Расейскія губернатары паведамляюць пра масавую атаку на рэгіёны РФ з дапамогай беспілотнікаў з тэрыторыі Украіны. Ёсць пацверджаныя пашкоджанні.
Гэтак, губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт паведаміў, што раніцай два ўкраінскія дроны атакавалі горад Курчатаў. Пашкоджаны адміністрацыйны будынак і жылы дом.
Кіраўнік Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз распавёў, што над Бранскім раёнам быў збіты беспілотны лятальны апарат самалётнага тыпу. Паводле яго, пацярпелых і разбурэнняў няма.
У Пскове «адзінкавы неапазнаны аб’ект» у небе спрабавалі збіць у раёне Крастоў, дзе знаходзіцца вайсковы аэрадром. Губернатар Міхаіл Вядзернікаў адзначыў, што «на зямлі ніякіх наступстваў няма».
Таксама і ў Белгародскім раёне, як паведамляецца, быў збіты БПЛА самалётнага тыпу. Па папярэдніх дадзеных, пацярпелых і разбурэнняў няма, заявіў губернатар Вячаслаў Гладкоў.
«Сёння сіламі СПА побач з Люберцамі спынена чарговая спроба пралёта беспілотніка да Масквы. Папярэдне пацярпелых і разбурэнняў няма», – распавёў мэр Масквы Сяргей Сабянін.
Як перадае РИА Новости, праз атаку беспілотнікамі падмаскоўныя аэрапорты «Унукава», «Дамадзедава» і «Шарамецьева» скасавалі прынамсі 23 рэйсы і перанеслі 61.
За апошнія тыдні Украіна значна павялічыла інтэнсіўнасць і эфектыўнасць атак дронаў на розныя аб’екты на тэрыторыі РФ. У ноч на 30 жніўня наагул адбылася самая масаваная з пачатку вайны ўкраінская атака, якая закранула адразу шэсць рэгіёнаў краіны-агрэсара.
Амаль адначасова ўдар быў нанесены па цэлях у шасці рэгіёнах: Пскоўскай, Бранскай, Калужскай, Разанскай, Арлоўскай і Маскоўскай вобласцях. Таксама прылёт зафіксавалі ў акупаваным Севастопалі.
Якуб Хруст belsat.eu