Літва мае намер закрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю


У сувязі з прыбыццём у Беларусь наймітаў ПВК Вагнэра Літва пастанавіла закрыць два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Калі ж сітуацыя пагоршыцца, будуць закрытыя ўсе, заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдас Абрамавічус, словы якога прыводзіць lrt.lt.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Літва найбліжэйшым часам разгледзіць пытанне аб закрыцці памежных пунктаў пропуску «Твярачус – Відзы» і «Шумскас – Лоша». Рашэнне пра гэта прыме ўрад краіны. У Літве закрыццё памежных пераходаў звязваюць з пагрозаю з боку Беларусі, бо тут цяпер размяшчаюцца найміты ПВК Вагнэра.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдас Абрамавічус заявіў, што наступныя такія крокі будуць залежаць ад правакацыяў на мяжы.

«Гэта азначае, што не варта чакаць большай эскалацыі, а можна рабіць некаторыя крокі ў тым ліку і прэвентыўнага характару. Там любы рух наймітаў будзе лічыцца як раздражненне, і я думаю, што, з увагі на выказванні ў Польшчы, у Літве, гэта скаардынаваныя акцыі. І мы бачылі такое раней таксама, я маю на ўвазе закрыццё межаў або частковае закрыццё межаў. Гэта не з вобласці немагчымага, а даволі простае рашэнне, і мы ведаем, што гэта вельмі не падабаецца беларускаму рэжыму», – тлумачыць Віціс Юрконіс, дацэнт партнёрства Віленскага ўніверсітэту.

Меркаванні
Прабіць сувалкаўскі калідор. Ці здольная на гэта Расея?
2022.06.27 18:59

Выкарыстанне вагнэраўцаў Расеяй, пра што цяпер актыўна кажуць у Крамлі, без наступстваў не застанецца, кажа суразмоўца «Белсату». Паводле эксперта, яшчэ 10–15 гадоў таму гучала рыторыка адносна таго, ці будзе ў выніку нападу на краіны Балтыі задзейнічаны 5-ы артыкул NATO. У сучасным свеце, асабліва пасля саміту NATO ў Вільні сёлета, калі гаварылася пра планы і абавязкі, такое ўжо не абмяркоўваецца, кажа Віціс Юрконіс.

Вядома, тлумачыць эксперт, ніхто гэтага не жадае, NATO – гэта найперш абарончы Альянс, але любы крок у справе 5-га артыкулу не выклікае нейкіх сумневаў з боку суседніх краінаў, іншых краінаў. Акрамя абавязкаў, дадае Віціс Юрконіс, у Літве прысутнічае кантынгент з Нямеччыны. У іншых краінах Балтыі размешчаныя салдаты з Канады і Вялікай Брытаніі, а ў Польшчы – войскі ЗША.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў