Навальніцы і моцны вецер. У Беларусі абвешчанае штармавое папярэджанне


«Белгідрамет» абвесціў на 2 красавіка штармавое папярэджанне. Амаль паўсюль у Беларусі чакаюцца дажджы з навальніцамі і моцным ветрам. Пры гэтым будзе не па-красавіцку цёпла: да +26 °С.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца навальніцы, вецер да 24 м/с і дажджы, месцамі моцныя. З увагі на гэта сіноптыкі абвесцілі штармавое папярэджанне, узровень небяспекі – памаранчавы.

Пры гэтым будзе цёпла: ад +21 да +26 °С, толькі на захадзе краіны – не вышэй за +20 °С. У Менску – 23–25 градусаў цяпла, навальніцу ў сталіцы прагназуюць увечары.

Сваё папярэджанне распаўсюдзіла і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Там адзначылі, што ў такую непагадзь магчымыя пашкоджанні лініяў сувязі і электраперадачы, пажары, у тым ліку лясныя, падтопліванне дарог, падзенне дрэваў і слаба ўмацаваных канструкцыяў, павялічваецца імавернасць ДТЗ.

Як паведамлялася, 30 сакавіка на ўсіх метэастанцыях Беларусі, акрамя Горадні, абнавіліся тэмпературныя рэкорды дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Пры гэтым у Менску і яшчэ на 24 метэастанцыях перапісаныя гістарычныя максімумы месяца.

Ужо заўтра ў Беларусі пахаладае, нават не выключаны мокры снег. Уначы будзе ад +3 да +9 °С, удзень ад +5 °С на поўначы краіны да +15 °С на паўднёвым усходзе. А 5 красавіка ўначы абяцаюць ад -3 °С да +4 °С, удзень ад +3 да +10 °С.

Аб’ектыў
Што адбываецца з кліматам і надвор’ем у Беларусі?
2024.03.20 19:51

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў