Аб'ектыў 30.12.2016 Год надзеяў і расчараванняў. Якім быў 2016-ы


Найважнейшаю падзеяй сёлета ў Беларусі сталася тое, што краіну мінулі розныя нягоды і няшчасці. Гэтак 2016-ты год сёння ацаніў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў, што мае мару налета – гэта сярэдні заробак у Беларусі у памеры $ 500.

«Хто ў гэта не верыць, я шкадую. А тыя хто мусіць гэта зрабіць, але не хоча гэта рабіць, з імі мы развітаемся», – адрэзаў прэзідэнт.

Абяцанні рэзкага павышэння заробкаў у час глыбокага крызісу – чыстай вады папулізм для павышэння асабістага рэйтынгу Лукашэнкі. А ён у чэрвені складаў менш за 30 %. Ці дадалі абяцанні балаў, цяжка праверыць – Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў спыніў сваю працу ў Беларусі пасля атакі ў дзяржаўных медыях. Не спраўдзіць і ўплыў апазіцыі.

«Беларусь як жыла ў палітычным багне, гэтак і надалей у ім застаецца, – лічыць палітолаг Павел Усаў. – Ні грамадства, ні апазіцыі, не зʼяўляюцца актыўнымі гульцамі, і не ўплываюць на палітычныя працэсы ў краіне».

Масавыя звальненні на прадпрыемствах, скарачэнні заробкаў, рост коштаў і, як вынік, – рэзкае збядненне насельніцтва. Аднак акцыі пратэсту не сталі масавымі, і толькі адна катэгорыя беларусаў усё ж паспрабавала бараніць свае інтарэсы.

Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі выступілі супраць указу № 222, які значна ўскладніў працу гандлярам рэчамі лёгкай прамысловасці з замежжа. І хоць істотных саступак ІП не атрымалі, але размаўляць з сабой чыноўнікаў прымусілі.

Улады ўсё ж мусілі пайсці на саступкі і ў палітычнай сферы – у склад Палаты прадстаўнікоў трапілі Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Што праўда, саступкі не апазіцыі ці грамадзянскай супольнасці, а Захаду.

Адмена санкцыяў з боку Еўразвязу, рэгулярныя візіты міністраў і кіраўнікоў у нашую краіну, і дыпламатычныя ваяжы беларускіх прадстаўнікоў на Захад – усё гэта на фоне найбольш працяглага канфлікту паміж Менскам і Масквою.

Перманентная харчовая і газавая войны скончыліся адкрытым дэмаршам Лукашэнкі – непрыездам на падпісанне Мытнага кодэксу ЕАЭС.

«Не зразумела, ці то нелюбімы мною міністр Макей аказаўся дастаткова эфектыўным. Ці то абсалютна мною нелюбімы прэзідэнт Расеі Пуцін нам «дапамог», але ўсё ж такі павялічылі дыстанцыю, а суверэнітэту ў нас стала крыху больш», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута.

Затое ўсё па-ранейшаму са свабодамі: брутальных разгонаў акцыяй і арыштаў апазіцыйных дзеячаў. Але фізічныя рэпрэсіі замянілі на не менш балючыя – фінансавыя.

Цягам 2016-га года грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў суды Беларусі аштрафавалі на агульную суму каля 150-ці тысяч долараў у эквіваленце. Наш калега Кастусь Жукоўскі нават зашыў сабе рот, пратэстуючы такім чынам супраць адсутнасці свабоды слова ў Беларусі.

«На маёй памяці беларускія журналісты зашывалі сабе раты ў 1996 годзе. Таму прабачце калі ласка, але што змянілася з таго часу? Нічога, – заяўляе Аляксандр Фядута. – Я скажу так: у нас краіна якая не змяніцца, пакуль у лядоўні ёсць што з’есці».

Адзін з найбольш станоўчых трэндаў сёлета ў Беларусі – гэта працяг палітыкі так званай »мяккай беларусізацыі«, якую некаторыя аналітыкі называюць толькі фасаднай, без сістэмных зменаў. Але, як кажуць, калі няма рыб, добры і грыб, таму нават віншаванні на роднай мове ад людзей ва ўладзе хочацца разглядаць як прарыў.

Юрый Салодкі

Глядзі таксама
Каментары