Полк Каліноўскага пачаў працу над стратэгіяй вызвалення Беларусі. Інтэрв’ю з Кабанчуком


Як добраахвотнікам з палка Каліноўскага ўдалося сабраць беларускіх палітыкаў, якія паміж сабой амаль не размаўляюць: Святлану Ціханоўскую, Зянона Пазняка ды іншых? Якою каліноўцы бачаць стратэгію вызвалення Беларусі? Вынікі канферэнцыі «Шлях да волі» – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Вадзімам Кабанчуком, намеснікам камандзіра палка Каліноўскага і адным з арганізатараў форуму ў Кіеве.

Сяргей Пеляса:  Галоўным арганізатарам канферэнцыі «Шлях да волі» быў полк Кастуся Каліноўскага. Ці беларусы пасля яе сталі бліжэй хоць на крок да вяртання дадому, у вольную Беларусь?

Вадзім Кабанчук: Канферэнцыя паказала, што мы на шляху. Яшчэ яна паказала, што нягледзячы на пэўныя супярэчнасці паміж рознымі сіламі мы ўсё ж знайшлі такі фармат, дзе можам хаця б адно аднаго выслухаць, паразмаўляць. І давесці, што для нас галоўнае не прозвішчы, а адданасць прынцыпам. Для нас, ваяроў, гэта ідэалы 25 сакавіка, ідэалы незалежнасці, суверэнітэту нашай краіны. Менавіта такіх паплечнікаў мы сабралі ў Кіеве.

– Пад адным дахам вам удалося спалучыць, падаецца, цяжка спалучальных раней асобаў – Святлану Ціханоўскую і Зянона Пазняка. Што праўда, не ў адной дыскусіі, але яны ўдзельнічалі ў вашай канферэнцыі. Як вам удалося іх запрасіць? Ці паўплываў аўтарытэт каліноўцаў?

– На беларускім каляпалітычным небасхіле зʼявіліся беларускія ваяры ва Украіне. Не толькі ва Украіне. У нас багата хлопцаў, якія прайшлі праз наш полк і цяпер з розных прычынаў перабываюць у Еўропе. Гэта новы фактар. Безумоўна, тое, што сабраліся розныя сілы, сведчыць, што ў іх ёсць павага да беларускіх ваяроў. Мы адразу казалі ім, што не збіраемся высвятляць, хто правы, хто вінаваты. У нас ёсць агульная мэта – вызваліць Беларусь. Калі вы падзяляеце нашыя падыходы, стратэгічныя тэзісы, калі ласка, прыязджайце, будзем размаўляць. Час пакажа, можа, мы ў выніку зрабілі першы крок, а за ім могуць быць наступныя.

– Сярод арганізатараў і ўдзельнікаў – полк Каліноўскага, Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка. Гэтыя арганізацыі, наколькі разумею, некалькі месяцаў узгаднялі дакументы. Да чаго вы разам прыйшлі, да якіх дакументаў, што супольнага вы ўзгаднілі? Якія думкі, канцэпцыі ў форме дакументаў?

– Самы галоўны дакумент, які мы хацелі б зацвердзіць, гэта канцэпцыя вызвалення Беларусі. Мы пагадзіліся з думкамі нашых калегаў, што канцэпцыя мусіць быць шматгранная. Мы спыніліся на тым, што агучым на канферэнцыі стратэгічныя тэзісы, якія часткова агучваў Дзмітрый Шчыгельскі, часткова я прагаварыў. З выніковых дакументаў мы прапанавалі падпісаць мемарандум, што частка ўдзельнікаў і зрабіла. Мемарандум – гэта дэкларацыя намераў. Толькі час пакажа, ці ёсць жаданне ў людзей рухацца і рабіць эфектыўныя рэчы.

– Наколькі разумею, гэтыя асноўныя структуры і тыя арганізацыі, якія змогуць падпісаць мемарандум, бяруць на сябе пэўны абавязак пачаць дыялог, каардынацыю супольнай дзейнасці дзеля вызвалення Беларусі. 

– Мы на канферэнцыі паклалі пачатак такой кансультацыйнай пляцоўкі. Функцыянал будзем выпрацоўваць у межах працоўнай групы. Я спадзяюся, мы пашырым аргкамітэт падрыхтоўкі да канферэнцыі. Туды ўваходзілі пяць асноўных субʼектаў. Мы пашырым яго з улікам тых, хто падпісаўся, і будзем рухацца далей.

Рэпартаж
У Кіеве прайшла канферэнцыя каліноўцаў. На ёй амаль падпісалі супольныя дакументы
2023.11.30 01:09

– Намер пра стварэнне кансультацыйнай пляцоўкі выказаны. Ці могуць тыя арганізацыі, што фізічна не прысутнічалі паводле нейкіх прычынаў, далучыцца да мемарандуму і да кансультацыйнай пляцоўкі?

– Безумоўна, могуць. У нас дакументы адкрытага фармату. Могуць далучацца структуры. Можа, мы прыдумаем механізм далучэння асобных людзей.

– Праз нейкі час гэты дакумент будзе апублікаваны, так разумею. Сочым за сацыяльнымі сеткамі і тэлеграм-каналам палка Каліноўскага. На канферэнцыі таксама гучалі крытычныя меркаванні. Гэта была пляцоўка, дзе беларусы маглі выказацца. Як бы ты падсумаваў галоўную выснову ўсіх гэтых супярэчлівых дакументаў, дыскусіяў?

– Мне спадабалася неакадэмічная форма правядзення канферэнцыі. Была жывая дыскусія з залам. Я думаю, засталося ўсё ж пераважна прыемнае ўражанне ў гасцей канферэнцыі і ўкраінскіх партнёраў, яны пабачылі, што беларусы – еўрапейская нацыя, якая імкнецца да вызвалення бацькаўшчыны. Мы хочам паўнавартасна ўвайсці ў еўрапейскую сямʼю народаў. Думаю, гэтай канферэнцыяй мы паднялі цікавасць да беларусаў ва Украіне. Гэта вельмі важна. Тут прагаворваліся рэчы, што мы былі суседзямі – але насамрэч мы вельмі мала адно пра аднаго ведалі.

– На пачатку канферэнцыі полк Каліноўскага паказаў элементы будучай стратэгіі, як гэта бачаць каліноўцы. Ці можна раскрыць без дэталяў агульную стратэгію вызвалення Беларусі так, як вы бачыце?

– Фактычна мы прапануем рухацца калонамі на гарызантальным узроўні. Ёсць праца на дыпламатычным узроўні, палітычным, эканамічным, грамадскім, сілавым. Што мы дадалі ў стратэгію – зʼявіўся фактар арганізаванай вайсковай сілы. Гэта беларускія ваяры ва Украіне. Калі мы гаворым, што ў будучыні нам трэба быць гатовымі, каб вырваць уладу з рук дыктатара, мы мусім рыхтаваць інструменты, каб наладзіць эфектыўнае кіраванне краінай у першыя дні. Адным з гэтых элементаў ёсць сілавы блок. Нам, ваярам, гэта важна, бо мы бачым, што адбываецца ва Украіне. Дзяржава, якая не будзе мець моцнай арміі, асуджаная.

– Што пасля канферэнцыі ў найбліжэйшыя дні, тыдні будзе адбывацца? Наколькі разумею, частка арганізацыяў падпісала дакументы. Іншыя, з увагі на свае дэмакратычныя працэдуры, напрыклад, Каардынацыйная рада, узгодняць гэта з усімі прадстаўнікамі. Як будзе выглядаць лёс гэтых дакументаў і праца над кансультацыйнай пляцоўкай?

– Найбліжэйшым часам мы збяром аргкамітэт, дзе выпрацуем рэгламент. Напрыклад, час, калі будзем збірацца. І пачнём працаваць.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 30.11.2023

belsat.eu

Стужка навінаў