Украіна дэнансуе дамову з Беларуссю аб пенсійным забеспячэнні


Такі праект закона ўхваліў Кабмін Украіны. Гэта абазначае, што беларускія пенсіянеры хутка не змогуць атрымліваць пенсію ва Украіне, а ўкраінскія – у Беларусі.

Падпісаны ў 1995 годзе дакумент рэгуляваў пытанне дзяржаўнага пенсійнага забеспячэння грамадзян абедзвюх краін, што на сталай аснове пражывалі або пераехалі для сталага пражывання ў краіны, якія падпісалі гэтую дамову.

Пад дзеянне гэтага закона падпадалі грамадзяне, якія прэтэндуюць на налічэнне пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, за выслугу гадоў і ў выпадку страты кармільца.

Зараз дакумент паступіць на разгляд і падпісанне ў Вярхоўную Раду Украіны. Для таго каб дамова страціла сваю юрыдычную моц, павінна прайсці шэсць месяцаў пасля таго дня, як Украіна паведаміць Беларусі аб дэнансацыі.

Акрамя таго, Кіеў 4 красавіка скасаваў дамову аб супрацоўніцтве ў турыстычнай сферы, якое дзейнічала з 2006 года.

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ўкраінскія ўлады скасавалі больш за 20 дамоваў з Беларуссю.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў