Рух супраціву «Узяў» – фэйк ці рэальнае падполле?


У Беларусі з’явіўся таямнічы рух супраціву «Узяў». Відэаролік з яго меркаванымі ўдзельнікамі трапіў у рэдакцыю розных медыяў, у тым ліку «Белсату». Арганізацыя нібыта вядзе актыўны супраціў рэжыму Лукашэнкі і расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Што гэта – сапраўдны падпольны рух ці правакацыя з боку спецслужбаў? Што вядома пра рух «Узяў»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да журналістаў «Белсату» трапіў ролік, зняты ад імя руху супраціву «Узяў». На відэа – асобы з нацыянальнымі сцягамі і башмак, прыстасаванне для пускання цягнікоў пад адхон. Самая ранняя згадка пра рух, якую мы знайшлі, зʼявілася летась у снежні.

Актывісты руху прадзіравілі бак расейскага вайсковага «КамАЗа» – пісаў тэлеграм-канал «Баста». Навіну перадрукаваў украінскі «Вайсковы курʼер». Назва «Узяў» вынікае з лозунгу «Расейскі акупант, узяў і сышоў!» На ўмовах ананімнасці мы папрасілі асобаў, што выступаюць ад імя руху, распавесці пра яго.

«Асноўная дзейнасць арганізацыі скіраваная на зніжэнне лагістычных магчымасцяў Расеі для перакідвання вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў, запчастак, а таксама асабовага складу з выкарыстаннем беларускай інфраструктуры. Гэта ў тым ліку фіксаванне перамяшчэння такой тэхнікі, вывад яе з ладу, заклікі да адмовы супрацоўнічаць з вайсковым кантынгентам Расеі ў краіне, дыверсіі на чыгунцы ды іншае», – распавялі нам імаверныя прадстаўнікі руху.

Сілавікі ў Віцебску і ў Бабруйскім ды Барысаўскім раёнах сапраўды затрымлівалі беларусаў, якія спрабавалі перашкодзіць руху расейскіх вайсковых грузаў чыгункаю. Ці мае да іх дачыненне «Узяў», невядома. Але, як заявілі нам прадстаўнікі руху, да некаторых яго ўдзельнікаў прыйшлі з ператрусамі.

«Працяг актыўнасці суправаджаўся занадта высокімі рызыкамі, таму было пастаноўлена пайсці ў глыбокае падполле, збіраючы матэрыяльную і рэсурсавую базу, не прыцягваючы лішняй увагі», – кажуць імаверныя актывісты «Узяў».

Аднак рух заяўляе пра наяўнасць сродкаў для працягу актыўнасці. Відэа з чыгункі – папярэджанне вагнэраўцам, напісалі нам імаверныя актывісты. У сваю чаргу маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» мяркуе, што відэа здымалі там, дзе вагнэраўцаў і блізка няма. Доказ – фота з сайту аматараў чыгункі, дзе лакалізацыя пазначаная як Лунінец. Не давярае наваяўленым партызанам і каардынатар плану «Перамога» Аляксандр Азараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цягнік набліжаецца да станцыі. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Ніякай акцыі не паказана. Акрамя таго, што яны гэты “башмак” прыладзілі на рэйкі. На самай справе акцыі так не праводзяцца. Забаронена катэгарычна рабіць відэа- і фотаздымкі ў мэтах бяспекі», – кажа Аляксандр Азараў.

Дый вагнэраўцы чыгункаю дасюль масава не карысталіся. У чым тады пагроза для іх? Няма пераканаўчых доказаў і ў роліку з паліўным бакам: не відаць, што гэта вайсковы цяжкавік. Не пацвярджаюць дыверсійнай дзейнасці і фота, якія прыпісваюцца руху.

«Я думаю, відэа было прапагандысцкім, каб паказаць беларусам у краіне, што тыя, хто хоча пераменаў, – гэта тэрарысты. Бо там паказана, што яны хочуць зрабіць замах на цягнік з грамадзянскім насельніцтвам», – не хавае скепсісу Аляксандр Азараў.

«Мы ніякі не фэйк. Мы працавалі з кіберпартызанамі», – у сваю чаргу распавялі «Белсату» імаверныя прадстаўнікі «Узяў».

Кіберпартызаны супрацу з рухам «Узяў» адмаўляюць, але існаванне групы пацвердзілі.

«Гэта з высокай верагоднасцю – амаль дакладна – людзі, не звязаныя з ГУБАЗіКам і падобнымі структурамі. Гэта сапраўдны рух. Што да дзейнасці гэтага руху, мы таксама не ведаем пакуль што дэталяў. Мы проста пакуль што іх верыфікавалі», – кажа прадстаўніца кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец.

Прадстаўнікі руху «Узяў», аднак, паабяцалі неўзабаве выступіць са зваротам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»