Ад шнуркоў-бранзалетаў да шыкоўных гадзіннікаў: разбіраем гардэроб беларускіх дэмсілаў


Якія грошы патрэбныя, каб стварыць палітыку прывабны вобраз? Немалыя, бо не сакрэт: поспеху ў палітыцы садзейнічаюць не толькі здольнасці і ўменне падабацца людзям, але і знешні выгляд. Таму вышэйшыя службовыя асобы розных дзяржаваў старанна падбіраюць свае гарнітуры. Журналісты праграмы «Тыдзень» зазірнулі ў гардэробы беларускіх палітыкаў і высветлілі, дзе браў паліто Павел Латушка, хто падарыў чаравікі Франаку Вячорку і колькі каштуе гадзіннік галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас ейнага візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Часам, за спінамі першых асобаў дзяржаў, стаяць цэлыя каманды іміджмейкераў: яны падбіраюць дзеячам патрэбнае адзенне і дапамагаюць ім пазбягаць рэпутацыйных промахаў. Аднак, не глядзячы на гэта, і ў вядомых палітыкаў бываюць пралікі. Так, напрыклад, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон апынуўся пад агнём крытыкі пасля таго, як падчас тэлеінтэрв’ю аб пенсійнай рэформе спрабаваў зняць пад сталом дарагі гадзіннік. А ў Польшчы дагэтуль памятаюць скандал дзесяцігадовай даўніны, калі тагачасны міністр транспарту Славамір Новак страціў пасаду і партыйнае пасведчанне, бо забыў указаць у дэкларацыі між іншым часы Ulysse Nardin коштам не больш за тры тысячы долараў.

Дзеячам жа беларускіх дэмсілаў часцяком у пытаннях іміджу і параіцца няма з кім.

Павел Латушка: любоў да запанак і элегантнасць нават у спартовым касцюме

«Я заўсёды марыў купіць трэніровачны касцюм фірмы Adidas. І калісьці я гэтую мару выканаў – купіў», – кажа ў размове з «Белсатам» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Павел Латушка, як і многія беларусы, перыядычна абнаўляў гардэроб «на набытках».
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Палітык сцвярджае, што і ў «трох палосках» можа выглядаць элегантна. Былы дыпламат, як і многія беларусы, перыядычна абнаўляў гардэроб «на набытках». Прыгожае паліто, якое апранута на палітыку падчас нашай размовы, Павел Латушка набыў на зніжцы ў Варшаве, калі яшчэ працаваў у Парыжы.

«Дарэчы, у Парыжы было вельмі дорага ўсё купляць, хаця не магу скардзіцца – заробак у мяне быў даволі добры. Але цяжка было знайсці штосьці памерам на мяне – я не маленькі хлопчык. Таму я купляў рэчы ў Польшчы, калі прыязджаў сюды. І гэтае паліто купленае падчас маёй працы паслом у Польшчы, і абутак куплены яшчэ ў той час», – распавядае Павел Латушка.

Многія рэчы Павел Латушка набыў яшчэ ў часы, калі працаваў дыпламатам.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Асабісты пункцік палітыка – запанкі. Ён валодае вялікай калекцыяй гэтых аксесуараў: амаль з паўсотні пар. Самыя любімыя – падораныя дачкой. Паколькі кіраўнік НАУ практычна не носіць кашуль з гузікавымі абшыўкамі, гадзіннікі ён таксама апранае рэдка – у тыя моманты на яго руцэ можна заўважыць кварцавую мадэль ад брэнда Flanko Watches. Зараз яна знятая з вытворчасці, раней жа каштавала каля 200 долараў.

«Гэты гадзіннік – таксама падарунак. Ён каштуе, наколькі я ведаю, 100 ці 150 долараў. Шчыра кажучы, я гадзіннікі ніколі не купляў ды ўвогуле іх не нашу. Гэта адбываецца вельмі рэдка, калі ў мяне няма запанак. Тады я магу апрануць гадзіннік, а магу і забыць. Калі ёсць запанкі, то гадзіннік тады не будзе пасаваць», – адзначае наш суразмоўца.

Валер Кавалеўскі: шнурок-бранзалет, калекцыя гадзіннікаў і гальштукаў

Яшчэ адзін дыпламат і калега Паўла Латушкі па Аб’яднаным пераходным кабінеце Валер Кавалеўскі таксама неабыякавы да модных аздобаў. Яшчэ з часоў працы ў МЗС ён збірае мужчынскія аксесуары.

«Самая дарагая ў мяне рэч, здаецца, – гэта гадзіннік. У мяне ёсць калекцыя гадзіннікаў з 7 штук, і калекцыя гальштукаў – каля 50 штук. Калекцыя гадзіннікаў не вельмі вялікая, але, тым не менш, вельмі мне дарагая. У мужчын не так шмат магчымасцяў праявіць сябе, ёсць не так шмат аксесуараў, якія мы можам насіць, і гадзіннік – самы выразны з іх», – кажа Валер Кавалеўскі.

Самы дарагі гадзіннік з калекцыі палітыка належыць швейцарскаму брэнду Victorinox: кошт хранографа – 500 долараў.

Гадзіннік швейцарскага брэнду Victorinox Валера Кавалеўскага каштуе 500 долараў.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

На некаторых фота на руцэ Валера Кавалеўскага звяртае на сябе ўвагу шнурок-бранзалет, які выбіваецца з нормаў дыпламатычнага пратаколу.

«Гэта быў шнурок, які я павязаў 9 жніўня 2020 года. На гэтыя выбары трэба было ісці з белымі стужачкамі на руках. У мяне не было, і я проста забраў адзін шнурок з красоўкі майго сябра і павязаў на руку. Зрабіў гэта як мог – вельмі нефарматна, але, тым не менш, я прахадзіў з ім можа гады паўтары-два, да таго моманту, пакуль ён не прыйшоў у не самы прывабны выгляд і я быў вымушаны яго зняць. Але памятаю, калі я патрапіў пад арышт, мне прыйшлося зняць гэты шнурок. Але, як толькі я выйшаў на волю, адразу павязаў яго назад», – узгадвае Валер Кавалеўскі.

Шнурок-бранзалет на руцэ Валера Кавалеўскага.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Беларуская тэма» і сёння фігуруе ў гардэробе палітыка. Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах даражыць лонгслівам – ва ўсіх сэнсах блізкім сэрцу. Так, напрыклад, Кавалеўскаму заўсёды прыемна апранаць світэр, дзе вядомы брэнд Patagonia стылізаваны і адаптаваны пад яго родныя мясціны – Палессе.

Валер Кавалеўскі.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Святлана Ціханоўская: падтрыманне сваіх і сукенкі за 300 долараў

Айчынныя брэнды падтрымлівае і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Па-за фармальнымі сустрэчамі яна зʼяўляецца ў худзі ад дызайнера Вольгі Кардаш.

Святлана Ціханоўская ў худзі ад беларускай дызайнеркі Вольгі Кардаш.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«У нас ёсць калекцыя «Буслоў», якую я зрабіла яшчэ ў 2016-м годзе. Паўтары гады таму я пачала яе пераасэнсоўваць: паступова перарабіла кожную мадэль, зрабіла іх у сучасным ключы, таму што час ідзе, усё змяняецца. У адной з мадэляў я пакінула толькі вышыўку, змяніўшы крой і памер. І менавіта такую мадэль мае Святлана Ціханоўская», – кажа Вольга Кардаш.

Дызайнерка Вольга Кардаш паказвае мадэль з калекцыі «Буслоў», якую мае ў сваім гардэробе Святлана Ціханоўская.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Яна мяркуе, што беларускім дзеячам важна апранаць рэчы айчынных брэндаў, маўляў, так пра нашых дызайнераў могуць даведацца за мяжой. Ганарыцца Вольга і вядомымі кліентамі.

«Для мяне гэта вельмі прыемна і радасна. Калі я даведалася, што ў Святланы ёсць мой світшот, адразу ж захацелася пра гэта расказаць, бо гэта ў першую чаргу гонар: першая асоба нашай краіны носіць рэч, зробленую мною», – адзначае Вольга.

Набывае адзенне ад Кардаш і Павел Латушка. Мадэль яго світшоту падобная да мадэлі Святланы – там таксама ёсць вышыўка бусла, але ў мужчынскім варыянце: такая мадэль адрозніваецца больш прамой формай і класічнымі дэталямі.

Але вернемся да Святланы Ціханоўскай. Падмурак яе гардэробу – калашынныя касцюмы. Убачыць прэзідэнтку ў сукенках можна нячаста. Большасць з іх пашытыя англійскім прэміяльным брэндам Karen Millen. Каштуюць такія ўборы больш за трыста долараў кожны.

Большасць з сукенак Святланы Ціханоўскай пашытыя англійскім прэміяльным брэндам Karen Millen.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Лукі палітыка нярэдка дапаўняюць сціплыя гадзіннікі брэнда Swatch. Часам Ціханоўская абірае сучасныя Apple Watch.

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Франак Вячорка: гадзіннік за тысячы долараў і чаравікі ад адвакатак

Куды менш сціплы аксесуар абцяжарвае левую руку ейнага дарадцы. У Франака Вячоркі цяжка было не заўважыць Seamaster Planet Ocean ад брэнду Omega. Кошт такой прыгажосці вагаецца ад 5 да 9 тысяч долараў.

Франак Вячорка носіць гадзіннік Seamaster Planet Ocean ад брэнду Omega. Кошт вагаецца ад 5 да 9 тысяч долараў.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«З гэтым гадзіннікам ёсць свая гісторыя. Мне яго падараваў чалавек, які вельмі шмат спрычыніўся да беларускай справы. Займаўся і да 2020 года, і пасля 2020-га адраджэннем беларускіх мясцінаў. Многія яго ведаюць таксама. Ён, напэўна, пабачыўшы, што ў мяне няма гадзінніка, проста зняў свой з рукі і сказаў: вось табе, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь», – патлумачыў Франак.

Ён кажа, што такі гадзіннік выбіваецца з яго сціплага гардэроба. Рэчы Франак Вячорка стараецца купляць на зніжках, а новыя чаравікі яму падарылі на дзень народзінаў адвакаткі – Ганна Маціеўская і Марыя Колесава-Гудзіліна.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў, адкуль у яго дарагі гадзіннік.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Калі хаджу па вуліцах, то апранаю самае простае і таннае. Усё куплена ў «Акропалісе» на зніжках. Там няма рэчы даражэйшай за 100-200 долараў. Гэта, як правіла, марынаркі, гарнітур. Чаравікі, якія на мне, увогуле падаравалі адвакаткі Ганна Маціеўская і Марыя Колесава-Гудзіліна. Калі яны ўбачылі, што мае бацінкі збітыя-зношаныя, то пайшлі і зрабілі мне падарунак на Дзень нараджэння», – падзяліўся Вячорка.

Чаравікі, якія падарылі Франаку Вячорке на дзень нараджэння адвакаткі — Ганна Маціеўская і Марыя Колесава-Гудзіліна.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Вольга Кавалькова: заўсёды «на стылі»

Затрымаемся на гадзінніках беларускіх палітыкаў. Сябра Каардынацыйнай рады і юрыстка Вольга Кавалькова абірае арыгінальныя, керамічныя хранометры брэнда Rado – за 1300 долараў.

«Чаму яны? Таму што спадабаліся: яны тонкія, лёгкія, іх не трэба здымаць, калі праходзіш металашукальнік у аэрапорце, бо яны зробленыя не з металу, а з керамікі», – адзначае палітык.

Вольга Кавалькова і гадзіннік брэнду Rado за 1300 долараў.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Вольга – вядомая сваімі яскравымі вобразамі асоба. Яна не цураецца эксперыментаў і можа нават… выйсці з дома ў розным абутку.

«У мяне ёсць свой асабісты густ і я люблю, калі з аднаго боку проста, а з іншага – ёсць нейкая ўнікальнасць, тое што пра мяне», – кажа Вольга.

Вольга Кавалькова вядомая сваімі яскравымі вобразамі.
Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Дапамагаюць Кавальковай ствараць унікальны стыль айчынны брэнд «10motifs» і вядомая марка Karl Lagerfeld. Ад апошняга ў Вольгі ёсць кашуля. Але на жаль, адчувальны кошт у 150 долараў не перайшоў у яе якасць:

«Кашуля не доўга пратрымалася, бо яна мае спераду налепку, якая праз некалькі пранняў пачала сцірацца», – распавядае палітык.

Па словах Вольгі, на яе стыль паўплывала доўгае жыццё ў Еўропе. Раней, на Радзіме, яна насіла абцягваючае адзенне. Цяпер яго змянілі рэчы оверсайз. Юрыстка кажа, што свабода па-за межамі Беларусі адчуваецца нават праз цела – у жаданні апранаць аб’емныя рэчы, якія не абмяжоўваюць.

Кацярына Гардзеева belsat.eu

Стужка навінаў