Якія змены чакаюць беларусаў з 1 лістапада


Лістапад прынясе беларусам шмат зменаў. Напрыклад, ад заўтра павялічыцца кошт на асобныя маркі цыгарэтаў, вырастуць пенсіі і дапамога на дзяцей, скасуюцца некаторыя льготы пенсіянерам. Ад 1 лістапада ўрад павялічыць бюджэт пражыткавага мінімуму амаль на адзін адсотак. У сярэднім на душу насельніцтва ён складзе амаль 368 рублёў. А для пенсіянера – 273 рублі. Чаму памеру бюджэту пражытковага мінімуму не павялічылі істотна?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сацыяльныя выплаты можна прывязаць да іншых паказнікаў. Напрыклад, да базавай велічыні або да памеру сярэдняй заработнай платы. Аднак гэта не значыць, што дзяржава зможа фінансаваць больш высокія ўзроўні адпаведнай сацыяльнай дапамогі. Бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ёсць дэфіцытным на працягу ўсіх апошніх гадоў. Калі дзяржава паспрабуе падвысіць узровень сацыяльных выплатаў, то гэта прывядзе да яшчэ большых праблемаў з іх фінансаваннем», – тлумачыць эканаміст Алег Мазоль.

Доўгачаканая прыбаўка для пенсіянераў. Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ад лістапада даплата да пенсіяў непрацоўных ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў складзе амаль 69 рублёў. Што тычыцца той жа катэгорыі ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых, то з улікам надбаўкі на догляд (яна складае 46 рублёў) сума дасягне амаль 138 рублёў. Нагадаю, што да 2025 года мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі, складзе 20 гадоў.

«Навошта гэта робіцца, усім зразумела. У Фондзе сацыяльнай абароны недастаткова грошай. У выніку таго, што ў Беларусі захавалася савецкая, размеркавальная пенсійная сістэма, то з улікам дрэннай дэмаграфіі, скарачэння колькасці занятых, у тым ліку міграцыі людзей за мяжу, гэта ўсё прыводзіць да праблемаў напаўняльнасці», – распавяла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Пенсіі крыху павялічаць, але ж аўтаматычна адменяць ільготы на чыгунцы. У першую чаргу пенсіянеры-дачнікі павінныя ведаць, што з надыходам лістапада традыцыйна скасоўваецца 50-адсоткавая зніжка на праезд у электравіках рэгіянальных лініях. Трэба пачакаць да пачатку новага дачнага сезону, ільгота вернецца, пачынаючы з першага траўня 2024 года.

Вырастуць і некаторыя віды дапамогі на дзяцей. Сем’ям пры нараджэнні першага дзіцяці выплацяць 10 бюджэтаў пражыткавага мінімуму, што складзе амаль 3700 рублёў. Пры нараджэнні другога і наступных дзяцей прадугледжваецца выплата памерам 5 150 рублёў.

Затое з 1 лістапада зменшыцца памер дапамогі на пахаванне. Яе велічыню ў Беларусі пераглядаюць штомесяц, і залежыць яна ад велічыні сярэдняга заробку за пазамінулы ад даты смерці месяц. Цяпер дапамога складзе каля тысячы дзевяцісот сарака рублёў. У параўнанні з кастрычнікам яна паменшае на 23 рублі.

Ахвочыя паліць мусяць выдаткаваць у лістападзе больш. Падаражэюць 18 марак цыгарэтаў, якія вырабляюцца кампаніяй «Тытунь-інвест». Некаторыя вырастуць у цане адразу на 30 капеек. Гэта сёлета ўжо пятае павышэнне акцызу на тытунь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Акцызы – гэта грошы, якія ідуць у бюджэт. Акцызы існуюць не на ўсе тавары, а на алкаголь, тытунёвыя вырабы. З дапамогай такіх метадаў можна папоўніць бюджэт і адначасова сказаць, што ў нас кантроль над цэнамі», – распавядае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Лістапад – апошні месяц, калі трэба разлічыцца з падатковай інспекцыяй. Да 15-га лістапада беларусы павінныя заплаціць маёмасныя падаткі: транспартавы і зямельны, а таксама на нерухомасць. Калі вы – ўладальнікі дому, кватэры, гаража, аўтамабіля або зямельнага ўчастку, то да названай даты трэба не забыцца зрабіць адпаведныя плацяжы. Паведамленні для аплаты накіруюць праз пошту або ў асабісты кабінет падаткаплатніка. Калі паведамленне не прыйшло, можна звярнуцца ў падатковую і атрымаць яго копію.

На заканадаўчым узроўні зменяцца кошты на паслугі стаматолагаў. Заўтра набудзе моц пастанова ўраду, якая ўводзіць рэгуляванне тарыфаў на ўсе віды стаматалагічных паслуг: тэрапеўтычных, хірургічных і артадантычных. Паводле Міністэрства аховы здароўя, зроблена гэта дзеля павышэння цэнавай даступнасці платных стаматалагічных паслуг для насельніцтва.

Лістапад – апошні месяц, калі можна набыць даволі танную прадукцыю на адпаведных кірмашах. У сталіцы сельскагаспадарчыя кірмашы пачалі сваю традыцыйную працу ў верасні, а скончыцца такі фармат гандлю ўжо з пачаткам снежня. Часу закупіцца сезоннай агароднінай, садавіной, рыбай, мёдам і іншымі таварамі за прывабны кошт яшчэ хапае.

Павел Алейнікаў, «Белсат»