Беларусам у Літве сталі рассылаць ананімныя пагрозы забойствам і заклікі з’ехаць


Некаторыя беларусы, якія пераехалі ў Вільню пасля 2020 года сталі атрымліваць ананімныя паведамленні з пагрозамі забойствам, расказала «Zerkalo». У частцы паведамленняў людзей заклікаюць пакінуць Літву.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы адзначаюць Дзень Волі. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Адзін з суразмоўцаў выдання згадвае: ягоны сябра 28 сакавіка расказаў яму, што атрымаў ананімныя пагрозы. У той жа вечар і сам ён атрымаў такія пагрозы: у Telegram яго набраў незнаёмы яму кантакт, падпісаны як «Blood Nazi» (анг. «крывавы нацыст»). Мужчына не адказаў на выклік, тады «Blood Nazi» выслаў яму два паведамленні. Спачатку спытаў, «ці бачыў ён сёння сваё дзіця», і затым напісаў: «Гэта апошняе папярэджанне! Літва — для літоўцаў. Вывучы літоўскую або сыходзь». Да паведамлення было далучанае фота дзіцяці ў труне, да якога быў прыфаташоплены твар сына мужчыны.

Адкуль незнаёмец здабыў ягоны кантакт і звесткі пра сына, ён не ведае, але прызнае, што не баяўся пакідаць свой нумар на розных сайтах. Мужчына звярнуўся ў паліцыю, але там патлумачылі, што «шанцаў кагосьці знайсці амаль няма».

Іншая суразмоўца выдання, жанчына, атрымала пагрозы ў Telegram 29 сакавіка. Паведамленне было па-літоўску – незнаёмец пад нікнэймам «Раса і нацыя» пісаў, што «сумняваецца, што ў майго дзіцяці ўсё добра». Жанчына па-літоўску перапытала, ці пагражае дзіцяці незнаёмец або іншыя людзі. На гэта незнаёмец «напісаў, каб я з’язджала туды, адкуль прыехала», кажа жанчына. Яна згадвае, што ў бацькоўскім чаце пісалі пра падобныя пагрозы – не ідэнтычныя і не толькі ў Telegram, але ўсе з пасылам «з’язджайце».

Яшчэ адна суразмоўца «Zerkalo», таксама жанчына, атрымала ў Telegram паведамленне з пагрозамі ў той жа дзень. Ёй па-літоўску пісалі, як яна перадае, такое: «Рускія, вяртайцеся туды, адкуль прыйшлі, іначай мы вас зарэжам, як у 1942-м». Затым спыталі, ці баіцца яна. Жанчына таксама раней чытала, што іншыя сутыкаюцца з такімі пагрозамі. Яна не адказала і звярнулася ў паліцыю, ды ў паліцыі, кажа яна, «нічога з гэтым зрабіць не могуць, бо ў іх няма магчымасцяў вылічыць, хто гэта робіць».

Абноўлена. «Наша ніва» звярнула ўвагу на тое, што чалавек з гісторыяй, як у першага суразмоўцы «Zerkalo», паводзіў сябе падазрона ў чаце бацькоў і размове з журналістамі, мае новы і практычна пусты акаўнт. Але былі і рэальныя людзі, якія атрымлівалі пагрозы. У гэтых людзей акаўнты былі слаба абароненыя, праз онлайн-інструменты можна было вызначыць іхныя нумары тэлефонаў і сапраўдныя імёны. Акаўнты, з якіх яны атрымлівалі пагрозы, аказаліся абсалютна пустымі. Тэксты паведамленняў па-літоўску былі напісаныя з памылкамі, якіх літоўцы не зрабілі б, таму «Наша ніва» падазрае правакацыю з боку беларускіх спецслужбаў.

Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка пагражаў Літве вайной. За два дні да таго прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык заявіў, што Расея і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядравай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню».

Ды яшчэ да гэтых заяваў у Літве распавядалі пра пагрозу Літве з боку беларусаў. Палітыкі і грамадскія дзеячы разважалі пра пагрозу Літве ад беларусаў-«літвіністаў» (Служба дзяржбяспекі Літвы не знайшла «літвінізму» ў беларускай дыяспары), некаторыя сцвярджалі, што атрымлівалі ад беларусаў паведамленні з пагрозамі ад «літвіністаў» (на апублікаваных скрыншотах у тэкстах па-беларуску бачныя прыкметы машыннага перакладу).

30 студзеня ў эфіры Літоўскага радыё журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Літоўскае радыё не пабачыла ў гэтым распальвання варожасці.

Тым часам вакол прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы разгараецца скандал, звязаны з Беларуссю іншым чынам: спецыяльная парламенцкая камісія занялася расследаваннем ягоных кантактаў перад выбарамі, а таксама магчымымі парушэннямі, звязанымі з уплывам на яго людзей, звязаных з бізнесам па перавозцы беларускіх калійных угнаенняў.

Аналітыка
«Мілітарысцкая ліхаманка Лукашэнкі». Да чаго рыхтуецца беларускае войска і ці адкрые Расея другі фронт
2024.03.26 16:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў