Павел Латушка: Рэгулярная армія не настроеная ваяваць. Лукашэнка можа адправіць ва Украіну ўнутраныя войскі і Карпянкова


Павел Латушка ў эфіры «Белсату» заявіў, што паводле ягоных крыніцаў, Лукашэнка ўжо прыняў рашэнне пра ўвод Узброеных сілаў Беларусі на тэрыторыю Украіны.

«Інфармацыя ад крыніцаў, якія інфармавалі нас пра міграцыйны крызіс, і ён пацвердзіўся. Паседжанне Савету бяспекі 1 сакавіка было нестандартнае, бо ён пашырыў яго да чальцоў ураду, дзе прынятае рашэнне пра ўвод Узброеных сілаў Беларусі на тэрыторыю Украіны, сіл спецыяльных аперацыяў. Сілы спецыяльных аперацыяў разгорнутыя на мяжы з Украінай, і гэта стоадсоткавая інфармацыя. Загад прывесці войска ў стан баявой гатовасці аддадзены. Міністр абароны Хрэнін гэты загад атрымаў».

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, пасля паседжання Савету бяспекі адбылася размова Лукашэнкі і Пуціна і ўзгоднены ўдзел Узброеных сілаў Беларусі ў агрэсіі ва Украіне. Рашэнне будзе прынятае ў залежнасці ад перамоваў другога раўнду Расеі і Украіны, а таксама ў залежнасці ад таго, наколькі «эфектыўна» будуць дзеяць расейскія войскі ва Украіне, кажа палітык.

«Агулам дату ўзяцця Кіева яны прызначылі на 7 сакавіка. Загад паступіць ужо не праз Лукашэнку. Крыніца кажа, што рашэнне будзе прымаць Генштаб Расеі. Ён дасць наўпроставую каманду Хрэніну, фактычна здрадніку радзімы, каб беларускія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Украіны».

Паводле Латушкі, у частках, якія цяпер разгорнутыя на мяжы, застаюцца афіцэры і кантрактнікі. Ім выдалі сухі паёк на тры дні.

«Агульны састаў сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі – каля 6 тысяч вайскоўцаў. Афіцэры – тыя, хто ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў. Сярод кантрактнікаў ёсць браджэнне, яны не гатовыя за грошы ісці і паміраць. Таму Лукашэнка хутчэй за ўсё і не можа выкарыстаць рэгулярную армію, бо прызыўнікі дакладна не настроеныя ваяваць. У якасці другога эшалону за сіламі спецыяльных аперацыяў, як мяркуецца, на так званую зачыстку, пойдуць унутраныя войскі. Небезвядомы Карпянкоў, які вядомы ўсім беларусам як прадстаўнік нацысцкай хунты ў Беларусі».

Лукашэнка ўжо прызнаў агрэсію супраць Украіны і распавёў пра запускі ракетаў з беларускай тэрыторыі па ўкраінскіх пазіцыях. Пры гэтым ён сказаў, што не ведае, колькі менавіта ракетаў запусцілі па Украіне. Кіеўскі Цэнтр абарончых стратэгіяў лічыць, што Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна, таму можа ўзяць удзел у вайне Расеі супраць Украіны:

«Вайскоўцы Беларусі могуць не зразумець, куды іх накіроўваюць, іхны тэлеэфір напоўнены прапагандай пра ўяўных «нацыстаў», ім могуць не патлумачыць задання, і яны могуць не зразумець шмат чаго з таго, што адбываецца. Яны могуць не ведаць аб шалёных стратах расейцаў ва Украіне за апошнія некалькі дзён».

Таксама ў размове з Уладзімірам Зяленскім пра абстрэл Украіны з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка паскардзіўся, што яго змушаюць уступіць у вайну. Украінскі прэзідэнт падкрэсліў: калі беларускія войскі пойдуць супраць Украіны, гэта будзе вайна, якая вельмі дрэнна закончыцца для самога рэжыму Лукашэнкі.

Інфармацыя пра тое, што на Чарнігаўшчыну зайшлі беларускія войскі, не пацверзілася.

belsat.eu

Стужка навінаў