Час «гнілога лібералізму» надышоў? Або навошта прапаганда здымае «відосікі» з палітвязнямі


За апошнія некалькі тыдняў улады Беларусі ўжо двойчы прадэманстравалі палітвязняў, якія пэўны час знаходзіліся ў інфармацыйнай блакадзе. Але апытаныя «Белсатам» эксперты не бачаць у гэтым прыкметаў змянення палітыкі рэжыму. Хутчэй – спробы выкарыстаць зняволеных у прапагандысцкіх мэтах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michal Kosc / Forum

У той час, як адныя палітвязні застаюцца ў інфармацыйнай блакадзе, шэраг іншых апошнім часам былі прад’яўленыя грамадскасці ці сваякам. Гэтак, 2 красавіка сталася вядома, што журналіст Дзяніс Івашын сустрэўся ў жодзінскай турме са сваёй маці. Папярэдні раз палітвязень бачыўся з ёю 20 снежня 2022 года. Цяперашняе спатканне доўжылася каля 4 гадзінаў, хоць і была верагоднасць, што яго могуць скасаваць у апошні момант.

«Але ўсё ж невялічкія прыемнасці здараюцца і ў сучасным ГУЛАГу ў цэнтры Еўропы», – распавялі сваякі зняволенага журналіста.

22 сакавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання паказалі сюжэт з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Яго выпусцілі неўзабаве пасля таго, як Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі адносна жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка запрасіў Беларусь прыняць часовыя меры для абароны зняволенай. Камітэт прасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забяспечыць Шарэндзе-Панасюк паўнавартасную і належную медычную дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя». Гэта зварот таксама згадваўся ў сюжэце. Адмысловымі пытаннямі зняволеную прымушалі казаць, што з ёю ўсё добра і ўмовамі ўтрымання яна задаволеная.

Паводле звестак «Белсату», гэта не адзінае падобнае «інтэрв’ю», запісанае з вядомымі беларускімі палітвязнямі за апошні час.

Абноўлена
«Дачка піша і пытаецца, чаму тата не адказвае». У Вільні прайшоў брыфінг, прысвечаны Сяргею Ціханоўскаму
2024.03.08 15:58

Гэта не прыватная ініцыятыва

Вадзім Мажэйка, каардынатар «Нашай візіі», падкрэсліў, што «калі палітвязня выцягваюць на размову, на якую прыязджае тэлебачанне, гэта, мякка кажучы, не можа быць прыватная ініцыятыва нейкай прапагандысткі».

«Гэта мусіць быць нейкі загад зверху. І, канешне, могуць быць розныя прычыны і розныя кантэксты, чаму зараз такая серыя пачалася», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што гэта можа быць часткай прапагандысцкай кампаніі. Яе мэта – зняпраўдзіць звесткі дэмакратычных сілаў, што да палітычных праціўнікаў у Беларусі ўжываюцца «зверствы, сярэднявечныя метады», наадварот – для іх ствараюцца ледзь не санаторныя ўмовы.

«Выпадак з Шарэндай-Панасюк – напэўна, сапраўды рэакцыя на гэты заклік ААН. З аднаго боку, беларускія ўлады не вельмі слухаюць крытыку з боку міжнародных структур. Але Арганізацыя аб’яднаных нацый, хоць гэты не вельмі ўплывовы інстытут мала што можа вырашыць, – гэта адна з нямногіх міжнародных структур, у якіх Беларусь паўнавартасна прысутнічае. І гэты чыннік усё ж такі дзейнічае», – мяркуе Класкоўскі.

Тым не менш, адзначыў Мажэйка, запісаныя падобным чынам размовы з палітвязнямі толькі ў «галовах гэтых прапагандыстаў» здольныя знізіць хвалю напружанасці.

«Усім зразумела, што, калі ты з закладнікам запісваеш відэа, ён табе што заўгодна скажа. Не трэба вялікага розуму, каб зразумець, што тое, што на такіх відэа людзі кажуць, нічога не каштуе, нават не варта на гэта звяртаць увагу», – сказаў аналітык.

Відэа ёсць, а што далей?

Паводле Класкоўскага, каб зразумець дакладны сэнс дзеянняў уладаў, трэба пачакаць, ці не з’явяцца іншыя падобныя відэа і ў якім ключы яны будуць. У прыватнасці, падкрэсліў Класкоўскі, прапагандзе важна паказаць, што зняволеныя апаненты «прызнаюць магутнасць улады».

Паліна Шарэнда-Панасюк падчас размовы з прапагандысткай.
Скрыншот: АТН: новости Беларуси и мира / Telegram

Эксперт згадаў, што летась пасля з’яўлення чутак пра смерць Сяргея Ціханоўскага, улады таксама паказвалі відэа з ім, але яго самога не выпусцілі і не палегчылі яму ўмовы зняволення. Таму і цяпер ён раіць сачыць за наступнымі крокамі ўладаў. Напрыклад, ці выпусцяць заўчасна Шарэнду-Панасюк, бо яна казала, што напісала прашэнне пра памілаванне, ці пратрымаюць у вязніцы да восені, калі ў яе мае скончыцца тэрмін зняволення (раней актывістцы дадалі сумарна яшчэ два гады зняволення).

Пакуль не да «гнілога лібералізму»

Пры гэтым суразмоўцы не думаюць, што за прапагандысцкай кампаніяй з «паказамі» палітвязняў можа паследаваць гандляванне імі. У прыватнасці, Класкоўскі сумняваецца ў тым, што напярэдадні запланаваных на 2025 год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, на якія Аляксандр Лукашэнка «напэўна, пойдзе», той будзе ламаць рэпрэсіўны трэнд і стане «пачкамі выпускаць палітвязняў».

«Яму нявыгадны цяпер, ягонымі ж словамі, нейкі «гнілы лібералізм» тут распускаць, бо наадварот ён зацікаўлены правесці выбары ў жорсткім суворым ключы, каб ніхто не рыпнуўся, ніхто не пікнуў», – сказаў Класкоўскі.

Эканоміка ж краіны, хоць ёй і замінаюць санкцыі, дзякуючы падтрыманню Расеі працягвае расці і яшчэ «не так прыціснула сітуацыю», дадаў ён.

Умовы не саспелі

Дый Захад таксама наўрад ці гатовы здымаць санкцыі за вызваленне палітвязняў, адзначыў Класкоўскі. Ён нагадаў, што санкцыі былі ўведзеныя за саўдзел у вайне, за арганізацыю міграцыйнага крызісу, і тут нічога не змянілася.

«Саўдзел у вайне працягваецца, мігранты зноў штурмуюць мяжу, таму няма падставы здымаць гэтыя санкцыі», – падкрэсліў Класкоўскі.

Дый таксічнасць самога Лукашэнкі не спрыяе таму, каб заходнія палітыкі вялі перамовы з ім адносна палітвязняў, бо «можна толькі сесці ў галёш і нічога не дамагчыся». Праўда, летась сам Лукашэнка можа прагаварыўся, што кантактуе з Польшчай, верагодна, адносна лёсу журналіста Анджэя Пачобута, але пакуль, паводле яго, яшчэ павінны саспець умовы.

У сваю чаргу Мажэйка адзначыў, што калі б улады сапраўды хацелі пачаць гандляванне палітвязнямі, то яны б наадварот падвышалі стаўкі, распаўсюджвалі практыку інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада) і пашыралі дрэнныя навіны пра палітвязняў. Каб іх блізкія і паплечнікі выступалі за тое, каб любымі сродкамі іх вызваляць, ісці на любы гандаль і саступкі, адмену санкцый – усё, што заўгодна, толькі каб гэтых людзей вызваліць. І чым больш людзей будуць казаць пра гэта – «гэта тое, у чым у Лукашэнка зацікаўлены».

Але з іншага боку беларускім дэмакратычным сілам няма чаго прапанаваць для абмену, падкрэсліў Мажэйка:

«Беларускія палітыкі могуць рабіць заявы пра санкцыі, могуць дапамагаць распрацоўваць нейкія санкцыйныя механізмы, але санкцыі Еўразвязу прымаюцца краінамі Еўразвязу. І, на жаль, для Беларусі большасць санкцыяў уведзеныя не за беларускія падзеі, не за палітвязняў».

Таму, заключыў аналітык, праз адсутнасць суб’ектаў, рэсурсаў і даверу і не адбываецца ніякіх перамоваў, а проста здымаюцца «прапагандысцкія відосікі».

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 16:54

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў