Расейскія вайскоўцы, якія бяруць удзел у вайне, могуць атрымаць зніжкі на камуналку, бясплатны праезд і даплату да пенсіі


Каб падняць баявы настрой расейцаў у вайне з Украінай улады РФ абяцаюць ім шэраг ільготаў.

Міністэрства абароны Расеі падрыхтавала праект закону, паводле якога ўсім удзельнікам агрэсіі супраць Украіны будзе нададзены статус ветэрана баявых дзеянняў.

Амаль у 50 гарадах па ўсёй Расеі прайшлі акцыі супраць вайны ва Украіне. Антываенныя пратэсты ў расейскіх гарадах пачаліся адразу пасля ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага. З самага пачатку яны душыліся ўладай. У нядзелю на акцыях было затрымана 2405 чалавек у 49 гарадах па ўсёй краіне. Больш за ўсё было затрымана ў Маскве і Санкт-Пецярбургу – 1158 і 830 чалавек адпаведна. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Калі адмысловы закон будзе прыняты, то, сярод іншага, акупанты атрымаюць наступныя льготы:

  • даплата да пенсіі (прыкладна 3,5 тыс. расейскіх рублёў на месяц, зараз гэта крыху больш за 30 долараў);
  • зніжка 50 % на паслугі ЖКГ;
  • вызваленне ад транспартавага падатку і падатку на нерухомасць;
  • фінансавая дапамога пры будаўніцтве жылля (сума залежыць ад рэгіёну);
  • бясплатны праезд у грамадскім транспарце.

Таксама рэгіёнам прапаноўваецца прапанаваць вайскоўцам ільготы пры аплаце паслуг мабільнай сувязі, бясплатна вылучаць зямлю пад будаўніцтва жылля.

Мінабароны Расеі прапаноўвае расейскім падаткаплатнікам выдаткаваць сёлета з федэральнага бюджэту на льготы ўдзельнікам вайны ва Украіне 5,01 млрд расейскіх рублёў.

Чакаецца, што адмысловыя папраўкі ў закон РФ «Аб ветэранах» трапяць у Дзярждуму не раней за 14 сакавіка. Бо, паводле існай працэдуры, законапраект да 6 сакавіка павінен прайсці антыкарупцыйную экспертызу, а потым яшчэ тыдзень будзе доўжыцца грамадскае абмеркаванне. Толькі пасля гэтага ўрад РФ можа накіраваць прапановы ў Дзярждуму.

Фота
Шосты дзень вайны
2022.03.02 02:25

Зрэшты, не факт, што нават тыя расейскія акупанты, якія вярнуцца жывымі з Украіны, хутка змогуць скарыстацца акупанцкімі льготамі. Напрыклад, у верасні 2015 года расейскія ўлады паабяцалі льготы ўдзельнікам вайны ў Сірыі. Але адмысловыя папраўкі ў закон «Аб ветэранах» урад РФ унёс толькі ў траўні 2016 года. На выплаты вайскоўцам, якія бралі ўдзел у вайне ў Сірыі, тады было выдаткавана 967,8 млн расейскіх рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў