У ноч на 2 сакавіка з прычыны атакі расейскіх беспілотнікаў ва ўкраінскай Адэсе абвалілася частка шматпавярховіка. Вядома пра двух загінулых, але пад заваламі яшчэ могуць быць людзі.
«Чарговы тэрарыстычны напад на мірна спячы горад. Густанаселены раён. Тут проста жах. На месцы працуюць ратавальнікі, муніцыпальныя і аварыйныя службы. Вядуцца разборы завалаў», – заявіў мэр гораду Генадзь Труханаў.
Таксама пашкоджаны інжынерныя сеткі і кацельня, бліжэйшыя дамы адключаны ад ацяплення.
Кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер паведаміў, што адзін пад’езд разбураны дашчэнту.
Паводле звестак МУС, колькасць загінулых у Адэсе ўзрасла да двух, іх целы дасталі з-пад завалаў ратавальнікі ДСНС. Выратавальная аперацыя працягваецца, бо пад заваламі могуць быць людзі. На сувязь не выходзяць сем жыхароў шматпавярховіка. Вядома пра сем параненых асобаў, сярод іх – цяжарная жанчына і трохгадовае дзіця.
Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што знішчылі сем з васьмі расейскіх дронаў.
Яшчэ адна асоба загінула ад атакі дронаў на Харкаўшчыне. У пасёлку Вялікі Бурлук з-пад завалаў ва ўласным доме дасталі 76-гадовага мужчыну. У самім Харкаве ў выніку трапляння дронаў гарэлі два аўтамабілі.
Якуб Хруст belsat.eu