2 кастрычніка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення законнасці і старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка правёў сустрэчы з амбасадаркай Канады ў Польшчы Кэтрын Гоўдын, пастаяннай прадстаўніцай Канады пры АБСЕ Джосэлін Кінір і пастаяннай прадстаўніцай Нямеччыны пры АБСЕ Зузанэ Шуц.
У рамках сустрэчаў у Варшаве ўзнімаліся пытанні адказнасці рэжыму Лукашэнкі за найбольш сур’ёзныя міжнародныя злачынствы. Каманда НАУ выказала пазіцыю аб адказнасці Лукашэнкі за ўчыненне агрэсіі супраць Украіны, ваенныя злачынствы ў выглядзе дэпартацыі дзяцей, злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама дала інфармацыю аб магчымых механізмах прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Канадскай амбасадарцы, адказнай за стасункі з Беларуссю, прэзентавалі прапановы адносна зместу новага пакету санкцыяў.
«Канадскі бок пацвярджае, што гатовы і далей узмацняць санкцыйны ціск на рэжым. Таксама Канада ўважліва адсочвае сітуацыю, звязаную з лобінгам рэжымам зняцця санкцый з калійных угнаенняў», – адзначылі ў прэс-службе Паўла Латушкі.
Таксама абмяркоўвалася пытанне беларускіх спартоўцаў. У тым ліку пашырэнне ціску на беларускі Алімпійскі камітэт, допуск і верыфікацыя беларускіх спартоўцаў, а таксама аднаўленне ў правах вольных спартоўцаў Беларусі, якія пацярпелі праз рэпрэсіі рэжыму. Асобна закранаўся ўдзел Аляксея Талая ў якасці паралімпійца ў незаконным перамяшчэнні дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь.
На сесіі Рады правоў чалавека ААН 22 верасня абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. Намесніца вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Нада ан-Нашыф заклікала судзіць за рэпрэсіі ў Беларусі «на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі».
Прынцып універсальнай юрысдыкцыі заключаецца ў тым, што крымінальная справа разглядаецца не ў нацыянальнай юрысдыкцыі, гэта значыць не ў той краіне, дзе адбылося злачынства, а за яе межамі. Гэта можа быць абумоўлена тым, што магчымасцяў для разгляду гэтай справы ў нацыянальнай юрысдыкцыі няма.
Якуб Хруст belsat.eu