Жыхары Слуцку ставяць подпісы за помнік героям-паўстанцам


Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Рух «За свабоду» распачаў збор подпісаў за ўсталяванне помніку ў Слуцку паўстанцам Слуцкага збройнага чыну.

«Гэта толькі пачатак нашай кампаніі, мы працягваем яе. Яна вядзецца праз збор подпісаў онлайн і офлайн. Мы будзем яе працягваць і праз ціск на ўлады, і праз звароты да дэпутатаў. Потым мы плануем звярнуцца да грамадскасці, каб прафінансаваць усталяванне помніка. Мы ведаем, дзе яго паставім. У кожным разе, помнік адназначна будзе», – кажа Алесь Лагвінец з руху «За свабоду».

У якасці месца для ўсталявання помніку слуцкім паўстанцам аўтары звароту ў мясцовы райвыканкам прапаноўваюць пляцоўку насупраць мясцовага краязнаўчага музею на вуліцы Леніна. У сваю чаргу пад адпаведнаю онлайн-петыцыяй на сайце Zvarot.by падпісалася ўжо больш за 200 асобаў.

«Збольшага ўсе случчакі ставяць свае подпісы, таму што разумеюць, што гэта наша агульная слуцкая гісторыя. Канешне, бываюць выпадкі, калі людзі не ведаюць, і я ім распавядаю, і яны таксама ставяць подпісы», – тлумачыць ініцыятар збору подпісаў, прадстаўніца руху «За свабоду» Аліна Нагорная.

Мы запыталіся, як самыя жыхары Слуцку ставяцца да з’яўлення помніку абаронцам беларускай незалежнасці.

«Я за тое, каб у нас быў такі помнік. Я б туды прывёў сваіх дзяцей», – кажа мясцовы жыхар.

Яшчэ адна жыхарка Слуцку адзначае:

«Мусіць быць прыгожы і высокі, каб усе ведалі пра наш горад Слуцк».

Было меркаванне, што «Ленін – таксама частка гісторыі, а таму руйнаваць адно, каб ставіць іншае – бессэнсоўна».

Актыўна ставілі свае подпісы случчакі і за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў – актывісты здолелі сабраць 550 подпісаў пад адпаведнаю ініцыятывай. Аднак слуцкія ўлады праігнаравалі гэткі зварот – у адказе ініцыятарам збору подпісаў прадстаўнікі райвыканкаму паведамілі, што правялі грамадскае абмеркаванне гэтага пытання, падчас якога жыхары вуліцы Камсамольскай нібыта выказаліся супраць перайменавання.

«У нас у горадзе ёсць шмат вуліцаў, якія не маюць ніякіх адносінаў да беларускай гісторыі. У прыватнасці, вуліца Парыжскіх камунараў. Гэта вельмі лёгка гаварыць. А вось вы ведаеце, што ў Парыжы было калісьці паўстанне? А Слуцкае паўстанне не адзначанае. Тым больш, што гэта падзея не толькі для Случчыны, а для ўсёй Беларусі», – заўважае грамадская актывістка Зінаіда Цімошык.

У лістападзе 1920 года на Случчыне распачалося паўстанне, якое назаўжды ўвайшло ў гісторыю Беларусі. Амаль месяц вайсковыя аддзелы, пераважна сфармаваныя з простых сялянаў, баранілі незалежнасць Беларусі ад Чырвонай арміі. Аднак да сённяшняга часу ў Слуцку няма ані вуліцы, ані помніку, якія б нагадвалі беларусам пра гэтую важную старонку нашае агульнае гісторыі.

Глядзіце таксама:

Віталь Бабін, belsat.eu