Польскія фермеры распачалі акцыю пратэсту на мяжы з Літвой


Польскія фермеры 1 сакавіка перакрылі дарогу на былым прапускным пункце паміж Польшчай і Літвой «Кальварыя – Будзіск», паведамляе BNS. Яны хочуць пераканацца, што з Літвы ў Польшчу не паступае ўкраінскае ці расейскае збожжа.

Пратэст польскіх фермераў на мяжы з Літвой.
Фота: LRT

«Пасля сустрэчы прэм’ер-міністра з аграрыямі ніякіх дамоўленасцяў пакуль няма. У найбліжэйшыя дні іх будуць шукаць. Таму наш пратэст можа быць яшчэ больш неабходным, чым раней. Заўтра будзем дзейнічаць, як дамовіліся», – паведаміў BNS 29 лютага ўвечары арганізатар акцыі пратэсту на мяжы з Літвой Караль Пячынскі.

Фермеры накіроўваюць цяжкавікі на асобную паласу, а частку з іх – на адмысловую пляцоўку, дзе іх даглядаюць польскія паліцэйскія, мытная служба, дарожна-транспартная інспекцыя. Мэта правяранняў – вызначыць, колькі расейскага ці ўкраінскага збожжа завозіцца ў Польшчу.

«Польскія фермеры хочуць праверыць, колькі збожжа насамрэч перасякае мяжу і якое яго паходжанне, бо існуе вялікая рызыка, што збожжа трапіць у краіну не толькі з Украіны, але і з Расеі», – сказаў Пячынскі.

Перашкодаў для руху праз акцыю пратэсту пакуль няма. Фермеры маюць намер заставацца на мяжы цягам тыдня і кругласутачна правяраць цяжкавікі.

Літва гатовая прыслухацца да патрабаванняў польскіх фермераў і прадставіць інфармацыю пра транспартаванне ўкраінскага збожжа ў Літву, а таксама праверыць звесткі польскіх установаў і фермераў. Літва будзе дапамагаць польскім уладам пазбегнуць чэргаў на мяжы.

Меркаванні
Пратэсты фермераў хутка не скончацца
2024.02.26 13:44

Польскія фермеры таксама блакуюць памежныя пераходы і аўтамагістралі з Украінай на знак пратэсту супраць, як яны кажуць, несумленнай канкурэнцыі за тавары, якія паступаюць на польскі рынак з разбуранага вайной усходняга суседа.

Пасля ўварвання ва Украіну Расея перакрыла важныя чарнаморскія гандлёвыя шляхі, праз якія ўкраінцы экспартавалі сваю сельскагаспадарчую прадукцыю. Каб эканамічна дапамагчы Кіеву, у 2022 годзе Еўразвяз вырашыў адмяніць мыта на ўкраінскія тавары, якія перавозяцца транзітам па дарогах 27 краінаў ЕЗ. Аднак з-за праблемаў з лагістыкай значная частка экспартаванага збожжа Украіны сканцэнтравалася ў Польшчы, што зніжае цэны для мясцовых вытворцаў.

Напружанасць паміж Польшчай і Украінай расце з-за блакавання межаў. Было прынамсі чатыры выпадкі, калі польскія фермеры выкідвалі ўкраінскае збожжа з цяжкавікоў і таварных цягнікоў.

27 лютага ў Варшаве прайшла адна з самых буйных акцыяў пратэсту фермераў за апошнія гады. Аграрыі пратэстуюць з пачатку лютага ў розных частках Польшчы. Яны не задаволеныя патрабаваннямі «зялёнага» заканадаўства ЕЗ, а таксама пастаўкай прадуктаў з Украіны і скарачэннем рэнтабельнасці сельскай гаспадаркі.

Агляд
Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?
2024.02.22 09:59

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў