Аб'ектыў 13.02.2018 Зборная Нямеччыны зноў выйшла на 1-е месца ў агульнакамандавым заліку на Алімпіядзе


АЛІМПІЯДА

Зборная Нямеччыны зноў выйшла на першае месца ў агульнакамандавым заліку на Зімовай алімпіядзе ў Паўночнай Карэі ды мае ў сваім актыве 9 узнагародаў.

Сёння спартоўцы гэтай краіны заваявалі два медалІ ў санным спорце: золата на рахунку Наталі Ґайзэнбэрґер, а срэбра – у ейнай суайчынніцы Даяны Айтбэрґер. Далей размясцілася зборная Нідэрландаў, маючы 10 узнагародаў, аднак у яе толькі 4 золата, а нарвежцы пакуль замыкаюць тройку наймацнейшых. Адзначу, што Нарвегія заваявала пакуль больш за ўсіх медалёў у Пхенчхангу – 11, але найвышэйшай пробы пакуль толькі тры. Што датычыць беларусаў, то ў лыжных гонках Аляксандр Вараб’ёў у спрынце класічным стылем заняў толькі 24-ты радок, у гэтым жа відзе ў жанчын найлепшая Юлія Ціханава – 35-ая.

ГОРНЫЯ ЛЫЖЫ

Тытулаваны аўстрыйскі гарналыжнік Марсэль Гіршэр стаўся пераможцам суперкамбінацыі на Алімпійскіх гульнях у Пхёнгчхангу. Срэбная ўзнагарода тут дасталася французу Алексісу Пэнцюро, а бронза – у ягонага суайчынніка Віктора Мюфа-Жандэ.

Гіршэр паказаў найлепшы вынік па суме дзвюх дысцыплінаў – хуткаснага спуску і слаламу. Для 28-мігадовага спартоўца гэта першае алімпійскае золата, у Сочы ён быў другім у слаламе. Аўстрыец – шасціразовы чэмпіён свету і столькі ж раз ён выгульваў Кубак свету ў агульным заліку, што рэкорднае дасягненне. Прадстаўнік Беларусі ў гэтым відзе праграмы, Юрый Данілачкін, размясціўся на 48-ым радку выніковага пратаколу, аднак у інтэрв’ю заявіў, што гэта амаль самая простая траса ў параўнанні з астатнімі.

ФУТБОЛ

Пасля перапынку доўгачаканая Ліга чэмпіёнаў УЕФА вяртаецца на футбольныя палі Старога Свету. На сённяшні вечар запланаваныя два матчы 1/8-ай фіналу. У Турыне на «Альянц Стадыюме» «Ювэнтус» будзе прымаць англійскі «Тотэнгэм»

У гэтай гульні, хутчэй за ўсё, мы ўбачым выдатную, шматфункцыйную, арганічную атаку «шпораў» і «бетонападобную», дакладную абарону «старой сеньёры». На меркаванне шматлікіх букмекераў у гэтым двубоі больш шанцаў на перамогу ў «Ювэ».

У іншым матчы 1/8-ай на «Санкт-Якаб-Парку» «Базэль» згуляе з яшчэ адною камандаю з Вялікай Брытаніі – «МАнчэстэр Сіці», у якой «гараджане» апрыёры лічацца фаварытамі супрацьстаяння. «Сіці» з 16-ціпунктавым гандыкапам дэ-факта забяспечыў сабе чэмпіёнства ў Англіі, «Базэль» жа саступае лідару швейцарскага чэмпіянату «Янг Бойз» пакуль 5 пунктаў.

 

Фота – Anke Waelischmiller/SVEN SIMON

Глядзі таксама
Каментары