У першы дзень новага навучальнага года Аляксандр Лукашэнка вырашыў правесці ўрок для студэнтаў ВНУ, а таксама навучэнцаў школаў і ўстановаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Адкрыты ўрок пад назваю «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» праходзіў у менскім Палацы Незалежнасці. Запрасілі на яго некалькі соцень маладых людзей, сярод якіх – стыпендыяты спецыяльнага фонду прэзідэнта, прэзідэнцкіх стыпендыяў, удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў навуковых працаў, пераможцы і лаўрэаты творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, прадстаўнікі валанцёрскага руху, чальцы студэнцкіх атрадаў.
На відэасувязі падчас уроку былі пяць вядучых рэгіянальных ВНУ, а жывая трансляцыя выступу Лукашэнкі вялася ва ўсіх установах адукацыі Беларусі. Распачаўся ўрок з выканання дзяржаўнага гімну і цягнуўся амаль чатыры гадзіны.
Падчас уроку Лукашэнка прадэманстраваў нібыта першы беларускі камп’ютар. Але ў ім, як высветлілася, беларускага – толькі 12 %.
«Да канца года будзе 30 %. Гэта гаворыць пра тое, што ў нас ёсць вялізны патэнцыял», – сказаў Лукашэнка.
У пэўны момант відэатрансляцыі можна было заўважыць, як нейкі хлопец паказвае суседцы паперку з надпісам на расейскай мове «Спасите». У гэты ж момант іншы хлопец распавядаў, як любіць гісторыю, цікавіцца ёй, часта сядзіць у розных гістарычных пабліках. На што Лукашэнка яму адказаў: «Не кажы «сяджу», гэта дрэннае слова».
Марыя Міхалевіч belsat.eu