«Гэта нашая абарона ад расейскай тэлеагрэсіі». Лісты падтрымання «Белсату»


Шэраг беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў выказвалі падтрыманне «Белсату». У чэрвені беларуская інтэлігенцыя падпісала лісты з просьбаю падтрымаць тэлеканал.

Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі, мяркуе, што ліквідацыя «Белсату» і стыпендыяльнай Праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў азначае «знішчэнне і дэмаралізацыю беларускай апазіцыі».

«Сваймі ўнутранымі сіламі мы не дамо рады. Татальнае зачышчэнне, якое ўлады праводзяць сістэматычна, і страх, які пасяліўся ў кожным, замінаюць нам рабіць гэтую працу тут. У хаце. Мы скаваныя. Нам патрэбная дапамога. Калі мы пазбавімся падтрымання цяпер, у будучыні давядзецца пачынаць спачатку. Пачынаць будзем са страчанага часу», – піша пісьменніца.

Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень, які правёў 3 гады ў турме, перадусім звяртае ўвагу на тое, што «Белсат» – інкубатар незалежнай журналістыкі.

«Існаванне тэлеканалу «Белсат» мацуе беларускую грамадзянскую супольнасць, пазбаўляе людзей высокага ўзроўню страху».

Мікола Статкевіч, кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», шматгадовы палітычны вязень, нагадвае ў сваім лісце, як выглядае медыя-прастора Беларусі:

«У тэлевізійнай прасторы Беларусі пануе Расея. Напрыклад, з 8 тэлевізійных эфірных каналаў, якія ўваходзяць у бясплатны для насельніцтва пакет, толькі 3 – беларускія, астатнія – расейскія».

Палітык мяркуе, што праз гэта беларусы прымаюць крамлёўскі пункт гледжання, і менавіта пад уплывам расейскіх медыяў пераважная большасць беларусаў падтрымала анексію Крыму і ўхваляе дзеянні Расеі на Данбасе.

«З кожным годам усе болей беларусаў глядзіць «Белсат» – нашую адзіную абарону ад расейскай тэлевізійнай агрэсіі. «Белсат» ведаюць ва ўсіх кутках Беларусі. Дзякуючы прафесійнай і самаахвярнай працы яго супрацоўнікаў, давер да адзінага беларускага тэлевізійнага каналу расце».

Жанна Літвіна, стваральніца і экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, падкрэслівае ўнікальнасць «Белсату».

«Унікальнасць гэтага праекту – у тым, што яго журналісты без аніводнай журналісцкай акрэдытацыі за ўсе гады працы ўнутры краіны здолелі пабудаваць прафесійны СМІ, які даносіць да беларусаў тую частку інфармацыі, якую замоўчвае або свядома скажае дзяржаўнае тэлебачанне».

Аляксандр Мілінкевіч, старшыня руху «За свабоду», кандыдат на прэзідэнцтва ў 2006 годзе, параўноўвае «Белсат» з такімі медыямі, як радыё «Вольная Еўропа», якое ў часы камунізму было крыніцаю свабоднага слова для палякаў.

«Уплыў «Белсату» расце. Яго глядзяць найбольш у меншых гарадах і вёсках, дзе няма кабельнага тэлебачання. Ён там, дзе патрэба ў праўдзівай вольнай інфармацыі найбольшая… Цяпер у інфармацыйнай прасторы Беларусі дамінуе «русский мир». Без «Белсату» мы канчаткова прайграем Крамлю барацьбу за геапалітычны выбар краіны».

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, у лісце падтрымання піша:

«Для грамадзянаў Беларусі, якія імкнуцца стаць грамадзянамі суверэннай незалежнай краіны і якім перашкаджае гэта зрабіць не толькі цемрашальства ўлады Беларусі, але і ашалелая расейская імперская тэлевізійная прапаганда, «Белсат» – глыток свежага інфармацыйнага паветра».

 

Уладзімір Някляеў, старшыня руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе, зазначае:

«Белсат» – адзіны на ўсю Беларусь тэлевізійны канал, які дае грамадству аб’ектыўную інфармацыю… Апроч таго, ён – адзіны беларускамоўны канал, які фармуе і пашырае не толькі дэмакратычныя погляды, але і нацыянальную свядомасць, што, як паказвае досвед Украіны, ёсць вельмі важным чыннікам у адстойванні дзяржаўнасці і незалежнасці краіны».

Лісты падтрымання скіраваныя ў Міністэрства замежных справаў Польшчы – галоўнага спонсара «Белсату», а таксама да замежных донараў каналу.

belsat.eu

Стужка навінаў