Генштаб ЗСУ: страты Расеі на вайне перавысілі 300 000 чалавек


Беззваротныя страты Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну дасягнулі 300 810 вайскоўцаў. Толькі за апошнія содні ў «груз 200» ператварыліся 870 чалавек. Звесткамі падзяліліся ў Генштабе ЗСУ. Кіраўніцтва Расеі стратаў на вайне ва Украіне не раскрывае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«300 000 – гэта 0 цэлых і нейкая там частка дзясятага працэнта ад насельніцтва ў 150 мільёнаў расейцаў. Тым больш большасць з іх – гэта ў асноўным кантрактнікі. То бок гэта тыя, якія самі захацелі выконваць гэтыя задачы. Такія тэрарысты і садысты з пазывам такога ўзроўню. Раз самі прыйшлі, то значыць за імі і плакаць і няма каму. Гэта значыць расходны матэрыял, які Расея пакуль не заўважыла абсалютна», – кажа палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Затое Расея павялічыла колькасць свайго насельніцтва за кошт скрадзеных дзяцей. З пачатку поўнамаштабнай вайны з тэрыторыі Украіны вывезлі больш за 700 000 няпоўнагадовых. Пра гэта яшчэ ў канцы ліпеня расказала Марыя ЛьвоваБялова, упаўнаважаная пры Пуціне ў правах дзіцяці. Учора беларускі паралімпіец і кіраўнік праўладнага дабрачыннага фонду Аляксей Талай заявіў, што ў Беларусь з акупавана Данбасу прыехалі яшчэ 40 дзяцей.

«Гэта вельмі страшна і вельмі балюча. Гэта кожны ўкраінец перажывае, як сваю страту. На фронце гінуць нашы дзеці. А нашых унукаў, нашых маленькіх дзяцей яшчэ крадуць гэтыя звяры, прабачце. Будзем казаць прама», – кажа вайсковы эксперт, кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабальных даследаванняў Паўло Лакійчук.

Ёсць кадры, якія знялі байцы 3-й асобнай штурмавой брыгады ў адной з лесапалосаў ля Бахмуту. Бачна, як украінскія пяхотнікі трапляюць пад шчыльны агонь артылерыі ды беспілотнікаў. Камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі паведаміў, што на гэтым кірунку расейскія акупанты перайшлі ад абарончых дзеянняў да наступальных.

Вайсковец Збройных сілаў Украіны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Збройных сілаў Украіны.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

«На поўнач Бахмута ў асноўным кінуты расейскія часткі. Яны спрабуюць адбіць свае пазіцыі. Гэта ў раёне Бярхаўкі. Разумеючы, што калі мы з поўдня падыдзем, а там у нас ёсць станоўчыя дынамікі, мы ўжо стварылі пэўныя плацдармы ў раёне Андрэеўкі і ў Клешчэеўцы. Таму расейцы разумеюць, што калі пачнецца рух з поўдня і яшчэ з поўначы з Бярхоўкі, то з Бахмута давядзецца сыходзіць ім», – кажа Раман Світан.

Пры гэтым, нягледзячы на цяжкую сітуацыю, эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны адзначаюць, што геалакацыйныя звесткі, апублікаваныя ўвечары 30-га кастрычніка, сведчаць, што ўкраінскія сілы змаглі праціснуцца наперад на паўночным усходзе ад Бахмуту.

Самыя ж кровапралітныя баі ідуць у Аўдзееўцы – фактычна, горадзе-спадарожніку акупаванага Данецку.

«Аўдзееўка знаходзіцца ў такім паўмяшку. З трох бакоў надыходзіць супернік. З трох бакоў б’е артылерыя ворага. Крыжаваны агонь такі. З усіх бакоў. Боепрыпасаў расейцы не шкадуюць. Гэта ўсё небяспечна. Вельмі небяспечна», – кажа Паўло Лакійчук.

Расейцы кінулі на Аўдзееўку 8-ю армію. Яна складаецца з двух карпусоў. Акрамя гэтага, тут акупанты рыхтуюцца да так званых мясных штурмаў і трэнуюць падраздзяленні «Штурм-Z» для будучых атак без рыштунку і тэхнікі. Пра гэта заявіў спікер таўрыйскай групоўкі ЗСУ палкоўнік Аляксандр Штупун.

«Натуральна, да гэтага рыхтуюцца нашыя войскі. Туды таксама падцягваюцца дадатковыя сілы, сродкі і боепрыпасы. Асноўны зараз механізм спыніць там расейцаў. Гэта дастатковая колькасць боепрыпасаў для артылерыі. Менавіта арта спыняе часткі, якія рухаюцца. Яны проста як у сцяну агню ўпіраюцца і далей не могуць рухацца», – кажа Раман Світан.

Раман Світан сцвярджае, што тымі сіламі і сродкамі, якія мае ўкраінскі гарнізон паблізу Аўдзееўкі, ЗСУ змогуць спыніць ворага, прычыніўшы яму каласальныя страты.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»