выдачы візаў не было ні ад «VSF Global», ні ад амбасадаў і консульстваў Польшчы ў Беларусі, ні ад Міністэрства замежных справаў Польшчы. Паводле розных крыніцаў, у сістэме «VSF Global» датаў для запісу або зусім няма, або ёсць на даты праз адзін-два месяцы: магчыма, што сістэма выдае розныя вынікі ў розны час, але «Белсату» не ўдалося пабачыць датаў на падачу дакументаў. На форумах і ў чатах не ўдалося адшукаць тых, хто змог бы паспяхова зарэзерваваць дату падачы дакументаў на турыстычную візу.

«Белсату» не ўдалося атрымаць аператыўнага каментара ад «VSF Global», у амбасадзе Польшчы ў Беларусі нам параілі звяртацца ў МЗС, а ў МЗС папрасілі выслаць запыт на электронную пошту. Як толькі мы атрымаем адказ, то дадамо ў гэтую публікацыю.

Супольнасць беларускіх праграмістаў у Польшчы «DzikPic» атрымала адказы ад двух працаўнікоў МЗС Польшчы: адзін сказаў, што нічога пра выдачу такіх візаў не чуў, другі ж растлумачыў, што фармальна выдаваць турыстычныя візы і не пераставалі, але выдавалі мінімальную колькасць (паводле іншых звестак, Польшча зусім не выдавала турыстычных візаў у Беларусі з пачатку пандэміі каронавіруса).

Агляд
Куды з Беларусі можна рвануць у адпачынак? Глядзім на прапановы «гарачых» тураў
2023.07.08 17:27

Выданню «Office Life» у менскім консульскім аддзеле амбасады сказалі аб прыёме дакументаў на турыстычную візу, што «афіцыйна такой інфармацыі няма», але ў берасцейскім консульстве Польшчы заявілі, што заяўку на турыстычную візу можна падаць, як і раней, але рашэнне будзе прымаць консул. У офісах трох візавых пасярэднікаў выданню сказалі, што звестак пра пачатак прыёму дакументаў на польскую турыстычную візу не маюць.

У «DzikPic» выказваюць дзве версіі: або гэта тэхнічная памылка на сайце «VSF Global», або выдачу візаў напраўду аднавілі, але даты для запісу на падачу дакументаў з’явяцца пазней.

Прадстаўніцтвы Польшчы ў Беларусі працуюць са скарочаным штатам пасля некалькіх хваляў высылання дыпламатаў. Апошні раз прадстаўнікоў Польшчы выпраўлялі з Беларусі ў лютым 2023 года.

Беларусы могуць па-ранейшаму атрымаць гуманітарныя і працоўныя візы ў Польшчу, а для турыстычных візаў у Еўразвяз пасярэднікі рэкамендуюць прадстаўніцтвы іншых краінаў, пры тым найчасцей – амбасаду Іспаніі ў Маскве, куды ладзяць спецыяльныя туры з Беларусі.

Агляд
Куды беларусы звярталіся па шэнгенскія візы і колькі адмоваў атрымалі. Статыстыка Еўракамісіі
2023.09.04 13:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў