У Польшчы асудзілі беларуса за спрыянне незаконнай міграцыі


На польска-немецкай мяжы затрыманы беларус. Ён перавозіў двух мігрантаў з Егіпту, якія не мелі пры сабе дакументаў для законнага перабывання ў Еўразвязе, паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Затрыманне беларуса, які незаконна перавозіў двух мігрантаў з Егіпту.
Фота: strazgraniczna.pl

Затрыманне адбылося 29 сакавіка – польскія памежнікі спынілі аўтамабіль Mercedes, за стырном якога быў 36-гадовы мужчына, які спрабаваў нелегальна перавезці двух грамадзянаў Егіпту з Беларусі праз Польшчу ў Нямеччыну. Кіроўца аказаўся грамадзянінам Беларусі.

Пасля правярання памежнікі высветлілі, што ў егіпцянаў не было пры сабе дакументаў, якія б пацвярджалі законнасць візіту ў Польшчу.

З заяваў іншаземцаў вынікала, што яны незаконна перайшлі беларуска-польскую мяжу, каб трапіць у Польшчу. Яны прызналі сваю віну і былі асуджаныя на восем месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна, а таксама атрымалі пастанову вярнуцца ў краіну, дзе маюць права заставацца.

Кіроўца быў затрыманы за спрыянне незаконнай міграцыі. Ён прызнаў сваю віну. Гэтак жа як і егіпцянаў, суд прыгаварыў яго да васьмі месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна, а таксама прызначыў штраф у памеры 6000 злотых. Аўтамабіль, якім мужчына перавозіў мігрантаў, канфіскавалі.

«Грамадзянін Беларусі атрымаў пяцігадовую забарону на ўезд у Шэнгенскую зону, а таксама пастанову аб выдварэнні з Польшчы», – гаворыцца ў паведамленні Памежнай аховы.

Польскія памежнікі завезлі мужчыну на польска-беларускую мяжу і загадалі пакінуць краіну.

Hавiны
Мігранты актыўна «фарсіравалі» беларуска-польскую мяжу падчас велікодных святаў
2024.04.02 16:25

Падчас велікодных святаў (канец сакавіка – пачатак красавіка) на беларуска-польскай мяжы рэзка вырасла колькасць спробаў нелегальнага пераходу з Беларусі на тэрыторыю Польшчы.

Паводле польскай Памежнай аховы, з 29 сакавіка да 1 красавіка на беларуска-польскай мяжы зафіксавалі 736 спробаў нелегальнага пераходу.

Гэта ўдвая больш, чым фіксавалася ў папярэднія дні: гэтак, 27–28 сакавіка было адзначана 356 спробаў перасячэння мяжы, а 25–26 сакавіка – 243 спробы. У мінулыя выходныя адбылося 444 спробы нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы з Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў