«Афіцыйна яе не шукаюць». Паліцыя адмовілася дапамагаць мужу зніклай ва Украіне беларускі


Муж зніклай ва Украіне беларускі Наталлі Грынь распавёў «Белсату» пра спробы папрасіць дапамогі ў ейным пошуку. «Амаль упэўнены, што афіцыйна яе не шукаюць», – канстатаваў Яўген Грынь.

Зніклая ва Украіне беларуска Наталля Грынь.
Фота: Белсат

23-гадовая Наталля Грынь знікла ўвечары 29 ліпеня, калі ехала на мікрааўтобусе з Украіны ў Польшчу. Апошняе паведамленне мужу яна даслала, калі да мяжы заставалася ехаць каля паўгадзіны.

Сужэнцы стала жывуць у Польшчы, спадарыня Наталля раз-пораз ездзіла ва Украіну дзеля валанцёрскай працы і цяпер вярталася з чарговай камандзіроўкі.

Муж Наталлі Яўген распавёў «Белсату», што адразу звярнуўся ў польскую паліцыю: «Мне паведамілі, што мяжу яна не мінула, і сказалі, што калі яна не ў Польшчы, то яны не могуць прыняць ад мяне заяву аб знікненні».

Ва ўкраінскім Чырвоным Крыжы паведамленне аб знікненні асобы прынялі, але адразу папярэдзілі, што гэта не прыярытэтная справа.

«Там сказалі, што найперш шукаюць вайскоўцаў і асобаў з акупаваных тэрыторыяў, то бок, нават калі мне і дапамогуць, то вельмі няхутка. Параілі званіць памежнікам», – перадае размову Яўген.

У Памежнай службе Украіны заявілі, што якую-кольвек інфармацыю могуць раскрыць толькі праз суд або на запыт паліцыі ці адваката:

«У паліцыі сказалі, што праз тэлефон яны не могуць даць мне падобнай інфармацыі, трэба, каб я прыйшоў і асабіста напісаў заяву. Амаль упэўнены, што афіцыйна яе ніхто не шукае, толькі знаёмыя, сябры і валанцёры».

Зніклая ва Украіне беларуска Наталля Грынь.
Фота: Белсат

Тэлефон Наталлі ўсцяж недаступны, таксама з 29 ліпеня яна не заходзіла ў свае сацсеткі.

«Гэта не праз асабістыя праблемы, бо для сваякоў і ейных сяброў таксама тэлефон недаступны. Гэта значыць, што гэта не тое, што яна асобна са мной не хоча гаварыць», – упэўнены спадар Яўген.

Паслугамі якога перавозніка скарысталася беларуска, муж не ведае. Кажа, што набыла квіток у інтэрнэце. Спробы высветліць, якая гэта была кампанія, аказаліся марнымі.

«Я спрабаваў знайсці, глядзеў паводле часу адпраўлення, у каго ёсць у суботу ў гэты час адпраўленне, пісаў перавознікам. Не ўсе, вядома, адказваюць, але не знайшоў, каб у кагосьці знікалі маршруткі, кажуць, што якія рэйсы ў іх былі, усе даехалі», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Бліжэйшым часам у паліцыю мусіць быць пададзеная заява аб знікненні асобы.

«Сёння, калі да вечара не знойдзецца, адна валанцёрка пойдзе ў паліцыю. Іншых асобаў, хто мог бы звярнуцца, там няма», – падсумаваў Яўген Грынь.

«Белсат» даслаў афіцыйныя запыты ў Нацыянальную паліцыю і Дзяржаўную памежную службу Украіны.

Пра пошукі дзяўчыны раней паведаміў Беларускі дом ва Украіне. Там папрасілі пісаць у іхны Telegram-бот усіх, хто што-небудзь ведае пра лёс Наталлі.

Hавiны
Ва Украіне каля мяжы з Польшчаю знікла 23-гадовая беларуска
2023.08.01 12:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў