«Белсат, жыві», «Абаронім Белсат» – акцыі падтрымання з менавіта такімі хэштэгамі зʼявіліся ў сацыяльных сетках. Гэтак грамадскасць адрэагавала на пакуль непацверджаную інфармацыю пра моцнае скарачэнне фінансавання нашага тэлеканалу. Якое, паводле кіраўніцтва «Белсату» можа прывесці папросту да ліквідацыі незалежнага беларускамоўнага тэлебачання.
Цягам 9-ці гадоў працуе першы незалежны беларускі тэлеканал. Не ў Беларусі, а менавіта ў Польшчы, бо афіцыйны Менск альтэрнатыўнае думкі з тэлевізійных экранаў не прымае. Цяпер існаванне »Белсату« пад пытаннем»
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую атрымала дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы, Міністэрства замежных справаў Польшчы пастанавіла скараціць фінансаванне «Белсату» на дзве траціны, а сам канал мае перайсці на расейскую мову. На паведамленне імгненна адгукнулася грамадзянская супольнасць Беларусі. На панядзелак у Менску запланавалі канферэнцыю «Абаронім «Белсат».
«Расея нарошчвае сваю прапаганду на заходнім кірунку. І адной з першых мэтаў гэтай прапаганды ёсць Беларусь. Калі ўбіраюць «Белсат» з эфіру, то гэта проста эфект даміно. Беларусам застаецца інтэрнэт, жывая размова, а ў эпоху інфармацыйных тэхналогіяў, гэта ўдар пад дых», – упэўнены Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
«Гэта адзіны дэмакратычны беларускамоўны канал, з якім звязаныя спадзяванні шмат якіх людзей, якія сядзелі ў турмах, змагаліся з тым, каб нейкія парасткі дэмакратыі тут былі», – тлумачыць Уладзімір Някляеў, лідар Руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць».
Агнешка Рамашэўская падкрэслівае, што гадавы бюджэт каналу – гэта сродкі, якія, напрыклад, «Russia Today» выдаткоўвае за 5 дзён. Сваю аўдыторыю канал заваяваў як праз спадарожнік, гэтак і праз інтэрнэт. Самыя рэзанансныя матэрыялы на «Youtube» маюць дзясяткі і сотні тысяч праглядаў. Таму абмежаванне працы беларускамоўнага тэлеканалу, дзе паказваюць рэальныя праблемы і хібы ўладаў, напэўна адпавядала б інтарэсам афіцыйнага Менску.
«Калі яны антыбеларускую прапаганду там вядуць на гэтым канале, то і правільна робяць, што адпаведныя структуры іх не рэгіструюць у Беларусі», – выказваўся Лукашэнка.
Самыя грамадзяне беларускамоўны тэлеканал антыбеларускім не лічаць.
«Яны вяшчаюць за вольную Беларусь, то што ў нашай краіне адбываецца з беларускай мовай, гэта не вельмі добра».
«Прадстаўленне альтэрнатыўнага погляду на рэчы таксама вельмі важна».
«Вельмі добры канал, шмат інфармацыі, на маім тэлефоне «Белорусский партизан» і там шмат спасылак на Белсат – вельмі падабаецца.
– кажуць жыхары Менску.
Пад гэштэгам #белсатжывi карыстальнікі сацыяльных сетак распавядаюць, чым канал важны для іх.
«Навіны зранку… Белсат для мяне зараз – гэта амаль штодзённая сувязь з Беларуссю, жывая беларуская мова (для мяне і Алеся), некалькі разоў на тыдзень мы глядзім онлайн вечаровыя навіны і перадачы на вялікім целіку на сцяне ўсёй сямʼёй».
«Беларусам даводзіцца даказваць, што мы вартыя быць беларусамі. Мець сваю дзяржаву, мець сваю мову. І вось цяпер – што вартыя мець свой, адзіны ў свеце беларускі незалежны тэлеканал».
Для абароны «Белсату» неабыякавыя гатовыя падпісваць петыцыі і нават выходзіць на пікеты.
«Белсат вельмі многа зрабіў, каб у нас было грамадства, якое імкнецца да волі і незалежнасці», – мяркуе палітык Мікола Статкевіч.
Таццяна Рэут, «Белсат»