Прэм'ера містычнага дэтэктыву «ЧынЧыны праляцелі зязюляй»


Што рабіць, калі не маеш права голасу? Каманда беларускіх актораў і рэжысёраў, якія ствараюць ютʼюб-канал «ЧынЧынЧэнэл», прэзентуе містычны дэтэктыў «ЧынЧыны праляцелі зязюляй». Гэтым разам палітычная пародыя разгортваецца ў псіхіятрычнай лякарні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Якая па-чартоўску неспакойная ноч – проста валасы стынуць у жылах дыбам!» – «А я вам зараз раскажу, адкуль у Алены Жалудок гэтая немач…»

Гэтак пачынаецца першы кароткаметражны фільм каманды праекту «ЧынЧынЧэнэл». Паглядзець яго бясплатна і без SMS можна ўжо на ютʼюб-канале праекту. Жанр стужкі: драма, камедыя, містыка, дэтэктыў і экшан.

«Наш фільм – ён максімальна пратэсны і, мне здаецца, падбадзёрвае ўсіх тых, хто адчувае, што пратэст нібыта замаўчаў», – каментуе рэжысёр, аўтар сцэнарыю, аператар Андрэй Кашперскі.

Кіно здымалі ў невялікім мястэчку ў Нямеччыне. Лакацыя (замак, які нагадаў творцам псіхіятрычную больніцу) і знойдзены на месцы рэквізіт (белыя халаты і мікрафон) вызначылі сцэнар фільму.

«Вітаю, Алена Жалудок! Ну што, ты будзеш пець для нас?» – «Я не магу, у мяне няма голасу!», – адказвае Алена на прапанову чыноўнікаў.

Страшна смешным чыноўнікам супрацьстаіць выканаўца хіта «Шчучыншчына» Алена Жалудок. Перад ёю стаіць няпростая задача – вярнуць свой голас і збегчы з-пад нагляду.

«Смех – ён знішчае страх. Калі цябе хоча нехта напужаць, калі ты з яго пасмяешся, то чалавек ці істота перастаюць быць такімі страшнымі. Мне асабіста гэта патрэбна як мая рэфлексія на рэчаіснасць і рэфлексія ўсёй нашай каманды на рэчаіснасць», – тлумачыць актор, аўтар сцэнарыю, аўтар музыкі Міхаіл Зуй.

Скрыншот з фільму «ЧынЧыны праляцелі зязюляй». Крыніца: ЧинЧинЧенэл / YouTube

«Ну што, Алена Жалудок, выбірай свой лёс!», – прапануюць Алене чыноўнікі ў фільме.

«У нейкі момант Алена Жалудок спявае сваю песню, якая распавядае яе гісторыю, ведаеце, як у мюзіклах, арыя Алены Жалудок. Гэтая песня завецца “Лядская псіхіятрычная”. І падчас гэтай песні з Аленай Жалудок адбываюцца змены», – кажа Міхаіл Зуй.

А спявае Алена пра наступнае: «У лядскай псіхбольніцы лекары вялі сябе па-варʼяцку, нібыта мы іх уласныя лялькі, нібыта мы іх цацкі, і яны помсцілі ўсім, хто не згаджаўся скарыцца і стаць часткай!»

У хуткім часе на канале «ЧынЧынЧэнэл» зʼявіцца рэжысёрская версія гэтай песні. Там жа прыкладна праз месяц выйдзе роўд-трып «ЧынЧыны на калёсах».

«Гэта серыял у стылі трэвэл-блогу, дзе ЧынЧыны вандруюць па Еўропе, каб паказаць гэтыя стэрэатыпы прапаганды: як там брудна, шмат прастытутак, халодна… І першы выпуск выйдзе зусім хутка – ён завецца “ЧынЧыны бяруць Берлін”», – дзеліцца планамі Андрэй Кашперскі.

Сёлета гледачы «ЧынЧынЧэнэл» змогуць пабачыць яшчэ адзін праект – «ЧынЧыны ў мундзірах», у якім беларускія чыноўнікі надзенуць мундзіры і паедуць на фронт.

Аліна Скрабунова, «Белсат»