Выбух падчас імшы: на Філіпінах чацвёра асобаў сталі ахвярамі тэракту


Сама меней чатыры чалавекі загінулі і не менш як 50 атрымалі раненні ў выніку выбуху бомбы падчас ранішняй каталіцкай імшы 3 снежня ва ўніверсітэцкай спартзале ў Мараві, горадзе на поўдні Філіпінаў. Пра гэта паведамляе Reuters.

Тэракт на Філіпінах 3 снежня.
Фота: api.nst.com.my

Прэзідэнт Філіпінаў Фердынанд Маркас-малодшы асудзіў смяротны выбух, абвінаваціўшы ў гэтым «замежных тэрарыстаў».

«Экстрэмісты, якія ўжываюць гвалт супраць нявінных, заўсёды будуць лічыцца ворагамі нашага грамадства», – заявіў ён.

Паводле прадстаўніка паліцыі, на месцы здарэння былі знойдзены фрагменты 16-мм мінамёту. Міністр абароны Хільбэрта Тэадора заявіў, што ў выбуху былі «відавочныя прыкметы замежнага элемента». Але падрабязнасці ён адмовіўся раскрываць.

У 2017 годзе Мараві быў арэнай пяцімесячных баёў паміж урадавымі сіламі і баевікамі, звязанымі з «Ісламскай дзяржавай».

3 снежня ў каталікоў ва ўсім свеце пачаўся калядны пост – Адвэнт. У Рыме Папа Францішак узнёс малітвы за ахвяраў тэракту падчас свайго нядзельнага выступу і ў асобным пісьмовым пасланні звярнуўся да «Хрыста, князя свету, (каб) дараваў усім сілы адмовіцца ад гвалту і перамагчы ўсялякае зло дабром».

Hавiны
У Парыжы мужчына з крыкамі «Алах Акбар» напаў на мінакоў. Загінуў адзін чалавек
2023.12.03 09:10

У Парыжы адзін чалавек загінуў і двое атрымалі раненні пасля таго, як мужчына з нажом напаў на мінакоў каля Эйфэлевай вежы. Падчас нападу ён крычаў «Алах Акбар».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў