Аб'ектыў 07.01.2017 Праваслаўныя адзначаюць Раство Хрыстова


Уначы ўва ўсіх праваслаўных цэрквах краіны прайшлі святочныя набажэнствы. Праваслаўныя вернікі адзначаюць адное з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Раство Хрыстова.

Паводле Евангелля, Ісус нарадзіўся ў сямʼі Іосіфа і Марыі, якія незадоўга да ягонага нараджэння выправіліся ў Віфлеем. Пакланіцца збаўцу прыйшлі тры вешчуны, якім шлях да Ісуса паказала зорка.

«Сакральны сэнс у тым, што Госпад прыняў аблічча чалавека, каб уратаваць нас ад граху і вечнай смерці. Гэта найвялікшая падзея ў сусветнай гісторыі – бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам», – кажа клірык Свята-Петрапаўлаўскага сабору протаіерэй Георгій Дзьячкоўскі.

Паводле хрысціянскай веры, Ісус прынёс у свет вестку пра нябеснае царства для ўратавання чалавецтва.

Нараджэнне Хрыста 7-га студзеня, паводле юліянскага календара, апроч Расейскай адзначаюць Сербская, Грузінская, Іерусалімская і Польская праваслаўныя цэрквы.

«Гэта найперш агульнае свята, свята абшчыны. Бачыце колькі тут дзяцей, колькі маладых людзей, бо насамрэч гэтае свята абʼядноўвае», – адзначае протаіерэй Георгій Дзьячкоўскі.

У сувязі з надзвычай марозным надворʼем падтрымаць вернікаў прыйшлі валанцёры з Чырвонага Крыжа. Каля кафедральнага сабору Сшэсця Святога Духа разгарнулі перасоўны пункт абагрэву.

«Гэта намёт, цеплапушка, гарачая гарбата, зайсці сагрэцца пасля марозу запрашаем», – кажа Андрэй Багданаў з Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Ад Раства і да Хрышчэння, якое ў праваслаўнай традыцыі адзначаецца 19-га студзеня, працягнуцца святкі, час, калі вернікі святкуюць нараджэнне Хрыста.

Чытайце таксама:

«Мне падымацца а 5-й, але ўдома сядзець не магу». Менчукі ідуць на ўсяночную

• Як варажыць на Каляды: топ-10 спосабаў прадказаць будучыню

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары