Пасля аблавы ў Дзяржынску затрымана каля 45 чалавек


За апошнія тры дні ў Дзяржынску і раёне прайшлі ператрусы і затрыманні. Сілавікі затрымалі каля 45 чалавек, але частку з іх адпусцілі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле недакладных звестак, у РАУСе застаюцца каля 10 чалавек, яны чакаюць судоў пааводле адміністратыўных артыкулаў. Паведамляецца, што некалькім людзям паставілі на машыны GPS-«маячкі», са словаў затрыманых, амаль усім усталёўвалі бот «Магніт».

Затрыманні звязаныя з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля гораду былі вывешаныя сцяжкі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта знайшлі выбуховую прыладу. Ператрусы праводзяцца на падставе пастановы, якая выпісаная з нагоды «ўстаноўкі муляжа выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавічаў».

Паводле мясцовых жыхароў, ператрусы і затрыманні з 1 красавіка ладзяць супрацоўнікі САХРу і АМАПу. Прыходзяць да тых хто, 31 сакавіка праязджаў з раніцы і да моманту выяўлення прылады каля месца здарэння, а таксама да тых, хто раней затрымліваўся з палітычных матываў.

Згодна са звесткамі праваабаронцаў, правяраюць не толькі жыхароў Дзяржынску, але і бліжэйшых вёсак – Навасёлкі, Энергетыкаў, Петкавічы. Увечары 1 красавіка супрацоўнікі правяралі людзей са свайго спісу і глядзелі іхныя тэлефоны. 3 красавіка ператрусы працягнуліся, але іх колькасць зменшылася. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пры першых ператрусах у пастанове была пазначанае «выбуховае прыстасаванне», цяпер там згадваецца «размяшчэнне муляжа выбуховага прыстасавання».

Затрыманыя просяць не называць іхных імёнаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў