Адпетыя махляры і свята выбараў

Тое, што паводле міжнародных стандартаў павінна быць таемным, даўно ў Беларусі зрабілі яўным. Стэрылізацыю выбараў давялі да гэткага стану, што належнае ў такіх выпадках таемнае волевыяўленне стала выразна відаць іх арганізатарам.

выбары ў Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы чытаюць плакаты падчас пікету супраць парламенцкіх і мясцовых выбараў у Менску, Беларусь. 22 верасня 2012 года.
Фота: AP Photo / East News

Улады не абцяжарвалі сябе нават тым, каб закрыць шторкамі кабіны для галасавання. Ну а як яшчэ кантраляваць забарону на фота і відэаздымкі, альбо наўмыснае псаванне бюлетэня? Ды гэта не засмуціла «назіральнікаў».

Справе Ярмошынай жыць у вяках! Але цяперашнія «выбаркамцы» пераплюнулі нават ейныя ініцыятывы.

На 1 сакавіка верны яе вучань – цяперашні старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка – запланаваў душэўны міжсабойчык, які афіцыйна назвалі паседжаннем ЦВК Беларусі. На ім была пастаўленая задача асвяжыць хвалебныя оды сваёй «бездакорнай» для далейшага існавання рэжыму працы і агучыць вынікі «выбараў». Іншымі словамі, зацвердзіць тое, што было зацверджана да іх.

Але запланаванае на раніцу паседжанне раптам перанеслі на 15-ю гадзіну. Аказваецца, трэба спачатку дакласці наверх. Усе «трыумфатары» сабраліся дзеля гэтага ў Палацы Рэспублікі. Удача – навідавоку! Чарговыя выбары, дэбютант на такой высокай пасадзе камуніст Карпенка пастэрызаваў яшчэ больш за сваю папярэдніцу. Аўтар нятленнай для тыпажу сучаснай лукашэнкаўскай Беларусі фразы «мы праводзім выбары для сябе, а не для замежжа» цалкам аддаліўся ад нейкіх, хаця б бачных абавязкаў перад вольнымі паводзінамі тых, хто мусіў галасаваць.

Агляд
«Ні сумленныя, ні свабодныя». Як у свеце рэагуюць на «выбары» дэпутатаў у Беларусі
2024.02.26 17:39

Пачалася гэтая кампанія махлярства не сёння і нават не ўчора, а ад самых першых парламенцкіх выбараў у незалежнай Беларусі ў 1995-м, вынікі якіх ужо на наступны год тэрмінова былі адкарэктаваныя агульнанацыянальным рэферэндумам з заменаю Вярхоўнага Савету Нацыянальным сходам.

Фактычна, тады парламенцкая рэспубліка змянілася на прэзідэнцкую. Раз і назаўсёды, пакуль жывы Лукашэнка, усталявалася дыктатура.

Сёлетнія выбары парламенту і мясцовых саветаў аб’ядналі, назваўшы гэта, на падабенства з Расеяй, адзіным днём галасавання. Вядома, не без трох дзён гэтак званага папярэдняга волевыяўлення. У адзін з іх старшыню Карпенку падвезлі да самага ўваходу на выбарчы ўчастак хіба што без мігалак, сустрэлі з кветкамі, і праца закіпела.

Арганізатары падкрэсліваюць, што беларускім выбарам назіральнікі не патрэбныя, але гэта датычыць толькі тых, хто рэпрэзентуе свае краіны «не па-сяброўску» для беларускага рэжыму. А так назіральнікаў было – яблыку няма дзе ўпасці.

Былі зарэгістраваныя ажно 294 міжнародныя прадстаўнікі ад СНД. Але, вядома, запрасіць толькі Азербайджан, Арменію, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Казахстан з Расеяй было не салідна. Хоць іх і назвалі «міжнароднымі назіральнікамі». Пільна трэба было знайсці еўрапейцаў. І хоць на іх спачатку не разлічвалі, узгадалі, што ёсць спадручныя «палітыкі», дэпутаты, грамадскія дзеячы. Іх і шукаць не трэба было. Яны шчыравалі ў Беларусі даўно, усяляк расхвальваючы беларускі рэжым як самы дэмакратычны ў свеце. Падтрымлівалі агрэсію Расеі, прызнавалі «ДНР» і «ЛНР». Самае тое, іншых нам і не патрэбна. Акрэдытавалі нават 23 такіх паслухмяных і не прыдзірлівых іншаземцаў з Еўразвязу і краінаў Азіі (не СНД), якія не ўваходзяць у нейкія салідныя назіральныя місіі ці арганізацыі, а выступаюць выключна як незалежныя эксперты.

Былі там грамадзяне і «самых несяброўскіх» для рэжыму Літвы і Польшчы. Разам 10 краінаў Еўропы, а таксама Лівану і Ірану. І масць пайшла. Нават не правёўшы яшчэ гэтых выбараў, Карпенка адзначыў, што гуляць будуць і далей. Ён нагадаў, што 2024 год – юбілейны для Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая ў якасці сталага дзяржаўнага органу адзначыць сваё 35-годдзе. Таму наперадзе шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і правядзенне Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Якой будзе гэтая «міжнароднасць», не цяжка прадказаць. Але тое не турбуе ўлады. Ёсць на кантролі выбараў грамадзяне іншых краінаў? Ёсць! Дык што вам яшчэ патрэбна?

Ды і сапраўды: «электарат» не хоча ведаць, што разнастайныя выбары ў Беларусі не прызнаюцца еўрапейскай супольнасцю, АБСЕ і сусветным гегемонам дэмакратыі – Злучанымі Штатамі Амерыкі – з 1996 года.

Ну і што, кажа Ігар Карпенка. Мы, маўляў, разбярэмся і без ЗША што нам рабіць і як праводзіць выбары. У нас тут ёсць свае «ацэншчыкі дэмакратычных каштоўнасцяў», высновы якіх лашчаць вуха. Так, місія назіральнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) прызнала мінулыя выбары празрыстымі, пэўнымі і дэмакратычнымі. Прадстаўнік Італіі, імя якога нават не лічаць патрэбным называць, упэўнены, што «ніякіх абмежаванняў у выбары, пра якія гавораць заходнія СМІ, ён не заўважыў. Маўляў, ёсць лібералы, камуністы, іншыя палітычныя «сілы». Свабода выбару – поўная».

Hавiны
«Народ заслугоўвае лепшага». ЗША асудзілі фіктыўныя выбары ў Беларусі
2024.02.25 22:53

Назіральнік з Лівану Аднан Эль-Макдад як высокі цаніцель унутранага жыцця Беларусі падкрэсліў, што назіраў за выбарамі ў розных дзяржавах, але толькі ў Беларусі пабачыў сапраўдную атмасферу свята. І ён не схлусіў.

Калі ў цывілізаваным свеце выбары – гэта не пра буфеты, танцы-пляскі, а падзея выключна дзелавога характару, на якую не трэба заганяць усіх, хто хоча і не хоча браць удзел, то ў Беларусі – гэта свята. Канцэрты, паесці-папіць.

Беларусы, такім чынам, святкуюць загадзя, калі яшчэ не вядома, якім будзе той парламент і тыя дэпутаты, ці можна будзе да іх звярнуцца, ці дапамогуць яны ўмацаваць дом і пабудаваць дарогі. Але за столькі гадоў, яшчэ ад Савецкага Саюзу, чаканне чагосьці новага і сучаснага цалкам атрафіравалася «святочнай атмасферай на выбарах».

Вылізаная да бляску фраза «а што мы можам зрабіць, бо ад нас нічога не залежыць» настолькі трывала засела ў мазгах беларусаў, што ўладам ужо і не трэба іх пужаць і прымушаць прыходзіць на датэрміновае галасаванне альбо ў асноўны дзень.

Заўсёды дзеля яўкі і напояць, і накормяць. За вашыя ж, праўда, грошы. А што нашаму чалавеку яшчэ патрэбна, як калісьці заяўляў Лукашэнка: крыху малачка, крыху мяска.

Адзін мой сябра зноў праз пэўны час пачаў ездзіць у Беларусь у справах бізнесу. Яшчэ гадоў дваццаць таму на маю заўвагу, што людзі ў Беларусі хочуць жыць лепш, ён адказаў рашуча:

«Гэта людзі? Гэта народ? Гэта электарат, якім можна круціць, як заўгодна». Яму (электарату) сапраўды не хочацца ведаць, якую страшэнную турму пабудаваў лукашэнкаўскі рэжым дзеля захавання сваёй улады. Што тысячы людзей катуюць у турмах, збіваюць, забіваюць.

Але ў сённяшніх беларусаў няма адчування небяспекі. У іх – суцэльнае свята міру, спакою, квітнення. Свята выбараў! Толькі што гэта такое насамрэч, яны ўжо і не здолеюць патлумачыць.

Аналітыка
«Застануся назло». Лукашэнка прыдумаў абгрунтаванне, каб не аддаваць улады да смерці
2024.02.26 17:36

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў