Не ўсё было кепска. Добрыя навіны за тыдзень


Цяпер нам усім не стае добрых навінаў, таму мы штотыдзень збіраем гісторыі з добрымі ўчынкамі і станоўчымі падзеямі. Са спадзевам, што яны змогуць натхніць вас ці падказаць новыя ідэі.

На гэтым тыдні апублікавалі «Спавешчанне аб сусветным шчасці»

З яго вынікае, што самая шчаслівая краіна на зямлі – гэта… Фінляндыя.

Фінская сям’я. Ілюстрацыя: visitfinland.com

Навукоўцы штогод праводзяць інтэрв’ю https://worldhappiness.report/ з больш за 100 000 чалавек са 137 краінаў і выкарыстоўваюць вынікі, каб пераканаць палітыкаў надаваць больш увагі шчасцю. У верхняй частцы табліцы шчасця размяшчаюцца скандынаўскія краіны. Данія ды Ісландыя занялі другое і трэцяе месцы пасля Фінляндыі. Літва – адзіная краіна – суседка Беларусі, якая ўвайшла ў верхнія радкі спісу. Беларусі, як вы ўжо здагадаліся, у спісе няма. Покуль.

25 самых шчаслівых краінаў: Фінляндыя, Данія, Ісландыя, Ізраіль, Нідэрланды, Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя, Люксембург, Новая Зеландыя, Аўстрыя, Аўстралія, Канада, Ірландыя, Злучаныя Штаты, Нямеччына, Бельгія, Чэхія, Брытанія, Літва, Францыя, Славенія, Коста-Рыка, Румынія, Сінгапур.

У Аўстраліі нарадзілася незвычайнае цялё са смайлікам на баку

Цялё з плямамі, падобнымі да ўсмешкі, назвалі https://www.foxweather.com/earth-space/calf-smiley-face Гэпі (Шчасце). Аўстралійскі Ларднэр-Парк, дзе праходзяць буйныя імпрэзы, выкупіў у гаспадароў цялё і зрабіў яго сваім сімвалам. А грошы гаспадары ахвяравалі мясцоваму шпіталю. Вось такая шчаслівая навіна.

Цялё з плямамі, падобнымі да ўсмешкі. Ілюстрацыя: foxweather.com

Самае дзіўнае і прыгожае дрэва на свеце

Гэта незвычайнае дрэва называецца таксама незвычайна – Цмокава дрэва.

Цмокава дрэва.
Фота: Даніеля Кордана (Daniel Kordan)

Цмокава дрэва расце на Канарскіх астравах. Са старажытнага часу з яго здабываюць так званую «кроў цмока» – смалісты сок ярка-чырвонага колеру. Ён выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, а таксама для вырабу лаку для металічных паверхняў. Гуанчы (карэннае насельніцтва астравоў) выкарыстоўвалі сок дрэва, як думаюць, для бальзамавання і ўжывалі ў магічных абрадах.

Здымкі мы знайшлі ў фатографа Даніеля Кордана (Daniel Kordan). Зайдзіце ў ягоны акаўнт у Instagram https://www.instagram.com/danielkordan/– там вельмі прыгожа.

У тыраназаўра Рэкса былі вусны, што мяняе ўстойлівы вобраз у поп-культуры

Малюнак ілюструе, як выглядаў тыраназаўр з вуснамі. Крыніца: nationalgeographic.com

Пытанне аб тым, ці былі ў пажадлівых дыназаўраў вусны, доўгі час быў прадметам дэбатаў. Новае даследаванне https://www.nationalgeographic.com/premium/article/t-rex-lips-dinosaurs-paleontology-fossils знаходзіць доказы таго, што плоць пакрывала зубы драпежнікаў. З гэтага вынікае, што жахлівыя зубы, якія мы бачым у музеях ды кіно, не былі бачныя. Хутчэй, іхныя пысы былі падобныя да яшчаркавых.

Напрыканцы паглядзіце два відэа пра шчаслівае выратаванне

Сноўбардыст захрас у снезе ўніз галавой. Хуткая рэакцыя лыжніка яго выратавала. Лыжнік хутка выкопвае твар сноўбардыста, каб той мог дыхаць, а затым выкопвае астатнюю частку цела.

А гэтае відэа да канца, каб зразумець моц працы ў камандзе

Пчолы зладзілі сапраўдную ратавальную аперацыю для свайго сябра.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў