Мінабароны Беларусі заявіла аб пачатку самастойнай эксплуатацыі ракетаў «Іскандэр»


Беларускія вайскоўцы пачалі поўную самастойную эксплуатацыю ракетнага комплексу «Іскандэр». Папярэдне яны прайшлі вучобу ў Расеі. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Міністэрства абароны.

Самаходныя пускавыя ўстаноўкі ракетнага комплексу «Іскандэр»
Фота: Міністэрства абароны / Telegram / modmilby

1 лютага Міністэрства абароны РБ паведаміла, што беларускімі вайскоўцамі пачатая «поўная самастойная эксплуатацыя аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр». Баявыя разлікі ўкамплектаваныя «выключна афіцэрамі, прапаршчыкамі і вайскоўцамі, якія праходзяць службу паводле кантрактаў».

Перш як пачаць самастойна эксплуатаваць «Іскандэры», беларускія вайскоўцы навучаліся ў Расеі, пасля курсу тэорыі яны практыкаваліся ўжо на беларускіх палігонах.

«У ракетных войсках не хапала ў лінейцы сродкаў паражэння комплексу, здольнага паражаць цэлі на адлегласці далей за 300 км. Цяпер такі комплекс ёсць. «Іскандэр» – гэта простая эксплуатацыя, надзейнасць, манеўранасць, агнявая магутнасць», – паведаміў начальнік ракетных войскаў і артылерыі ВС РБ Руслан Чэхаў.

Чэхаў адзначыў, што лічыць «Іскандэры» найлепшымі ў свеце ў сваім класе. Гэтая зброя высокадакладная, здольная трапляць у цэлі на адлегласці да 500 кіламетраў. Маса баявой часткі адной ракеты – 500 кг. Апроч таго, беларускі военачальнік сцвярджае, што гэтыя ракеты пакуль што не можа перахопліваць ніводная сістэма СПА.

Мяркуючы з апублікаваных фота- і відэаматэрыялаў, на ўзбраенні УС РБ пастаўленыя комплексы «Іскандэр-М» і «Іскандэр-К». Мадыфікацыя М здольная страляць квазібалістычнымі ракетамі, якія пры палёце падымаюцца на вышыню да 50 км і адтуль наносяць удар у цэль,  мадыфікацыя К – здольная запускаць крылатыя ракеты Р-500, якія ляцяць на звышнізкай траекторыі на вышыні 6–7 метраў з улікам рэльефу мясцовасці. Паводле Чэхава, Беларусь мае і адпаведны запас ракетаў для гэтых комплексаў.

У склад комплексу ўваходзяць самаходная пускавая ўстаноўка, транспартна-зараджальная машына, камандна-штабная машына, машына рэгламенту і тэхнічнага абслугоўвання, пункт падрыхтоўкі інфармацыі і машына жыццезабеспячэння.

У зоне баявых дзеянняў «Іскандэры» здольныя паражаць сістэмы СПА і ПРА, камандныя пункты і вузлы сувязі, самалёты і верталёты на аэрадромах, абʼекты інфраструктуры, зборы войскаў і тэхнікі, іншыя ракетныя комплексы, дывізіённую артылерыю, караблі.

У лістападзе 2021 года, яшчэ да расейскага ўварвання ва Украіну, Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што хоча размясціць некалькі дывізіёнаў расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» на заходнім і паўднёвым кірунках (то бок супраць Польшчы і Украіны).

Кіраўнік Беларусі нават аддаваў распараджэнне распрацаваць такія ж комплексы беларускай вытворчасці, пра што казаў на нарадзе з сілавікамі 10 траўня 2022 года.

Пастаўкі «Іскандэраў» Беларусі паабяцаў у чэрвені 2022 года Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу.

Пасля іншай сустрэчы з Пуціным у снежні 2022 года Лукашэнка заявіў, што Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй комплексы С-400 і «Іскандэры»

Насамрэч ракетныя комплексы «Іскандэр» і С-400 Расея размясціла ў Беларусі яшчэ ўвосень 2022 года. У лістападзе пра гэта распавядалі прадстаўнікі Збройных сілаў Украіны. А анансавалі разгортванне ракетных комплексаў прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі яшчэ 7 кастрычніка. У гэты ж час пра ракетныя комплексы, якія нібыта ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі, распавядаў Барыс Грызлоў, амбасадар РФ у РБ.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў