Пасол Расеі ў Варшаве Сяргей Андрэеў быў выкліканы 3 кастрычніка ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, дзе яму быў выказаны пратэст у сувязі з незаконнай анексія РФ украінскіх тэрыторыяў праз «рэферэндумы». У адказ Андрэеў заявіў, што Расея ў сваіх дзеяннях «ніякіх законаў не парушае». Пра гэта распавёў прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна.
«Памятаем пра нелегальную анексію тэрыторыяў Украіны, памятаем аб пагрозах Расеі вольнаму свету, памятаем аб агрэсіі, якая працягваецца.
І Польшча разам з іншымі дзяржавамі ЕЗ выказвае сваю адназначную і нязменную пазіцыю наконт таго, што робіць Расея. Амбасадар жа Сяргей Андрэеў, як і зазвычай, заявіў, што Расея мае кардынальна іншую пазіцыю і што ніякіх злачынстваў не адбываецца, а анексія цалкам законная», – расказаў падчас брыфінгу прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Ён таксама паведаміў, што рашэння аб змене статусу расейскага амбасадара МЗС Польшчы пакуль не прымала: Сяргей Андрэеў застаецца на тэрыторыі Польшчы, а польскі амбасадар у Маскве Кшыштаф Краеўскі – на тэрыторыі РФ.
Як паведамлялі польскія СМІ, на выхадзе з будынку МЗС Польшчы расейскі амбасадар быў вымушаны ўступіць у камунікацыю з журналістамі. На пытанне аднаго з іх пра «нелегальныя рэферэндумы» Сяргей Андрэеў адказаў наступным чынам:
«Так вы мяркуеце, а мы думаем інакш. Сёння і заўтра адбудзецца ратыфікацыя тых чатырох украінскіх рэгіёнаў. Яны назаўжды стануць тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі».
Пасол РФ у Польшчы запэўніваў журналістаў, што Расея «ніякім чынам не парушае законаў».
«Гэта акт самавызначэння насельніцтва тых тэрыторыяў, які Расейская Федэрацыя цалкам падтрымлівае», – заявіў Андрэў па візіце ў польскае МЗС.
Раней Міністэрства замежных справаў Польшчы рашуча асудзіла незаконныя акты «прызнання незалежнасці» і «далучэння» да Расейскай Федэрацыі акупаваных рэгіёнаў – Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны. МЗС заявіла, што ніколі не прызнае і не будзе прызнаваць вынікі псеўдарэферэндумаў, якія прайшлі ў гэтых рэгіёнах 23-27 верасня.
«Мы заклікаем да тэрміновага і рашучага ўзмацнення ваеннай падтрымкі Украіны і ўвядзення далейшых санкцыяў супраць Расейскай Федэрацыі. Мы выступаем за працяг намаганняў, накіраваных на поўную міжнародную ізаляцыю Расейскай Федэрацыі», – гаварылася ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.
Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна, адказваючы на пытанне «Белсату», падкрэсліў, што расейскія грамадзяне, якія маюць гуманітарную візу ці візу, атрыманую на падставе Карты паляка, будуць цалкам легальна ўехаць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, але зазначыў, што візаў расейцам будзе выдавацца няшмат.
«Гэтых візаў цяпер для грамадзянаў Расеі шмат не будзе», – сказаў Лукаш Ясіна.
Што да затрымак з выдаваннем гуманітарных візаў нашым суайчыннікам у Беларусі, прэс-сакратар польскага МЗС патлумачыў, што цяжкасці здараюцца толькі праз «абмежаванне колькасці консулаў» ды праз «непрыязныя паводзіны беларускай дзяржавы». З ягоных словаў, ніякіх унутраных інструкцыяў аб непрызнанні гуманітарных візаў для беларусаў, не існуе.
«Менавіта ў гэтым прычына абмежавання выдачы візаў, у тым ліку гуманітарных. Але памятайма і пра іншыя магчымасці, хоць бы аб прызнанні магчымых правоў на побыт беларусаў у Польшчы, у выпадку калі яны неяк сюды даедуць. І гэта вельмі важнае пытанне», – зазначыў Лукаш Ясіна.
На жаль, яшчэ адно важнае і балючае пытанне – аб адмове некаторым беларусам у прыняцці дакументаў на гуманітарныя візы ў Варшаве, застаецца адкрытым. Але спрабуем атрымаць адказ і на яго.
Зміцер Міраш belsat.eu