Расследаванне БРЦ: чаму ўладальнік «Санта Брэмар» Аляксандр Машэнскі дагэтуль не пад санкцыямі?


Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў расследаванне, у якім распавядае пра тое, як ва ўласніка кампаніі «Санта Брэмар» выйшла пабудаваць паспяховы бізнес, якую ролю тут сыгралі падтрыманне дзяржавы і сяброўства з уладамі ды як Машэнскі дагэтуль не трапіў у заходнія санкцыйныя спісы.

Аляксандр Машэнскі.
Фота: probusiness.by

Аляксандр Машэнскі – «рыбны кароль» Беларусі. Яму належаць прадпрыемствы «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт».

Машэнскі дагэтуль не пад санкцыямі, нягледзячы на даўнюю гісторыю сяброўства з уладамі Беларусі. У 2010 годзе Аляксандр Машэнскі быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах і падтрымліваў ягоную палітыку. Праз 2,5 года пасля тых выбараў бізнесовец атрымаў з рук Лукашэнкі ордэн за заслугі перад Бацькаўшчынай. Акрамя таго, на асабістае распараджэнне Лукашэнкі «Савушкін прадукт» тады скупіў дзяржаўныя прадпрыемствы – Баранавіцкі малочны камбінат і Бярозаўскі сыраробны камбінат – за імаверна заніжаны кошт.

Машэнскі ўваходзіць у цэнтральную раду Прэзідэнцкага спартовага клубу, якую ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка, лётаў з Лукашэнкам на ўрадавым лайнеры. Але Еўразвяз беларускага «рыбнага караля» ў санкцыйныя спісы не ўключыў.

Імаверна, гэта стала магчымым дзякуючы сяброўству з чыноўнікамі Ісландыі, як высветліў БРЦ з дапамогай калегаў з ісландскага выдання «Heimildin». З 2006 года Машэнскі ёсць ганаровым консулам Ісландыі ў Беларусі. З Ісландыяй Машэнскага звязваюць амаль 20 гадоў дыпламатычных і бізнес-дачыненняў.

Паводле «Heimildin», прадстаўнікі ісландскага МЗС зрабілі больш за 30 тэлефанаванняў у ЕЗ, лабіюючы інтарэсы Машэнскага, маўляў, ён не атрымлівае эканамічнай выгады ад сувязі з уладамі Беларусі. Журналісты БРЦ захацелі пераканацца, ці гэта сапраўды так.

Ад моманту стварэння «Санта Брэмар», цягам 25 гадоў, кампанія працягвае працаваць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» і карыстацца падатковымі льготамі, чаго няма ў прадпрыемстваў-канкурэнтаў.

БРЦ знайшоў падатковыя махінацыі Машэнскага ў Літве. Рыба на заводы «Санта Брэмар» трапляе праз порт Клайпеды, дзеля чаго ў Літве было заснаванае асобнае прадпрыемства.

«Санта Брэмар» пазіцыянуе сябе як прадпрыемства з нямецкім капіталам, нібыта дзякуючы яму ў Беларусь ідзе замежны капітал. Але, як высветлілася, нямецкага ў кампаніі Машэнскага амаль няма – дзякуючы хітрым схемам ды афшорам.

Прадпрыемства «Санта Брэмар» было заснаванае ў 1998 годзе былым кіраўніком канструктарскага бюро Берасцейскага электрамеханічнага заводу Міхаілам Машэнскім. У 2000 годзе ён памёр, і бізнес перайшоў да ягонага сына Аляксандра.

Паводле афіцыйных звестак, асноўную долю ў кампаніі кантралюе Аляксандр Машэнскі: 50 % наўпрост, яшчэ 15 % – праз падкантрольную беларускую фірму «Санта-Сэрвіс». Яшчэ 35 % «Санта Брэмар» належаць нямецкай фірме «Bre Meer GmbH». Разам з калегамі з Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) БРЦ высветліў, што гэтая кампанія каранямі сыходзіць у афшорныя юрысдыкцыі – з 2014 да 2018 года кампанія «Bre Meer GmbH» належала фірме «Alpha Mar Foundation», зарэгістраванай на Сэйшэльскіх Астравах. Гэтая юрысдыкцыя – класічны афшор з кепскай рэпутацыяй, дзе практычна не плацяць падаткаў. Бенефіцыярам сэйшэльскай «Alpha Mar Foundation» якраз з 2014 да 2018 года быў Аляксандр Машэнскі.

У 2018 годзе ў «Bre Meer GmbH» змяніўся ўласнік – кампанія перайшла да «Santa International Foundation», якая месціцца на востраве Джэрзі. Гэтая брытанская юрысдыкцыя таксама лічыцца афшорнай. Журналісты знайшлі сувязі фірмы з кіпрскай кампаніяй «Newride Services Limited», якой валодае дачка Машэнскага Яна. Гэтай фірме ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне належыць таксама літоўская кампанія «Santa Trade», праз якую «Санта Брэмар» набывае рыбу.

Такім чынам, за шыльдай беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар» хаваецца «спрут з афшорных кампаніяў, сляды якога вядуць да сям’і Машэнскага», рэзюмуюць журналісты БРЦ.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў