Уладзімір Гройсман: Пад уплывам Украіны Еўропа і ЗША мяняюць погляды на свет


Цяпер ва Украіне мы спыняем Гітлера ХХІ стагоддзя і абараняем ад яго ўвесь дэмакратычны свет, кажа былы прэм’ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман у інтэрв’ю belsat.eu.

Уладзімір Гройсман.
Фота: wikipedia.org

На якім этапе вайны цяпер Украіна?

На ключавым. Чарговым ключавым. Кожная наступная гадзіна мае вырашальнае значэнне і можа зрабіцца пераломнай. Украіна ваюе, украінцы сапраўды з’яднаныя. Нашая армія здолела адбіць расейскія атакі і мае поўнае падтрыманне народу. Увесь свет бачыць нашую рашучасць. І я скажу, што яна большая, чым відаць з ролікаў у інтэрнэце. Кожны ўкраінец і ўкраінка гатовыя змагацца з захопнікамі. Не важна, стары ці малады. У кожным месцы.

Гэтая рашучасць ужо здзіўляе ўвесь свет, і Пуцін яе недаацаніў…

Мы проста абараняем свой дом. Мы выдатна бачым, што Пуцін зрабіў з Расеяй. Мы бачым, што зрабіў з Беларуссю ягоны хаўруснік Лукашэнка. Мы не хочам гэтага ў сябе. Украіна будзе свабоднай і дэмакратычнай, і танкі, “Іскандэры” і абстрэлы з “градаў” гэтага не зменяць.

Я скажу больш. Тут, ва Украіне, цяпер вырашаецца лёс дэмакратычнага свету. Таму патрэбная ўся магчымая падтрымка. Неабходнае стварэнне антыпуцінскай кааліцыі – як была сфармаваная антыгітлераўская кааліцыя падчас Другой сусветнай вайны. Бо сёння Пуцін — гэта Гітлер XXI стагоддзя. Я вельмі рады, што ў Еўропе і ЗША гэта ўжо разумеюць, і што такая кааліцыя паўстае.

Я таксама вельмі ўдзячны Польшчы. Палякі нам вельмі дапамагаюць, і мы гэта бачым.

Ніколі не забудзем, што ў гадзіну выпрабавання сябры не падвялі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна.
Фота: МП / Белсат

Падтрымкі ў выглядзе ўзбраення і розных сродкаў дастаткова?

Пастаўкі вельмі важныя. Гэта такі новы лэндліз (матэрыяльная і зброевая падтрымка з боку ЗША для Еўропы і СССР, якія змагаліся супраць Нямеччыны. – belsat.eu) для нацыі, якая змагаецца з сучасным фашызмам. Акрамя таго, я заклікаю ЕС, NATO, ААН і іншыя міжнародныя структуры легальна ўвесці міратворчую місію ва Украіну. Няважна, у якой форме.

Важна, каб заходнія войскі ўвайшлі ва Украіну пад міжнароднай эгідай і гарантавалі нашую бяспеку. Нам і самім сабе. Таму што, як я ўжо казаў, мы тут змагаемся з пагрозай для ўсяго цывілізаванага свету.

Тэмпы ўвядзення санкцыяў першапачаткова не ўражвалі…

Я быў прэм’ер-міністрам, ведаю палітыку і дыпламатыю знутры. Таму я разумею, што не так проста пераканаць такую колькасць партнёраў да неадкладнай супрацы. Я ведаю, што трэба раіцца з бізнесам і г. д. Я перакананы, што паралельна рыхтаваліся тэхнічныя рашэнні, і калі палітычныя рашэнні былі прынятыя, санкцыі пачалі дзейнічаць.

Пад уплывам Украіны Еўропа і ЗША мяняюць погляды на свет.

Былі, вядома, і памылкі з-за нерашучасці. Цяпер, аднак, самае галоўнае — гэта адзінства і рашучасць Захаду ў падтрыманні Украіны. Патрэбна дзейнічаць хутка.

Што канкрэтна мусіць рабіць Захад?

Перш за ўсё, я заклікаю хутчэй адключыць Расею ад сістэмы SWIFT. Прытым усе банкі, каб не было “пралазаў”. Забараніць аперацыі ў рублях. Еўропа павінна перастаць купляць расейскія нафту і газ.

Я ведаю, што гэта радыкальны крок, і ён ўскладніць жыццё. Але калі дом гарыць, трэба адключыць газ, і ўсё.

Выбару няма, недэмакратычны свет павінен разумець, што дэмакратычны свет мацнейшы і гатовы ісці на ахвяры, нават коштам уласнага дабрабыту.

Вайна становіцца ўсё больш жорсткай. Першапачатковы план Пуціна з хуткім захопам Кіева і іншых цэнтраў, здаецца, пацярпеў крах. Ён затрымаўся. У выніку расейскае войска пачынае нападаць на мірных жыхароў…

Гэта трэба спыніць любой цаной. Украінская армія і супраціў украінцаў робяць усё магчымае, каб спыніць іх і выкінуць з нашай зямлі. У нас бываюць выпадкі неверагоднага гераізму. Малады хлопчык узарваў мост і сябе, каб спыніць расейскія калоны. Жыхары вёсак на ўсходзе краіны выходзяць блакаваць танкі голымі рукамі. Іншыя дапамагаюць у войску або ў шпіталях.

Я сам раблю кактэйлі Молатава разам з жыхарамі маёй Вінніцы.

Людзі здымаюць дарожныя знакі, каб захопнікі заблукалі, а далей імі ўжо займаецца нашая армія. Не было ні загадаў, ні інструкцыяў, і ўсё ж кожны ведае, што рабіць. Украінцы праявілі неверагодную салідарнасць, волю да барацьбы і самадысцыпліну ў час найвялікшага выпрабавання.

На шосты дзень вайны з Украінай расейскія войскі шчыльна падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю. На здымку – цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Выглядае, што палітычнае асяроддзе, якое да гэтага часу было жудасна падзеленае, таксама паводзіць сябе выдатна?

Я ніколі не належаў да прыхільнікаў Уладзіміра Зяленскага. Гэта не сакрэт. Так, да вайны палітыкі крытыкавалі адно аднаго і жорстка спаборнічалі.

Усё змянілася. Уладзімір Зяленскі сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнай сітуацыяй і бліскуча дае рады. Я ў поўным захапленні ад яго. З ім нацыя і лідары, палітыкі і нават алігархі. Я веру, што прэзідэнт выстаіць.

Ягоная галоўная задача цяпер — быць лідарам, праявіць баявы дух, і ён гэта робіць. Упраўленне ваеннымі аперацыямі ажыццяўляецца прафесіяналамі, вайскоўцамі. Таксама на ўзроўні рэгіянальнай адміністрацыі. Я ў пастаянным кантакце з мэрам Вінніцы, але рэальнымі і найбольш важнымі пытаннямі ў горадзе і вобласці цяпер займаюцца вайскоўцы. І так і мусіць быць.

Зяленскі – наш супергерой, і гэта ягоная роля.

Я ганаруся ім, як і нашай нацыяй супергерояў. Гонар і яшчэ раз гонар!

  • З 24 лютага ідзе вайна Расеі супраць Украіны. На раніцу 2 сакавіка расейскія войскі захапілі чыгуначны вакзал і рачны порт у Херсоне. Рэшта гораду застаецца пад кантролем Украіны.
  • Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін афіцыйна заявіў, што з дапамогаю вайны намагаецца змяніць палітычнае кіраўніцтва ва Украіне. 28 лютага ў Гомельскай вобласці прайшоў першы раўнд перамоваў паміж Кіевам і Масквою. На сёння плануецца другі раўнд перамоваў.

Глядзіце таксама:

Шосты дзень вайны. Здымкі зробленыя ў розных гарадах Украіны

«Тэрор супраць гораду, тэрор супраць Украіны». Як Харкаў перажыў атаку крылатымі ракетамі

Замест мядовага месяца – барацьба за Кіеў. Хто ідзе ў войска тэрытарыяльнай абароны

Без хлеба і каўбасы. Як выглядаюць кіеўскія крамы

На патрэбы ўкраінскай арміі. Як у Львове збіраюць дапамогу

Маршы супраць вайны ў Маскве

Гутарыў Міхал Кацэвіч belsat.eu

Стужка навінаў