Пападалі дрэвы, абвалілася сцяна дому: наступствы ўрагану ў Беларусі


Па некалькіх вобласцях Беларусі 2 красавіка пранёсся ўраган. Як распавёў МНС, пашкоджанні зафіксаваныя ў некалькіх населеных пунктах, назіраліся перабоі з электразабеспячэннем.

Наступствы ўрагану ў Мазыры. 2 красавіка 2024 года.
Фота: gorodmozyr / Telegram

Парывы ветру дасягалі 24 м/с. Пацярпелі тры населеныя пункты ў Гомельскай вобласці і адзін у Магілёўскай. Былі пашкоджаныя дахі чатырох сельскагаспадарчых будынкаў, жылога дому і будынку станцыі хуткай медычнай дапамогі ў Асіповічах. Лістом шыферу пашкоджаны аўтамабіль хуткай медычнай дапамогі.

Таксама зафіксаваныя 45 выпадкаў падзення дрэваў: 2 – у Берасцейскай вобласці, 23 – у Гомельскай, 2 – у Менскай і 18 – у Магілёўскай.

Наступствы ўрагану.
Фота: МНС

Паводле Белэнерга, падчас непагоды перыядычна парушалася электразабеспячэнне ў 256 населеных пунктах: найбольш у Менскай вобласці – у 82, у Гомельскай – 80, Віцебскай – 37, Гарадзенскай – 32, Магілёўскай – 25.

Станам на раніцу 3 красавіка без электразабеспячэння заставалася 38 населеных пунктаў, 3 сельскагаспадарчыя будынкі і 128 трансфарматарных падстанцыяў.

У Гомлі падчас урагану абрынулася частка сцяны жылога дому на вуліцы Пляханава. Ніхто не пацярпеў. Прычына здарэння высвятляецца.

У аграмястэчку Урыцкае пад Гомлем з жылога дому асыпалася тынкоўка.

У аграмястэчку Урыцкае пад Гомлем падчас урагану асыпалася тынкоўка з дому.
Фота: gomeltoday / Telegram

Памаранчавы ўзровень небяспекі захоўваецца ў Беларусі 3 красавіка. Адбылося рэзкае пахаладанне – тэмпература паветра ўпала адразу амаль на 20 градусаў, у некаторых мясцовасцях пайшоў снег.

Менсктранс папярэдзіў пра магчымыя адхіленні ад транспартнага раскладу праз непагоду.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў