«Сітуацыя палыхае». Медыкі ды пацыенты распавялі, як у Беларусі выйшаў з-пад кантролю каронавірус


Гэты тыдзень у Беларусі пачаўся з надзвычайных чэргаў людзей у паліклінікі. І дагэтуль сітуацыя не вельмі палепшылася, а захады, на якія ідуць улады, выклікаюць хутчэй пытанні. Разбіраемся ў прычынах і наступствах гэтага.

Городская поликлиника № 8 в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гарадская паліклініка № 8 ў Менску.
Фота: ПБ / Белсат

Сітуацыя лепш не стала

Вялікія чэргі ўзніклі раніцай 31 студзеня ўнутры паліклінік і каля іх у самых розных кутках Беларусі. Іх даводзілася выстойваць з высокай тэмпературай, болямі ў горле ды слабасцю ў цяглавіцах. Працягваюць людзі стаяць і сёння.

Hавiны
З раніцы ў паліклінікі выстраіліся вялікія чэргі, людзі вымушаныя чакаць на вуліцы
2022.01.31 13:01

«У адной паліклініцы ў адзін дзень магло быць і 270 чалавек па стане на 8 раніцы, і 500 чалавек – да сярэдзіны і да канца дня…. Падпісчыкі паведамляюць, што некаторыя з чаргі так і не змаглі да 9-й вечара патрапіць на прыём да лекара, праседзеўшы ў чаканні некалькі гадзін», – пішуць «Белыя халаты» ўжо 1 лютага.

Вельмі цяжка выклікаць лекараў і на дом. Вось што распавяла «Белсату» гамяльчанка, якая намагалася выклікаць доктара на дом:

«Пазваніла ў рэгістратуру запісацца, каб да мяне прыйшлі, бо пачаўся кашаль і млявасць. Мне сказалі, што ў чарзе на выклік я сотая і што запісацца ў чаргу можна, але невядома, ці доктар да мяне прыйдзе. Усё ж дачакалася. Доктар сказала, што сітуацыя цяпер цяжкая, людзей шмат, а пагаршаецца ад таго, што людзі не носяць маскі. У 8 паліклініцы, куды хаджу на працэдуры, большасць сапраўды без масак. Хацела пайсці на тэст, але ў рэгістратуры папярэдзілі, што робяць тэсты толькі ў чырвонай зоне, а там цяпер толькі два дактары прымаюць, а чэргі на гадзіны».

Hавiны
Пятая хваля каронавіруса ў Горадні: масавыя захворванні на прадпрыемствах і чэргі ў паліклініках
2022.01.31 14:43

Рэзкі рост колькасці хваробы фіксуецца не толькі ў паліклініках, але і на прадпрыемствах, у садках і школах. Дзесьці хварэюць па 20% працоўных або вучняў, а дзесьці – і больш за палову.

Мінздароўя на сваёй хвалі

Але, паводле афіцыйных звестак, колькасць новых выпадкаў COVID-19 у Беларусі не такая і вялікая. Пасля некалькіх дзён рэкордаў яна зноў апусцілася ніжэй за сімвалічныя 2 тысячы. Але ж і ранейшыя «рэкорды» былі істотна меншымі за лічбы ў суседніх краінах. Дарэчы, афіцыйнай статыстыцы адносна каронавіруса ў Беларусі ўжо даўно не давяраюць.

Hавiны
Часам не да статыстыкі. Навошта ўлады Беларусі ўсё часцей хаваюць дадзеныя і ці можна ім давяраць
2022.01.14 17:32

Агулам у Мінздароўя з’яўленне чэргаў патлумачылі тым, што людзі проста «не пайшлі да лекара ў выходныя дні».

«У бліжэйшы час усе пытанні па лагістыцы работы амбулаторна-паліклінічнага звяна будуць вырашаны», – распавяла першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова.

Аб’ектыў
Мінздароўя прызнала рост інфекцыі, але не чэргі ў паліклініках
2022.01.31 22:45

Тым часам, нават паводле афіцыйных звестак, за 31 студзеня лекары ў розных паліклініках Менску прынялі ад 400 да 450 першасных пацыентаў. Акрамя таго, для агляду хворых пацыентаў удома, у Менску працавалі 217 кантактных брыгад. За мінулы тыдзень колькасць брыгад была павялічана на 88. Нагрузка на адну брыгаду склала, у сярэднім 40-45 пацыентаў. Падобная сітуацыя і па ўсёй краіне. Напрыклад, у адным з гарадоў Магілёўшчыны, як паведамляюць «Белсату», толькі ў адной паліклініцы за чатыры гадзіны працы 31 студзеня зрабілі каля 300 мазкоў на каронавірус.

Што прапануюць?

Адзін з афіцыйных варыянтаў выхаду з сітуацыі – не рабіць ПЛР-тэсты. У той жа дзень, калі рэзка выраслі чэргі, Міністэрства аховы здароўя дазволіла лекарам ставіць дыягназ «інфекцыя COVID-19» без правядзення абавязковага ПЛР-тэставання або антыген-тэставання на амбулаторным этапе. Каб паставіць дыягназ цяпер дастаткова клінічных або рэнтген-тамаграфічных звестак. Выключэнні – выпадкі, калі патрабуецца шпіталізацыя пацыента.

«Гэтая норма прынятая ў мэтах зніжэння рызыкі заражэння вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку інфекцыяй COVID-19, пры наведванні амбулаторна-паліклінічных арганізацыяў», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Hавiны
Медыкам дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без тэставання
2022.02.01 10:49

Таксама ведамства нагадвае, што ў Беларусі «дзейнічае норма аб праве наймальніка вызваляць работніка ад працы ў сувязі з яго хваравітым станам» на тры дні. На думку прадстаўнікоў міністэрства, «гэтая норма запатрабаваная працаўнікамі, якія разумеюць, што іх хваравіты стан, хутчэй за ўсё, не запатрабуе доўгага лячэння, і знойдуць падтрымку ў свайго наймальніка».

Масачны рэжым не вернуць

А вось узмацняць масачны рэжым улады не збіраюцца. Нагадаем, што ён пратрымаўся ў краіне ўсяго 13 дзён і быў адменены пасля крытыкі Лукашэнкам каранцінных захадаў.

«Узмацніць жорсткасць як? Прымушаць? Саджаць? Пугай біць, розгамі? Разумныя людзі ў стане самі зразумець, што трэба насіць маскі. А тым, каму на ўсё напляваць, мы нічога не зробім», – прыводзіць афіцыйны тэлеграм-канал Мінздароўя словы Юрыя Горбіча, загадчыка кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцыяў БелМАПА.

Hавiны
«Менсктранс» патлумачыў, чаму зніклі налепкі аб масачным рэжыме
2021.10.26 20:31

Больш за тое, чыняцца захады, якія наўпрост спрыяюць распаўсюду каронавіруса. Гэтак, тэатр оперы і балету з лютага адмяніў антыкавіднае рассаджванне гледачоў, хоць яшчэ ў студзені яно было «шахматным». А школы працягваюць звозіць дзяцей на масавыя акцыі.

Між тым «Наша Ніва» прыводзіць прыклады таго, да чаго прыводзіць такі падыход. Паводле звестак выдання, на працу пачынаюць не выходзіць чыноўнікі і сілавікі, што ўдзельнічалі ў пасланні Лукашэнкі 28 студзеня. Нагадаем, што там у масках было вельмі мала асобаў.

Звольненых замяняюць студэнтамі

Пры гэтым, нягледзячы на пандэмію каронавіруса, улады працягваюць звальняць нелаяльных медыкаў ды зачыняць прыватныя медцэнтры. У выніку, паводле звестак Дзяржаўнай службы занятасці, у Беларусі на сёння больш за 11 тысяч вакансіяў.

Hавiны
Уладам зноў не спадабаліся лекары? У Менску спынілі працу больш як 20 стаматалогіяў
2022.01.27 11:31

На фоне недахопу лекараў улады ўсё больш актыўна прыцягваюць да працы валанцёрамі ў паліклінікі навучэнцаў медычных ВНУ і каледжаў.

«Да 2 лютага ў каледжах вакацыі, але навучэнцаў абтэлефаноўвалі загадчыкі аддзяленняў і прасілі выйсці для дапамогі ва УАЗ. З двух каледжаў пакуль знайшлі каля 100 чалавек, бо вакацыі і шмат хто з’ехаў дамоў. А вось з 2 лютага на цэлы месяц ужо адпраўляюць канкрэтна з навучальнага працэсу. Камітэт аховы здароўя накіраваў спіс патрэбнасці ва УАЗ у людзях у каледжы, на падставе чаго і шукалі людзей. Прыкладна з кожнага каледжа будзе даслана па 200 чалавек. Валанцёрыць яны будуць прыкладна месяц, у залежнасці ад эпідсітуацыі», – распавядаюць «Белсату» чытачы.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Больш за тое, студэнты шостых курсаў медуніверсітэтаў, прыцягнутыя да аказання меддапамогі, цяпер могуць самі афармляць пацыентам бальнічныя.

Але застаецца адкрытым пытанне, «хто будзе несці адказнасць за бальнічны ліст у выпадку парушэння правілаў яго выдачы», бо студэнты «не маюць дэ-юрэ паўнамоцтваў выдаваць гэты дакумент», адзначаюць «Белыя халаты».

Таксама з прычыны росту захворванняў міністэрства з 1 лютага прыпыніла да асобнага распараджэння ўсе адукацыйныя мерапрыемствы – курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, навукова-практычныя канферэнцыі, якія праводзяцца ў мэтах удасканалення прафесійных ведаў медработнікаў.

«У кожнай сям’і дзесьці хтосьці хварэе»

Сумняваецца ў афіцыйнай інфармацыі ад Мінздароўя і былы галоўны санітарны лекар Менску і Менскага раёну Іван Вайтовіч. Паводле яго, калі падзяліць штодзённыя лічбы захворванняў на раёны Беларусі, то атрымаецца 10-15 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі на кожны. На яго думку, «гэта неяк падаецца дзіўным» у параўнанні з сітуацыяй ва ўсім свеце і краінах-суседках.

«Сітуацыя выглядае іншай», – заявіў Вайтовіч у эфіры «Студыі «Белсат».

Паводле Івана Вайтовіча, мабілізацыя студэнтаў і скасаванне курсаў павышэння кваліфікацыі кажуць пра тое, што сітуацыя – «з шэрагу прэч».

«Але мы бачым па статыстыцы, што сітуацыя звычайная», – падкрэсліў ён, адзначыўшы важнасць статыстыкі для прафілактычных захадаў.

Аптеки в Минске, аптека бережливых
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

На думку Вайтовіча, медыкі пакуль спраўляюцца з задачай, але «напружанне каласальнае». Ён адзначыў, што адсутнасць прафілактыкі, высмейванне масачнага рэжыму прыводзяць да таго, што людзі яго не выконваюць. Больш за тое, міліцыя больш не правярае тых, хто абавязаны быць на самаізаляцыі ў сувязі з хваробай.

«Мяркуючы па ўсім, у Беларусі зараз эпідпрацэс выйшаў з-пад кантролю. Зараз у кожнай сям’і дзесьці хтосьці хварэе, у тым ліку на COVID. Сітуацыя палыхае», – падкрэсліў Іван Вайтовіч.

На яго думку, варта чым хутчэй пашыраць сацыяльнае дыстанцыяванне, уводзіць аддаленую адукацыю, «каб расцягнуць эпідэміялагічны працэс у часе, каб медыкі маглі паспець аказаць усім дапамогу». Але пакуль улады нават не намякаюць на такую магчымасць.

Здымак вокладкі: ПБ / Белсат

МГ belsat.eu

Стужка навінаў