«Хапун» у Шчучынскім аўтапарку і прыцягненне да адказнасці 28 чалавек па «слуцкай справе»


«Белсат» апісвае выпадкі палітычна матываванага пераследу ў дачыненні да беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: na-dache.pro

У Менску працягваецца суд над былым вайскоўцам Паўлам Кучынскім. Справа пачала разглядацца 4 кастрычніка, мужчыну абвінавачваюць паводле 7 крымінальных артыкулаў, сярод якіх ёсць «здрада дзяржаве», «акт тэрарызму», «стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй». Паводле сцвярджэнняў BYPOL, Павел, верагодна, быў затрыманы ў сувязі з дачыненнем да справы «інкасатараў»: «спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася».

Сёння стала вядома, што ў Горадні адбылося затрыманне Сяргея Чэкеля. Відэа з мужчынам з’явілася ў тэлеграм-канале сілавікоў, на якім яго прымушаюць казаць, што ён быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама за ўдзел у акцыях пратэсту.

Стала вядома, што ў сувязі з забойствам бацькамі трохгадовага сына ў Слуцку да адказнасці былі прыцягнутыя 28 чалавек, якія дапусцілі і своечасова не перадухілілі факт трагедыі. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Нагадаем, што ў сувязі са справай аб забойстве дзіцяці бацькам Аляксандру і Анастасіі Таратутам былі вынесеныя прысуды: Аляксандру – смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу, Анастасіі – 25 гадоў калоніі.

У Гомлі затрымалі былога настаўніка гісторыі Васіля Палякова. Мужчыну выклікалі ў міліцыю па позве, але праз пару гадзін «прывезлі ў кайданках дахаты, правялі вобшук, забралі аргтэхніку, паперы», паведаміў Анатоль Лябедзька. Васіль Палякоў неаднакроць удзельнічаў у розных палітычных кампаніях і нейкі час узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Сёння стала вядома пра затрыманне спявачкі Ларысы Грыбалёвай. Пра затрыманне паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна»: паводле непацверджанай інфармацыі, дома ў Ларысы адбыўся ператрус. Але пазней у «Фэйсбуку» спявачкі з’явілася паведамленне, што яна дома, «усё добра».

Стала вядомая дата разгляду апеляцыйнай скаргі палітзняволенай Таццяны Бізюк, затрыманай 10 лютага 2023 года і абвінавачанай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У Менскім абласным судзе дзяўчыне прысудзілі 3 гады калоніі. Апеляцыя Таццяны будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе 3 лістапада.

Сёння з’явіліся звесткі пра «хапун» у шчучынскім аўтапарку. Два дні запар сілавікі ў філіяле «Аўтапарк №12 г. Шчучын» затрымлівалі шмат чалавек (дакладная колькасць невядомая) за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У тэлеграм-канале сілавікоў з’явіліся звесткі аб затрыманні мужчыны, які ў 2020 годзе збіраў грошы для пацярпелых ад гвалту, наведваючы акцыі пратэсту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў